| |
* * *
У ста вершах забыў сказаць,
пра што сёння прамовiць бяруся:
для Еўропы я – сцiплы зяць,
горкi пасынак – Беларусi.
Прадзед землi дзiвiў канём, –
ганарыстым, як вецер зорны,
шлюбаваў сталь сякеры з агнём
у старэчым вясковым горне.
Яго iскры – у зрэнках маiх,
а вуголле – у сэрцы iрдзее!
Толькi ж молат стамiўся й зацiх,
а засну – спакушае надзея:
што не зрокся i ўнук зямлi –
узараўшы нябёсы болем,
на чырвоным арле-канi
праiмчуся бялюткiм полем;
што не вечны ў грудзях кашчэй,
што ў нябыт павядуць не першым,
што чарнiла святых начэй
яшчэ хопiць
на дзесяць
вершаў.
* * *
У срэбры снежнага раздолля
прыйшла, нiбыта каляда, –
мая крыклiвая нядоля,
мая маўклiвая бяда.
Я на журбы тваёй парадзе
вандроўнiк вечны й першы госць,
маё чароўнае бязладдзе,
маё суладдзе-прыгажосць.
Мне снiўся голас твой вiтальны
на нiзкiм ложку з крышталю:
– Штоноч падманваючы тайна,
я i кахаю, i люблю...
Каханню нашай ноччу цесна:
мы выснiм ранiцай яшчэ,
як сакавiк са снегу-цеста
калюгаў дранiкi пячэ...
* * *
Прывяжы мяне, любае неба,
ланцугамi далёкiх зор.
На вяршынях спакойных гор
пералетаваць шчасцю трэба.
Падары мне пiвонi карону
ў дыяментах случанскiх рос
i кашулю пашый навырост –
абярэгам хай будзе да скону.
Знай: за паркам, на храмным узвышшы,
даўганогая хвойка мая
на скрыжалях травы-дывана
голкай-пёркам пасланне мне пiша.
* * *
Што жывём мы ў свабодным палоне –
не вiноўны нi раб, нi прарок.
Па-суседску даруй, дзядзька-клёне,
што я пiў твой даверлiвы сок.
Вы прабачце, стаптаныя гонi,
мой няроўны пракос –
як ручнiк.
Выцiраў iм стамлёныя скронi
жнiўны дождж, непакорца-даўжнiк.
Браў у рукi ён хмару-сявеньку,
пазычаў у азёр мех зярнят, –
са старэнькай маланкай-кавенькай
расцiраў мазалi сваiх пят...
Вольны ў свеце адзiн хiба вецер,
ды i той разгубiўся, знямог:
натамiўся, змятаючы смецце,
i аслепнуў – ад бiблiй дарог.
* * *
Вецер б’ецца-лiпне ў соты
вокнаў шматпавярховiка.
Вечар топча сцёртым ботам
светлафора-чырвонагаловiка.
Маладзiк жа па-над пушчай
з нас, лiслiвых, крывiцца, –
як арэхi, зоркi лушчыць
тлуста-жоўтай скiвiцай.
Сыпле знiчкi, бы лушпiнне,
у прыпол да ранiцы –
i знявечанай айчыне
ў вочы пасмiхаецца...
* * *
Па-над хатай маёй –
галубы, як пялёсткi аблокаў,
каля ганку майго –
бы кентаўры, вятры.
Хоць я ў марах завейных i лётаў высока, –
усё роўна малiўся каленям гары.
Я хадзiў па ўспамiнах растрачаных вёснаў,
лабiрынтамi зор наталяў мазалi.
Вязы – як два лёсавы вёслы –
човен хаты маёй па нябёсах вялi.
Знiчкi-рыбы лавiў – плёскат голек пачулi...
На далонях гары зноў збiраў галубоў,
каб у верш, як калiсьцi ва ўзоры кашулi,
мне прыносiлi з нiў васiлькову любоў.
|
|