Аксана Спрынчан

Вершы

 

Аксана Спрынчан  
   
   Iду шляхам жыцця, каб прайсцi праз вернасць. Люблю бываць у Чорным замку Альшанскiм, на бабровых тонях, у краiне райскай птушкi, у горадзе-утопii. Каб чытаць зоры i казкi жыцця, вывучыла азбуку любовi. Бясконца гатовая слухаць дудку беларускую, жалейку, скрыпку беларускую. Хацела б, каб людзi не журылiся, каб ведалi... Мару пабудаваць гняздо для птушкi радасцi. Люблю той стан душы, якi магчыма выразiць толькi як безназоўнае. На Купалле пляту вянок з курганнай кветкi i пускаю ў Ясельду. Слухаю крокi па старых лесвiцах, крокi сэрца. Адзначаю свята пчалы, свята ў будзень. Ведаю – ёсць на свеце мой алень. Гэта пра мяне – сена на асфальце, дзень вечаровы, нагбом, назаўжды, трывожнае шчасце, незалежнасць.
   З усiх земляў мая – новая зямля, мае людзi – людзi на балоце. Нарадзiлася i застануся – тут.
 
         
   


* * *

А нехта ж жыў
у залатым стагоддзi
для мовы нашае...
А мы з табой цi за свае правiны
цi за чужыя
папалi ў iншыя.
А мы з табой ужо прайшлi
памiж стагоддзяў,
i трэцяга не дадзена
I ўсё, што скажам мы на роднай мове,
пакiнем гэтым.
А нехта ж дойдзе
па дарозе са словаў нашых
(калi, канешне, яна не будзе
занадта вузкай)
у золата стагоддзяў.


* * *

Рагнеда за тысячу год таму
пачуе Слова ад Аксаны
i не захоча рабычыча разуцi.
Гарыцвет будзе заўсёды квiтнець
успамiнам пра волю
для Гарыславы.
Анастасiя замолiць грахi мае,
з болем зiрне вачыма мамы...


Да святла

      Аляксею Яскевiчу
      
Ты прынёс Купалу
чырвоную ружу,
Не на магiлу,
не да помнiка –
паклаў ля яго акна.
«Зваў з путаў на свабоду,
зваў з цемры да святла» –
чуе ружа голас Купалы,
«На свабоду» –
кожным шыпом.
«Да святла» –
кожным пялёсткам.
Твая чырвоная ружа
ля акна Купалы –
да святла.


* * *

Днём вулiц крыжы
перасякаюць мяне.
Ноччу раскрыжоўваю
адзiную вясковую вулiцу.
На згорбленай хаце
па складах чытаю назву –
«Дзя-цiн-ства».


* * *

Чорным квадратам Малевiча
гараць дзевяць цёмных вокнаў
сярод цьмянага святла астатнiх.
А хто там жыве?


* * *

Натуршчыца –
парабчанка i муза,
скутая мастацтва путамi,
узвышаная яго вечнасцю.


* * *

Вецер шалее ў маiх валасах,
i я ўжо не-я, а Мядуза Гаргона.
Людзi не глядзяць на мяне,
разбягаюцца па хатах
(вiдаць, чыталi
мiфы старажытнай Грэцыi).
Нiхто не хоча ўбачыць
нараджэнне Пегаса –
адсекчы мне галаву.
Можа, вось гэты?..
Ды не...
Адным валуном
стала болей
на Беларусi.


* * *

Чаму ўсе кажуць,
што ў мяне няма слыху?
Я ж чую, як дзiвосна
спяваюць жабы.
Не мне ж не хапае слыху
пачуць прыгажосць.


* * *

Вецер разносiць
крокi мае,
сiвыя,
як дзьмухаўцы...
Нехта пачуе iх, калi
вернуцца стагоддзi
з вайны.


* * *

Шукаю тое,
што яшчэ згублю.
I нехта мне
ўвесь час дапамагае.
губляць...


33-i тралейбус

На замерзлым шкле
пакiнула сваю далонь –
як след у стагоддзях,
як прывiтанне iм.
Хлопчык маленькi сказаў:
«Мама, я таксама хачу
зрабiць так,
каб было ўсё вiдаць».
I пачуў у адказ:
«Ты ж у мяне разумны,
гэтая цёця
абавязкова захварэе».


* * *

I ворагу не пажадаю:
ашукацца ў пошуках сябе,
дачакацца чакання смерцi,
атрымаць неўмiручасць.


* * *

Успрымаць жыццё па-фiласофску –
адзiная магчымасць яго ўспрымаць,
прымаць не зусiм прамым,
зусiм не прамым
(з усiм...).


* * *

Каханне ў глыбiнях сяброўства
як жамчужына
ў глыбiнях
ракавiны,
мора,
чыёйсьцi мары.


* * *

Ты прыходзiш,
як ЛiМ,
па пятнiцах.
Адчуваю
крокi слоў у Вечнасць
i смеласць,
з якою адчыняеш дзверы:
– Мой дзень!
I мой...
I я чытаю твае думкi,
i залiсваю фiялетавыя лiтары
на фотаздымку ў ЛiМе
(прабач, белапенны лебедзь
вачыма Васiля Дранько).
У адным з красавiкоў
iх надрукуюць у газеце,
i ты здзiвiшся,
як проста ўсё супала
ў маiм натхненнi –
ЛiМ, пятнiца i ты...
I яшчэ белыя крылы...
I мара, што аднойчы завiтала –
разгортваць ЛiМ
штодзень.


У парку,
стомленым зiмой...
У парку, стомленым зiмой, перабiраць сухое лiсце пад промнем сонца красавiцкага, у промнях шчырасцi тваёй... Глядзець у розныя бакi i бачыць, як Яно мiльгае вавёркай рыжаю... Яно... Як у Купалы, – Безназоўнае. У парку, стомленым зiмой, дзе не куе гады зязюля, выстуквае раман нам дзяцел, чырвона-чорны, Яго падслухвае Стэндаль. Страсць абуджаецца ў прыродзе... У парку, стомленым зiмой, гуляе красавiцкi сон. * * * Шэрай зязюляй накуваю табе гадоў. Жаўруком заспяваю – убачыш неба. Ластаўкай буду лятаць над зямлей папярэджваць няшчасцi. Мудрай савою пакажу празрыстыя днi начэй. Чырвонай грудкай гiля на снезе белым нагадаю пра мiнулае i будучыню Радзiмы. Белым буслом i чорным падзялю жыццё на палосы. Толькi птушкаю шчасця стаць для цябе не змагу. * * * Калi я ападу ў знямозе на шэры снег тваёй тугi, не пераблытай – не сняжынка – я бежанка крывавай бiтвы, адкуль вядзе свае гады мой горад вечна малады, бо вечна ён пасляваенны... Так, ты – не вой, i, зразумела, не пераносiш чырвань снегу. Заплюшчы вочы... Я растану, як толькi памяць адпачне на берагах тае Нямiгi, дзе кроў нiхто шчэ не лiе. * * * Дзеду i бацьку Упасцi з неба ў iншыя нябёсы так проста, калi глядзiць паэт паэту ў вочы Упасцi з неба ў iншыя нябёсы так проста, калi ты пад аховай нябёсаў роду.
 
         
         
         
    Гасцеўню наведалi:    
    Алесь Пашкевiч    
    Вершы. З новай кнiгi «Скiнiя»    
    Генадзь Пашкоў    
    Вершы    
    Лявон Вашко    
    Абы цiха. Апавяданне    
Алесь Масарэнка
Вершы
Адзiнокi. Прыпавесць