| |
|
* * *
Любовi тваёй аблачына
сэрца маё залучыла –
i панесла з сабой,
мне пакiнуўшы боль.
I калi аблачыне не выплысцi
ў акiян усявышняй шчырасцi,
ты не вельмi з таго журыся –
ветрам сiберным абярнiся
дый шугнi ў вочы мне зiмой,
зледзянi жар душы маёй...
I пачуццяў з’iмжэлая золь
умярцвiць мой вар’яцкi боль.
* * *
Ты была не мне наканаваная,
i грахоў маiх не зведала палон:
незямная, шчырая, жаданая –
уцякла з майго бяздум’я дзён.
Страцiў я цябе, нецалаваную,
i наўрад цi нам сустрэцца зноў...
Ад грахоў маiх адмежаваная,
ты жывеш сярод сваiх грахоў.
Нам з табой не пасмiхнецца шчасце
i расстанне сэрцы не затне.
Лёсы нашы не злучыць, не скласцi –
мы, як шыбiны у выбiтым акне.
* * *
Ходзiць сонца прамень па хаце,
дагарае ў пячы агонь...
Снедаць клiкае мяне мацi,
рупна кiдае: – Не варонь,
во, зжаўнi чаго, ды ў кантору
як бы так сабе заглянi...
Змарнаваў цябе шалы горад –
цяпер з намi тут пажывi.
Гэта мне яна кажа такое –
мне, каго адпусцiла зямля?!.
Я не проста слыву iзгоем –
адшчапенец народны я.
Мне да фенi – зямеля-фермер,
i да лямпачкi – бiзнесмен.
Я парваў на пустое нервы,
я – ахвяра крутых перамен.
Не гультай-абiбок, не распуста –
постсавецкай эпохi гусь.
У душы маёй – чыста i пуста...
Не крычу я: «Жыве Беларусь!»
Я – нiякi. I я – нiчыйны.
У мяне радзiмы няма.
Я – нуклiд радыяцыйны,
i ў душы маёй – стынь-зiма.
* * *
Нiколi ўжо не вярнуцца
таму, што раней было –
юначых гадоў шалапуцтва
высока ў аблокi сплыло
i знiкла за даляглядам,
i я ўжо не той цяпер –
на змену ружовым бравадам
чырвоны прыйшоў недавер:
не веру нi д’яблу, нi чорту,
нi ў партыi Ка ды Бэ,
нi ў ленiнскую кагорту,
з назоваю КДБ.
Над апраметнаю кручай
саб’юць не мой зоркалёт...
Душы сваёй неўмiручай
бачу натхнёны палёт!
СОН
Бог, здаецца,
даў мне ўсё,
i – не даў нiчога...
У мяне ў руках
кассё,
а каса – у Бога.
Крылаў Бог
пашкадаваў,
але – даў мне мары,
каб у думках
я лятаў
за чорныя хмары...
Ён
i ворагаў мне даў –
хiтрых крывасмокаў.
У палон да iх
загнаў –
не мiргнуў i вокам.
Даў упэўненасць
i гнеў,
ды пазбавiў сiлы...
Я пятлю
на шыi меў –
ёй мяне душылi.
А як выслiзнуў
з пятлi –
Бог прыплюснуў вока:
– Стой абенаж
на зямлi...
До спаць, лежабока!
Я прачнуўся –
i ўключыў
радыёпрыёмнiк.
I пачуў,
што масквiчы,
бэсцяць Карлаў помнiк.
А пасля пачуў,
што я –
насамрэч свабодны...
Байкай кормяць
салаўя,
калi той галодны.
* * *
Боль...
Хаваю боль...
Хаваю боль свой...
Хаваю боль свой у сабе,
як у дарог бясконцасць – думкi...
Нам сталi скрухай пацалункi –
мы развiталiся ў журбе...
Хаваю боль свой...
Хаваю боль...
Боль...
* * *
Манкурты... Кругом манкурты,
прадажнай брацii брудзь;
сумлення свайго банкруты,
бяспамяцтва – каламуць.
Нiкому нiхто нiчога –
пустой душы каментар...
Манкуртаў не судзяць строга –
манкуртам плююць у твар.
* * *
Стамлёныя гады –
плывуць у часу вечнасць...
I мы брыдзем бяспечна
ў святое нiкуды.
Запознены адчай
за намi следам крочыць...
I не ўцячы, не збочыць
у прамiнулы рай.
* * *
Пачуццяў плынь – адданасцi выток,
душы невычарпальная крынiца.
Маё сягоння шыецца знарок
у тваю ноч, каб заўтрам абудзiцца.
Няма мiж нас акрэсленай мяжы,
не iснуе мiж намi перашкоды...
Нас паслязаўтра выбавiць з iлжы
i паяднае праўдай назаўсёды.
* * *
А нам –
не жыць душа ў душу:
нас блiзкасць адчуджае.
I я па-чорнаму грашу –
каханне дагарае,
i дым яго – святы падман...
I ты,
ужо чужая,
плывеш хмурынкаю
ў туман,
што поплаў акрывае.
* * *
Узараў я лёсу поле
i засеяў камянямi...
А дзе воля – там i доля
гнеўна звонiць кайданамi.
А дзе радасць – вецер свiшча
i ваўкi снуюць гайнямi.
А дзе шчасце – там кладзiшча
спелiць вечнасць пад крыжамi.
* * *
У.Н.
Цячэ ракой жыццё зямное,
у бераг хваляй iмпарт плешча.
Мне падабаецца чужое,
а дорага – сваё, канешне.
Каб лёсу шлях пераiначыць –
радзiмы кут трэба пакiнуць?..
Ды лепш сканаць тут у нястачы,
чым за мяжой духоўна згiнуць.
Тут i няўежна-алкагольна,
i моташна-радыяцыйна...
Затое думаецца вольна
i марыцца безнастальгiйна.
* * *
Правалы памяцi –
хвароба вырачэнцаў:
як нi круцi –
усё сыдзе на клiн.
Людзей – сланечнiкаў-паварачэнцаў –
зашмат,
i сонца не хапае iм.
Правалы памяцi
не лечуць эскулапы –
да вырачэнца ведзьмака вядуць,
i той вяртае небараку лапы,
каб браць не мог,
i – хвост,
каб мог вiльнуць.
* * *
Сваю адзiноту змяшаў я
з паветрам спякотнага лета.
I ў квеценi разнатраўя
выспелiў мару паэта.
Няўдачу i скруху завабiў
спяваць мне бадзёрыя маршы.
Мужчынскую рыфму абабiў,
з жаночаю павянчаўшы.
Радкоў завiрушная замяць –
бяссоння майго спадкаемца –
урэжацца некаму ў памяць
i кветкаю ляжа на сэрца.
* * *
Душа парожняй не бывае –
у ёй жыве захоўны ген,
якi пражытае складае
ў скарбонку жыццяперамен.
Душа чаруе i натхняе –
у ёй зiхцiць духоўны ген,
якi ўсё добрае зважае,
а злому дакляруе тлен.
Душа – адвечна маладая,
царуе ў ёй любовi ген,
якi нiдзе не прападае,
i не здаецца на абмен.
* * *
Вера i надзея – як блiзняткi,
пырхаюць па ўлоннi праўды-маткi.
Iм у адзiноце не жывецца –
без надзеi праўда не даецца,
а без веры – праўда безнадзейна...
А без праўды – жытка лiхадзейна.
* * *
Нiне
Вокны паразумення
без шкла...
Ты ў маё трызненне
ўвайшла.
Веi – чароўных мрояў
парыў –
здзеялi са мной тое,
што ўснiў...
Вусны, бы дзве ракi –
у адной.
Сэрцы – два жаўрукi
над зямлёй.
* * *
Чараўнiца, я мроi свае
не ўжывiў у капрызы твае.
I застаўся, як быў, сам сабой
i не трызнiў нiколi табой.
Непарушная велiч мяжы,
да якое бяжы не бяжы –
ад сябе анiяк не ўцячэш...
На мяжы запаветнай памрэш.
Амываючы рэк берагi,
слёзна плачуць лiхiя снягi –
iм чароўныя мрояцца сны
ў акiяне цяжарнай вясны.
* * *
У агнявiцы вачэй тваiх
палымнеюць двое...
А каго ты кахаеш з iх –
у сакрэце тое.
Падуладная гнёту дзён,
ты – клоун на дроце...
Упадзеш – то i я, i ён
згiнем у самоце.
ТЫДЗЕНЬ
Стаў такi ўжо ён парваны,
тыдзень мой, – аж проста жах!
Не пiшу – сяджу ўзлаваны,
быццам на сямi нажах...
Ён увесь непрадказальны –
вычварае абы-што:
панядзелак – птушкай шальнай
залятае мне ў акно;
а аўторак – пахвiлiнна
ўсё хапаецца за плот,
нiбы корак з бутлi вiннай,
цягне ён каторы год;
серада – крутой паненкай
увалiлася ў пакой
i вiхруе полькай-енькай,
ды ўсё брыкае нагой;
а чацвер – падумаць хто б мог! –
не чытае вершы – рве...
З пятнiцай – усё-ткi ёсць Бог! –
супакоiў я чацвер.
Ад суботы шмат залежыць –
я i ў ценю, i ў святле...
У нядзелю верш кунежыць
буду ў лесе пры цяпле!
* * *
У тваiх словах –
рэўнасць i пяшчота.
У тваiм позiрку –
самоты цiшыня.
Дваякасцi душы
тваёй згрызота –
маёй душы
зацятай дабрыня.
Гартаю свайго
дзённiка старонкi –
круты вiхор
пажоўклага лiсця...
I голас твой,
як прочырк рыскi тонкай,
закрэслiвае
сэнс майго жыцця.
ПАВЕЎНА
Павеўна – найпрывабная жанчына.
Яна з iм побач, нiбы жонка, крочыць.
Знямела сэрца... I з яе вачыма
гуляць усчалi шала яго вочы.
Нiчога дзiўнага – усё тут зразумела:
яна – багiня, ён – абраннiк ейны...
Спынiлiся. I ён спытаў нясмела:
– Вы, часам, не сама Павеўна?
– Я – Павеўна?.. Хто ж яна такая?
– Багiня чараў, што не знае стомы...
– А вы цi не жыхар зямнога раю?
– Я – Анатоль... Паэт усiм вядомы.
– Дык што вам ад мяне, паэце, трэба?
– Я вашаю красою паланёны...
– З красы не п’юць расы... Ды бачыць неба –
мяне сам Бог справадзiў у гулёны.
– Як разумець мне вашу шчырасць гэту?
– А так... Купiце на ўсю ноч мяне вы...
– Ды што вы, што вы!.. Беднаму паэту
лепш скачанець ад вiннае залевы,
чымся красу, падобную на вашу,
не пакахаўшы, гвалтаваць за плату.
– Ну што ж, вы самi заварылi кашу...
Хадземце, Толя, да мяне «на хату»! –
Памаўзна пасмiхаецца малодка,
юрлiвы бляск яе вачэй палонiць...
У вiр жыцця абрынулася лодка,
якую за паэта д’ябал гонiць.
ДОМ ПАМЯЦI
Мой дом згiбеў. Але не згiнуў –
падмурак нашых летуценняў
урос, як дуб, усiм карэннем
у цвёрдакаменную глiну.
Цяпла твайго няма даўно тут –
шпалеры збляклi, цвiль на столi...
Ды каб твая на тое воля –
вярнуў бы ўсё ў былую цноту!
Мой дом жыве не без фантазiй –
маснiц шырокiя палосы
ў начы рыпяць, нiбы калёсы,
што век не зналi каламазi.
А што ў iм творыцца з пахмелля,
калi адзiн, за печчу недзе,
ляжу якраз мо па абедзе,
i ў пляшцы анi кроплi зелля!..
Мой дом нiчога мне не кажа –
жуда душу маю руйнуе...
Ён па табе, мой дом, сумуе
i чорнай фарбай сцены мажа.
* * *
Трывожаць думкi перад сном –
бы конi, скачуць табуном.
На раздарожжы – лiха
замашна грозiць трапкачом,
рагоча, круцiцца ваўчком,
а побач з iм – чарцiха...
Вiруе ў сэрцы крыгалом –
паводкi плынь тугiм крылом
з душы яго, мурзiхi,
нiбы шархоткiм памялом,
змывае брудзi даўняй тло...
Не дастае чарцiхi.
I дум яго нямы дакор,
нiбы апоўзень скальны з гор,
узлёг на карак лiху...
Мiгценне мiтуслiвых зор
яго настрою насупор
уз’юрвае чарцiху.
* * *
Яшчэ не спалены масты.
I мне штоночы снiшся ты –
нiбыта да цябе плыву,
як i раней, табой жыву...
I сэнс у гэтым нейкi ёсць:
табе аддаў я маладосць.
Быў твой кароль – любовi рыцар.
Ты з гэтым не магла змiрыцца:
цябе здаволiў бы – як раб,
а стаў – гарыдавец, сатрап...
Нарэшце – твой дамашнi госць.
I сэнс у гэтым нейкi ёсць.
Ды я не згодны ў скрусе жыць –
iду масты нашы палiць:
з табой i госцем мне не ўжыцца...
Душа – бiкфордаў шнур – iскрыцца.
Гараць масты – мая дуросць.
I сэнс у гэтым нейкi ёсць!
* * *
Снiлася: дастаў я з неба зорку,
ды не ведаў, што мне з ёй рабiць.
З зоркай на зямлю не мог ступiць
з каланчы пажарнай на пагорку.
Зорка мне не апякла далоняў,
бо, як лёд, халодная была.
Зблiзу не вiдаць яе святла –
жабка шэрая з балотнiх тоняў.
Адпусцiць я мусiў паланянку –
хай жыве ў халоднай вышынi...
Зыркаю лагодай цiшынi
зорка мне смяялася да ранку.
* * *
Мне твой анёлак быстракрылы
стралой працяць лучае сэрца...
А ты сакочыш: «Любы... Мiлы...
Твая навек – да самай смерцi...»
Струна зумклiвая – каханне.
Душа напятая – ляйчына.
Каскады слоў твайго прызнання –
маёй маўклiвасцi прычына.
Струна парваная – расстанне.
Душа знябытая – апрыкласць...
Тваё зацятае маўчанне –
маёй усцешнасцi нязвыкласць.
* * *
Гусi ў небе крычаць...
Думкi ў вырай ляцяць...
Над сцюдзёнай ракой
стыне сум-непакой.
Што зрабiць я магу,
каб спатолiць тугу?
Дзе халоднай зiмой
мне сустрэцца з табой?
Нашых сэрцаў цяплынь –
вiракрутная плынь –
ператворыцца ў лёд
цi намые нам брод?..
* * *
Адчуванне, як i прызнанне,
праяўляе душы абрыс,
як маё без цябе блуканне,
так i твой да мяне капрыз.
Ад даверу – цяплее ўсмешка,
сэрца б’е вясельна ў званы...
Фотастужку – кахання сцежку –
раздрукуюць шчаслiвыя сны.
* * *
Мы не зважалi на няўдачы –
i холад ложка па начах
сваёй адданасцю сабачай
дрыжаў прытоена ў вачах.
Нас супакойвалi мiжволi
пакута цiхая i гнеў...
I холад ложка ў жырандолi
цярпення нашага скалеў.
ШАБАШНIК
У далёкiм краю навальнiчным,
дзе душу яго крэсляць маланкi,
ён шукае багацця крынiцу...
Ён паверыў у сэнс абяцанкi.
Ад празмерна пажаднай спадзевы
ён пазбыўся i сну, i спакою...
Выйсце з чорна-жыццёвай залевы –
адно ў бездань унiз галавою.
А яму акурат бы вярнуцца
да старое бацькоўскае хаты,
у аратая абярнуцца –
i ён стаў бы нязмерна багаты.
* * *
Ахалодзь мяне, ахалодзь –
мiма грэшнiка не праходзь:
у палонку – на дно душы –
акунуць мяне паспяшы.
Я здранцвею – i той жа мiг
апынуся ў грахах тваiх...
Мы займеем надзейны схоў
у разлiве сваiх грахоў.
* * *
Ты ёсць...
Але цябе няма –
залевай з памяцi сышла.
А можа –
ёсць, як i была:
адно стаiлася зярняткам,
каб даказаць пасля
нашчадкам,
што мной адным
толькi й жыла?..
* * *
Жыццё маё – не чад-атрута,
аднак жа i не водар бэзу.
Пакуль зямельных сервiтутаў
нiдзе сабе я не нарэзаў.
I бровар мой не польскай фiрмы –
звычайны змеявiк з карытам,
ды самагон аж б’е пад фiбры
душы расхрыстана-адкрытай.
Навошта мне тыя Канары?
Не трэба мне i канароткi...
Цi хто забыў, як камунары
iрвалi таўстасумаў глоткi?
Сягоння – камуняк нашчадкi
сядзяць на кучах залатовак,
i камунiзма здань на пяткi
наступiць iм абавязкова.
* * *
Усё, што мне наканавана,
перацярплю, перахварэю...
Удзячны я i сцюж-барэю,
i баргузiну-смерчавею –
iх моцаю мая нiрвана
была як след угартавана.
Жыву спакойна, без аглядкi,
не лезу на ражно рэжыму...
I спачуваю пiлiгрыму,
якi знайшоў i ў нас нажыву:
пячэ бульбяныя аладкi
дый прадае... I анiгадкi.
* * *
Я раб амбiцыi тваёй...
I ўсё таму,
каб стаць пакорцам
i паглядзець, а што з тым сонцам,
якое ў цемрадзi начной
маю кружыла галаву?..
А ты – рукамi цудатворцы –
на залатой танюткай шворцы
мяне трымала над зямлёй.
Спынiць бы гэта заляцанне!..
Ды не апрыклi
пацалункi,
i доўжым мы свае стасункi
ад павiтання – да расстання.
Бадай ужо такi й прывыклi
прымаць сумнiўныя дарункi...
Жыцця нялёгкiя варункi –
вытокi грэшнага кахання.
* * *
I ты нiколi там не будзеш,
дзе я не быў.
I гэтак жа мяне забудзеш,
як я забыў.
I старасць брыдкаю чартоўкай
сустрэне нас.
I нам захочацца iзноўку
ў кахання час.
За рэчкай Проняй, у шыпшыне,
наш першы схоў,
дзе я шаптаў табе, дзяўчыне,
пра цноту сноў,
i ты даверлiва маўчала,
а я гарэў...
Нам сойка нешта ўсё крычала,
i золак млеў.
* * *
Нiтку часу лёс прадзе,
не зважаючы на Бога...
Я пазнаў сябе, старога,
па кудзелi-барадзе.
Нiтку лёсу смерць парве,
i канцоў ужо не звяжаш...
А пра смерць адно i скажаш:
«Бач, у барадзе жыве!»
* * *
З ночы ў ноч
плятуцца грэшныя сны:
я з тваiх воч
збег у абдымкi вясны.
Кахання песню
мы не дапелi зiмой.
Напрадвеснi
ты мне стала чужой –
завязь жадання
ахвяравала багам...
Скруха дазвання
лета знiшчыла нам.
Хто вiнаваты –
восень не скажа, не.
Вецер кудлаты
песню за нас дапяе.
* * *
У сiло майго сэрца
ты патрапiла як
i дзеля чаго?..
Знарок цi няўзнак
акрыла яго
гострых ружаў каберцам?
Цi хоць чуеш, як джалiць
вусны твае мой боль
няўцешна–пякучы?..
Як жа мне з табой,
ружай калючай,
жыць-гаспадарыць?
ЮНАЧАЕ
Смуга дрыготкая
плыве нямой усмешкай.
На вейках зiхацiць крышталiкамi лёд.
Пагляд вачэй тваiх
з-пад месяцовых стрэшкаў
завеяй белаю ахарашыў сумёт.
Расстанне iгнаруюць
нашы рукi –
не хочаць расчапляцца – ну нiяк!..
Варожка-ноч
збiрае пацалункi
ў Вялiкае Мядзведзiцы чарпак.
* * *
Выток узнёсласцi нязвычны –
буслiны па-над хатай клёкат
мне доўжыць мой настрой лiрычны:
жыву паэзiяй высокай.
На чысты аркуш – друкаванкай! –
радкi кладуцца, быццам iх я
бяру гатовымi з буслянкi,
дзе вершамi трызнiць буслiха.
15. 08. 2000 г.
* * *
Густы дзiрван
прарос праз нашы сэрцы.
I спапялiць яго
няма ўжо як:
нам жыць не хочацца,
амаль як i памерцi, –
пайсцi б за небакарай,
ды хтось задзьмуў маяк.
Аслеплi нашы вочы
й душы ўстылi.
З аўчынку нам
здаецца Божы свет.
Жывыя кружым мы
скрай продкавай магiлы –
за намi чосыць
хiжы прайдзiсвет.
Нас душыць прайдзiсвет.
16. 08. 2000 г.
|
|