| Надзённае | Аўтары | Кнiгi | Проза | Паэзiя | Гумар | Гасцёўня | Змест |
Творчая суполка маладых лiтаратараў пры Саюзе беларускiх пiсьменнiкаў
Гумар
 
top  Андрэй Латышэвiч

 

Дзень закаханых, або сапраўднае пачуццё

   Дзень добры, паважаная рэдакцыя. Пiшу да вас я, дзед Рыгор, абмудроны вопытам чалавек. I хочацца мне гэтым самым вопытам падзялiцца. Таму як свята ёсць у нас такое – Дзень закаханых. А моладзь вось цяперашняя, самi разумееце, добра й не ведае, што ў гэты дзень рабiць трэба. Дык для вас, дзеткi мае, лiст мой як нельга лепей дарэчы прыйдзецца. Адное толькi скажу: галоўнае – гэта рашучасць, i каб назад не адступацца, калi ўжо вiншаваць надумалi...
   Ну, лепей усё з самага пачатку. Дык вось, пачалося ўсё з таго, што глядзеў я тэлевiзар. А там мужык нейкi вазьмi дый скажы, што хутка, значыцца, Дзень закаханых. I што ў гэты дзень абавязкова трэба што-небудзь зрабiць такое, каб сваёй бабе спадабацца.
   Вось я i вырашыў: ушчэнт разаб’юся, а жонцы ў гэты дзень спадабаюся.
   План я свой адразу ж i абмазгаваў: падарунак купiць i падарыць. Усе бабы падарункi любяць. Толькi чаго б ёй гэткага падабраць?.. Адзюкалону якога – дык усё роўна вычхаецца, толькi грошы прападуць. Ад кветак то ж карысцi – што з казла малака (толькi калi сам ён iх i з’есць). Трэба, думаю, што-небудзь такое, каб i жонцы – падарунак, i гаспадарцы – карысць...
   Вось прыходзiць дзень гэтых закаханых. Ну, значыць, прыбраўся я: кепку новую ўздзеў, фуфайку пачысцiў, падарунак на плечы ўсцягнуў ды айда да Рыгорыхi маёй. Стукаюся, разумееце, у дзверы, крычу:
   – Жонка, чуеш, жонка. Выходзь на двор, га! А яна – мне:
   – Сам зойдзеш, калi табе трэба!
   «Добра, – думаю, зайду, яна ж – жанчына, як-нiяк!»
   – Жонка, там я табе падарунак прынёс, стаiць каля пунi.
   Гляджу, вочы ў яе ўсё шырэй расплюшчваюцца:
   – Чаго?.. Падарунак?!
   – Ну, так, – кажу, – падарунак. Што тут дзiўнага? Сёння ж Дзень закаханых. Гэта ж ведаць трэба, разумець, цемень.
   Выскачыла, значыць, жонка мая, а я – за ёй хутчэй.
   – Гэта што за падарунак такi?!!
   – Што-што? Сама не бачыш?.. I табе добра, i гаспадарцы карысць. Паглядзi, вялiзнае якое! Недарагое, праўда, затое з яго свiнняў кармiць можна.
   – Ах, ты, пень стары! Я табе зараз пакажу, як жанчыне карыта дарыць.
   «Ну, не, – думаю, – мяне так лёгка не возьмеш!» I пачаў я наступны план абмазгоўваць...
   Сяджу значыцца, на дубе каля вёскi нашай, вершы паўтараю:
                    Ай лаў ю, ай лаў ю,
                    я цябе, жана, люблю...
                    Як узбек любiць халву,
                    ну, а бык ды конь – траву...

   Ад вершаў нiводная баба не ўстоiць. Я ведаю. А як да яе з дрэва саскочу, ды вершы ёй... У-у-у! Бы ў кiне. Але ж вельмi складана было запiску падкiнуць так, каб яна не заўважыла:
                    «Як змеркне, чакаю пад дубам.
                                              Твой жолуд».

   Вось, значыць, змяркацца пачало, нехта ад вёскi чапае. Я адразу i падрыхтаваўся: паперку схаваў, кветкi выцягнуў, на пiнжаку рамонак паправiў. А яна пад маёй галiнай ужо стаiць, расфуфыраная такая, страх! Я думаю: «Няхай пастаiць, пахвалюецца. Кажуць, гэта закаханым на карысць». Пасядзеў яшчэ крыху ды вырашыў, што час ужо саскокваць. Я з галiнкi гэтай самай пацiху злажу, а яна я-а-ак... Далей нiчога не ўзгадаю. Памятаю толькi, падумалася: «Гэта ж мая Рыгорыха ўнiзе стаiць». Ды яшчэ пачуць паспеў:
   – Ах, ты, хрыч стары!
   Потым, як ачуняў, вочы ледзь-ледзь расплюшчыў, адчуваю: еду на кiмсьцi, нясе мяне нехта. Напачатку не зразумеў, што да чаго. А як галашэннi пачуў – усё прыпомнiў, заплюшчыў вочы дый застагнаў. А яна – у адказ:
   – Ты нiчога, пацярпi яшчэ крыху, любы мой. Хутка ўжо i хата нашая.
   – Каханая мая, стамiлася, мабыць? Можа, сядзем? Мне паведамiць табе нешта надта важнае трэба.
   Прыселi мы, значыць, на прызбе, абнялiся, я ёй i кажу:
   – Ты ўжо не сярдуй, галубачка, што выйшла так. Я ж не са зла...
   – Ды зразумела я ўсё, мiлы, зразумела. Як кветкi ўбачыла, так усё i зразумела.
   – Эх, добрая ты ў мяне жонка, моцы няма! У свеце лепей не знойдзеш.
   Я, значыць, яшчэ блiжэй пасунуўся.
   – Дай, – кажу, – на вушка шапну табе нешта.
   Шапнуў я ёй, потым у шчочку... Ну, карацей кажучы, усё як належыць у такiх выпадках... А сам сабе думаю: «Эх-ма! Добрае гэта ўсё ж такi свята – Дзень закаханых!»
                                                                                            Ваш чытач дзед Рыгор.

Мiнск
 
top  Нiна Чарнейка


* * *

Прыгледзься: колькi гразi ты прынёс
на палiто i на рыбацкiх ботах!
Здаецца мне, што хтось цябе занёс
не на раку, а ў чорнае балота!

А рыба дзе? Ты што, хадзiў дарма?
Цi не рыбачыў – бегаў да каханкi?
Ну, добра, добра! Ведаю: зiма,
марозна,
	вымерзлi й таранкi.

Не будзе пiва заўтра з чым папiць?
Твае турботы i твае пакуты.
Ну хопiць, хопiць
	галаву дурыць.
Лепш распранайся.
	Што стаiш абуты?


Толькi з табою

Толькi з табою побач я – жанчына.
я – прыгажуня, нават – каралева.
Па вулiцы iду, i ўсе мужчыны
глядзяць на нас i справа (ды i злева!).
Калi адна – нiкому не патрэбна,
нiхто не кiне на мяне пагляд.
З табою побач – людзi ў захапленнi,
як нам зайздросцяць, як услед
глядзяць!
Так, я з табою побач,
быццам Фея,
гару ад прыгажосцi незямной.
I што са мной —
нiяк не зразумею,
мо проста адтаго,
што ты сам мной?


Знайду прынца

Ператваруся з Папялушкi ў прыгажуню,
вясёлкай намалюю радасць у вачах,
усмешкай светлаю i мiлай
няхай мужчыны
	розныя глядзяць,
няхай ламаюць вочы, парасоны
i галаву ламаюць ад здзiўлення,
калi я ў дзень
	такi дажджлiва-сонны
адзену яркае
	кароткае адзенне
ды нафарбую вусны незвычайна,
як зараз модна,
	контур абвяду...
Няхай зайздросцяць мне
	зямныя панны,
бо прынца я свайго
	ў той дзень
		знайду!

Мiнск

 
top  Сяргей Званар

 

Выпрабаванне агнём

Казка

   Неабсяжная Краiна Ведаў, дзе безлiч люстэркавых рэк i багатых на ўраджай палеткаў. Неверагоднае тут жыццё: зранку спяшаюцца на заняткi школьнiкi, пацiху крочаць на лекцыi студэнты, хуткай хадою шыбуюць на працу выкладчыкi. Бiблiятэкары знаёмяць дзяцей i дарослых з новымi кнiгамi пiсьменнiкаў. Па праўдзе кажучы, гiсторыя дзяржавы мае тысячагадовыя традыцыi, не падуладныя невукам i Часу.
   У Горадзе Няўдач жыў-быў Настаўнiк. Назва паселiшча ўзнiкла з-за пакутаў насельнiкаў ад свавольства чыноўнiкаў. Людзi ведалi здольнасцi маладога чалавека: заўсёды заступiцца за iхнiх сваякоў перад пракурорам i палiцыянтамi, чыя служба мала адрознiвалася ад звычайнага рабаўнiцтва; малых выхаванцаў падрыхтуе да вучобы так, што яны застануцца ўдзячнымi за атрыманыя веды; улетку дапаможа дзядам i бабулькам на прысядзiбнай гаспадарцы – старыя распавядалi хлопцу займальныя эпiзоды з асабiстай бiяграфii. Ветлiвага, добразычлiвага i надзiва ўраўнаважанага юнака паважалi мясцовыя дзяўчаты за спакойны нораў, стрыманасць у паводзiнах i шчырае сэрца. Здавалася, з падобным характарам наш герой мог бы прыносiць карысць гараджанам на нiве асветы, калi б на творчым шляху не сустрэўся Дырэктар.
   Дырэктар праславiўся ашуканствам, кпiнамi i iнтрыгамi ў Краiне, дзе канфлiкты – з’ява штодзённая. Не кожны педагог такое вытрымлiваў. А гэты прайдзiсвет яшчэ i любiў прыгадваць прымаўкi ў цяжкiя хвiлiны кшталту: «Загады ствараюцца не для абмеркавання», «З немагчымага здзейснiць магчымае», «Адных Бог надзялiў розумам, другiх – уладай». Зразумела, яго iмкнулiся абыходзiць за вярсту, каб не апынуцца беспадстаўна вiнаватымi.
   Закончыўшы Ўнiверсiтэт на «выдатна», наш маладзён паспрабаваў знайсцi плён у руплiвай дзейнасцi выкладчыка. Аднак лёгка справа задумваецца, толькi марудна вырашаецца. Прадчуваў Настаўнiк шэраг непрыемнасцяў. I не памылiўся.
   Перад пачаткам верасня завiтаў ён у школу. Пацiкавiўся Памочнiк Дырэктара ў хлопца, што яму трэба.
   – З вашым шэфам паразмаўляць, – не разгубiўся той з адказам.
   – Пачакайце крыху, цяпер ён заняты, – прамармытаў хiтры намеснiк.
   Праз гадзiну выклiкае былога студэнта кiраўнiк школы да сябе ў пакой.
   – Сядайце ў крэсла, – гасцiнна запрашае. – Чым можаце парадаваць? – насцярожана пытаецца.
   – Жаданнем пазнаёмiць вучняў з мiлагучнай роднай мовай, са славутымi старонкамi айчыннай i сусветнай гiсторыi ды лiтаратуры.
   – Прыемна бачыць таленавiтага Настаўнiка. Заўтра пойдзеце на ўрокi. Калi месяц без анiякiх заўваг, узнагароджу заробкам...
   У дзве змены рупiўся малады чалавек, спраўляўся адзiн, дзе i тром выхавальнiкам не пад сiлу. З праверкамi чаплялiся да яго Завуч i Дырэктар, толькi змiкiцiлi, што ад справядлiвасцi не ўцячэш. Завуч ужо скарыўся абставiнам, згодны ўласнае паражэнне прызнаць. Толькi Дырэктар запярэчыў, а такiя выкрутасы куды горш за артылерыйскую кананаду.
   На перапынку ўгледзеў хлопец свайго крыўдзiцеля.
   – Абяцанкi абяцанкамi, а дамоўленасць за Вамi. Залямантаваў служка Мамоны на ўвесь калiдор:
   – Пакуль не адрамантуеш за тры месяцы старую вежу, пра адпачынак ды заробак забудзь!
   Не знаходзячы паразумення, разышлiся яны. Задумаўся над трагiчным лёсам Настаўнiк: «Вось i давярай словам нягоднiка. Хацеў мяне маральна знiшчыць, вынiк жа – нулявы! Сiлай не возьме, лайдаку з пячорным iнтэлектам гусей на лузе пасвiць, а не ў школе камандаваць. Пацешыўся з мяне, я ж да цябе з жартам дабяруся!»
   Паколькi часу на аднаўленне вежы дастаткова, то юны педагог папраставаў у грыбы ды ягады. Крок за крокам, хвiлiна за хвiлiнай, гадзiна за гадзiнай, а баравiкоў – поўны кош. Нечакана заблукаў хлопец у гушчары. Iдучы па сцяжынцы, заўважыў яркае святло. Падыходзячы блiжэй, прыкмецiў Настаўнiк дзяўчыну незвычайнага хараства: блакiтныя вочы ззялi ўпэненасцю, чорныя локаны марскiмi хвалямi апускалiся на плечы, стан нагадваў пяшчотную бярозку, ласкавая ўсмешка ўпрыгожвала чароўны твар. Позiрк за позiркам – i завязалася мiж iмi гутарка:
   – Вы хто?
   – Фея Радасцi, што клапоцiцца пра падарожнiкаў.
   – Мабыць, пазбаўляеце бедакоў ад гора?
   – Канешне! Няўжо, сябра, цябе напаткала лiха?
   – Падмануў аднойчы мяне Дырэктар, у другi раз збiраецца ён з кiмсьцi на вайну, таму хоча мець надзейную фартэцыю. А без цэглы, камянёў i цэменту сцяны не складзеш!
   – Тваю душу сагрэе каханне, за астатняе не хвалюйся!
   – Дзе ж Вас знайсцi, Фея?
   – Запомнi як малiтву: «Каля ляснога возера красунi водзяць карагод, варожаць на шчаслiвы вянок».
   Супакоiўся хлопец, падбадзёрыўся: цяпер можна i д’ябла за рогi ўзяць, калi палезе на ражон.
   Не абмiшурыла Фея маладога чалавека – з руiнаў вырасла велiзарная харомiна абароннага збудавання.
   Вядома, адразу не кожнаму дагодзiш. Дырэктар з хаўруснiкамi чарговай бязглуздзiцай свет здзiвiў. Закарцела ўладару ўпартасцi сваю асобу прыраўняць да царскае, каб яго ўхвалялi ў дзяржаве, а дзеткi баялiся. I паперку не паленаваўся накрэмзаць, згодна з якой выслухоўваў пра сябе толькi б станоўчае. На адмоўнае i ўвагi не звяртаў бы. Усiм супрацоўнiкам школы ўмову паставiў: праз паўгоддзе каб чакалi дарагiх падарункаў, калi пад дудку ягоную заспяваюць.
   Наш герой не ўмеў крывiць душой перад начальствам, ад падобных учынкаў сумлення больш не стане. Хлопца выратавала прадбачлiвасць. Неяк заглянуў да яго Дырэктар. Цiкава распавядаў юнак пра класiкаў роднай лiтаратуры, толькi нiчога не сказаў пра непасрэднага загадчыка. Раззлаваўся той:
   – Тваё месца ў астрозе!
   Настаўнiка не спалохала пагроза. Усмiхнуўся таямнiча малады педагог, прашаптаў цудадзейны пацер: «Каля ляснога возера красунi водзяць карагод, варожаць на шчаслiвы вянок».
   Раптам рассунулiся фiялетавыя хмары, спынiўся халодны дождж, сцiх вецер – на небасхiле зазiхацела промнямi восеньскае сонейка. I з’явiлася перад круцялём Фея Радасцi. Тут ужо Дырэктару не да смеху стала. Задрыжаў ад жаху бюракрат, маўчыць, быццам магнiт праглынуў. Пачала дзяўчына запытваць небараку-махляра:
   – Колькi разоў схлусiў людзям?
   – Можа, тройчы.
   – Колькi пачынаючых выхавальнiкаў аблапошыў?
   – З дзесятак набярэцца, толькi аднаго не здужаю.
   – Цi марыш псаваць моладзi настрой?
   – Не, ратуйце! – колькi хапiла сiлы закрычаў Дырэктар. – Што са мной будзе?
   – Праклён i забыццё. Няўжо не надакучыла здзекi ўчыняць?
   Мiнулi гады. Пабралiся Настаўнiк ды Фея Радасцi, яшчэ шмат добрага зрабiлi яны жыхарам казачнай дзяржавы. Пра Дырэктара болей нiхто не ўспамiнаў. Кажуць, дзесьцi грахi ўласныя адмывае.

Мiнск
 
top  Таццяна Барысiк

Байкi


Небяспечныя злачынцы

За гравейнаю дарогай, дзе маленькая крынiца,
на саўгасным полi ўночы крала бульбу маладзiца.
З дзецьмi грэбалася ў глебе. Тыя часу не гублялi –
за якiя паўгадзiны, як панесцi, накапалi...
Ой ты, долечка лiхая, лёс бядачы – час пракляты:
баба трапiла ў аблаву, дзеткi – паказалi пяты...
Затрымалi з торбай бульбы. Во няшчасце ды няўчасце!
Страшаць:
– Зараз аддубасiм, другi раз не пойдзеш красцi.
– Век нiчога я не крала, хоць i бедная жанчына...
Пашкадуй мяне, начальнiк, бо на тое ёсць прычына.
– Ты мне тут павыскаляйся!.. Гахнем пяць мiльёнаў штрафу
i маёмасць канфiскуем!
– Табурэтаў тры ды шафу?..
На заводзе сваiх грошаў я даўно-такi не бачу –
дзвесце тысячаў налiчаць, дык iду дамоў i плачу.
Дарагiя хлеб i сала... Мае дзеткi хочуць есцi...
За такiя заработкi – што магу я iм прынесцi?!.
– Усё роўна – расхiцiцель!.. Ты дзяржаву абакрала!
– Не кажыце гэтак, людцы, я – дзяржаве ўсё аддала:
абясцэнiлiся грошы на зберкнiжцы што ляжалi,
ды яшчэ за чэрвень месяц мне зарплату затрымалi...
I таму, каб з галадухi не адкiнуць нам «педалi»,
мы начою гэткiм чынам троху бульбы прыкрадаем...
Не крадзем – даўгi вяртаем!


Хiтры дзед

Не было ў Амбросi коней, бо ён бедна жыў. 
А старэнькi матацыкл большы ўнук разбiў.
I аўтобусы не ходзяць – сцюжная зiма...
Дзед падумаў – i рашыўся: «Сяду на казла!
Мой пяцiгадовы Кузька – слаўны, удаленькi,
давязе мяне як-небудзь, я ж – саўсiм худзенькi.
На кiрмаш жа трэба з’ездзiць, каб купiць карыта,
торбу солi, хлеба, мыла... Эйш, сяльпо закрыта.
Не вязуць нам анiчога – не была б глыбiнка:
спадзяваннi на карову, ды шчэ на падсвiнка!..»
Едзе дзедка, шпацыруе. Кузьку паганяе.
Самагонку з пляшкi вiннай цiхам папiвае...
Раптам перакрылi шлях два мiлiцыянты:
– Ну?!. Пакажаш сам тавар цi раструсiм транты?
– Мне ўжо, дзеткi, семсят сем... I не след чапляцца!
У паганятыя казлоў змусiў я наняцца...
Крама наша на замку, а мне, як нi пнiся,
без запалак ды без хлеба – хоць у гроб кладзiся.
– Пашпарт пакажы, стары!.. Гм, Амбросiй Сыч?..
Нумар дзе?.. I фары дзе?!. Ах ты, стары хрыч!
– Кузяў нумар – хвост-абрубак, фары – яго рогi...
Ён у цемры бачыць добра, не зламае ногi.
– А чаму iдзе няроўна?
– Кузька мо стамiўся...
– Не пляцi ты, дзед, лухты – твой казёл напiўся!
Дзед спужаўся:
– Ой, паночкi... Добрыя вы людзi,
выпейце маёй пякухi – дый на ўсё забудзем.
– Не, дзядуля, мы не п’ем... Бач, мы – камандзiры!
Дай бутэльку нам з сабой – i на ўсе чатыры...
З меткай, цёмную, бутэльку дзед зпрэзентаваў,
а пачатую за пазуху неўпрыкмет схаваў.
Не такi ўжо ён дурны – загадзя прадбачыў! 
Шалапаеў-выпiвох з ходу абкалпачыў:
у ягоным першачку – святаяннiк з кменам,
а ў памечанай бутэльцы – самагон з пургенам!

I нiхто ўжо тым малойцам не паспачувае –
дармаўшчынка не заўсёды якаснай бывае.

Магiлёў

 
top