| Надзённае | Аўтары | Кнiгi | Проза | Паэзiя | Гумар | Гасцёўня | Змест |
Творчая суполка маладых лiтаратараў пры Саюзе беларускiх пiсьменнiкаў
Паэзiя
 
top  Алесь Дзiтрых


Шатландская сюiта

Шатландскаму сябру

	Патрыку МакКонары
Прыязны сын Шатландскае зямлi,
Выпадкам лёс прывёў цябе ў наш Край зялёны,
Дзе так, як i ў тваiм няскораным краi,
Блакiтам свецяцца валошкi ў плойме лёну.

Ты iх завеш на лад чужынскi – свой
Назоў для iх згубiў цi то забыў – corn-flower.
Але ж усеадно ён дыхае святой
Жытнёвай сiлай, льецца промнем, песняй слаўнай.

Крыло вайны не раз мяло твой край,
I наш праз век агнём сваiм ушчэнт палiла.
Ды зноў, калi душу нам поўнiў боль-адчай,
Святое неба нас ад скону баранiла.

Чужынцы бралi дух тваёй зямлi,
Яго скаваць хацелi пробай iншай мовы,
Але не заглушыць было нiяк раллi
Крывавым вылюдкам, ангельскiм мураўёвым.

Андрэй-заступнiк ваш мацуе строй,
Дабром яго згадаюць у шатландскай хаце.
I наш Лiцьвiнскi Край пад ласкаю святой
Марыi Панны, ўсiх народаў шчодрай Мацi.

Мiж намi – землi, мораў хараство...
А мы – навек браты, што скiнулi аковы.
I лёс у нас адзiн: паслухай – пра яго
Пяе жалейка-пайп у жыце васiльковым...


Сын Калядонii

Тут, у гарах Грампiяна –
Радзiма маёй душы...
Узносяцца стромкiя скалы
I сiнiх азёраў пiялы
Да вечнасцi, чыстай цiшы.
Свет – на далонi...
З вышыняў – кiлiмам зямля.
Тут, у гарах Грампiяна,
П’яны, ад верасу п’яны
Я.

Вецер напеў мне найграе
Пра вольны мой любы край...
Мой пайп у душы распытае
Пра ўсё, што стаiла тая –
Пра ўсё распяецца пайп.
Я – не самотны...
Вясёлая песня мая.
Вецер напеў мне найграе.
П’яны ад пошуму мая
Я.

Годнасцi пiкту не страцiць,
Хай беды iдуць, як днi...
З родных узгоркаў павевы,
З родных нябёсаў залевы
На поўнiцу, бард, глынi!
Вораг – не пройдзе...
Святая друiдаў зямля,
Годнасцi пiкту не страцiць!
Сын Калядонii-мацi
Я!


Расстанне з юнацтвам

Абвязаны грыноцкiм тартанам, 
Толькi зоркi складуць узор,
Я чакацьму цябе за парканам
   З найпякнейшаю дзiкаю ружай...
   Буду любым табе, буду мужам,
   Толькi зоркi складуць узор.
            Пад арэшнiк бяжыць,
            Штось злуецца, бурчыць
            Ручай...
            Сэрца цiсне туга.
            Ты сказала: «Ага,
            Тут чакай!»
Сёння бачыў зрання з пералеску –
Слала ў лузе ты палатно –
Тваю любую сонейка-ўсмешку.
   I здалося на мiг – тут я грэшны! –
   На пасцелю нам гэтак спешна
   Слала ў лузе ты палатно...
            Пад арэшнiк бяжыць,
            Сумным жалем журчыць
            Ручай...
            Мой грыноцкi тартан,
            Эх! – i пан я, й не пан!
            Ах, адчай...
На шырокiм грыноцкiм тартане
Побач – ты. I далёкi нам свет.
Падганяе свiтанак расстанне
   З найпякнейшай шатландскаю ружай.
   Стаў мужчынам я, воем i мужам,
   Побач – ты. I далёкi нам свет...
            Пад арэшнiк бяжыць,
            Звонка льецца-звiнiць
            Ручай...
            Мой грыноцкi тартан –
            Мой будан, тут я пан,
            Тут мне рай!..


Балада самоты

Як сэрца балiць! Ноч глухая
За думкаю думку снуе...
З далёкага шумнага гаю
Запеў салаўiны шалее...
Кахай жа мяне – 
Бэз квiтнее!

Чужынец за гарой – 
Я на бой!

Душа як балiць! Дзень спякотны – 
Жывому цяпло сонца шле:
I дрэвы, i красак самоту
Палашчыць яно, абагрэе...
Кахай жа мяне – 
Бэз буцьвее!

Чужынец за ракой – 
Я на бой!

Як грудзi баляць! Месяц сумны,
Як серп, спамiж зор плыве...
А ўсё спрэс ты, любы, задумны,
Пагляд твой пяшчоту хавае...
Кахай жа мяне – 
Бэз сцвiтае!

Чужынец той за мной – 
Я на бой!

Як вусны баляць! Вуснам – горыч:
Не зведаць iм ласкi твае...
З якой маладзiцай гаворыш?
Хто ў сэрца малойцу запаў?..
Забудзь пра мяне – 
Бэз апаў!..

З сырой гавару я зямлёй –
Я не твой!..


Змагарам мiнулых часоў

Вы – дзецi вольнага народу:
Сталь – у руках, душа – агонь.
Праз век iшлi вы за свабоду,
За вамi – край, пад вамi – конь.
      У сэрцы – вера ды надзея,
      Якой не здрадзяць дзед i ўнук.
      Хай вораг з’едлiвы шалее –
      Яго шаленства спынiць лук!
Хай сцяг андрэеўскi з’яднае
У шыхт усiх, хто бачыў сны
Пра дух свабоды ў гэтым краi,
Пра надыход у iм вясны.
      Паход святы за вашу долю
      Былому хай паложыць крэс.
      Хто верыць – той здабудзе волю,
      Хто вольны – той ужо ўваскрэс!


Бард i блазан (1707 г.)

	Ахвярую В. Чамярыцкаму

Жалобнай басэтлi узвiвы – 
Да неба мальба: «Пачуй!»
Калiсьцi ж i я быў шчаслiвы...
Танцуй, брат, танцуй!
Быў час, калi край наш цудоўны
Жыў вольна, меў права сваё.
I дом кожны дзецьмi быў поўны –
Было i такое, было...

Чужынец прыпёрся навалай –
Па iм толькi попел i звод
I пошасцi рознай нямала:
Пануе ангельскi тут зброд.
Без грошай – прэч выганяць з хаты:
«Не плоцiш – у полi начуй!»
Тут праўда на трасцу багатым!..
Танцуй, брат, танцуй!

Усё ў нас цяпер адмыслова,
I кожны задрыпаны смерд
З калена Вiльгельма святога
Цяпер называецца «сэр».
А кожная дзеўка з-пад плоту – 
Графiня. Пакiнула гразь
За тую, напэўна, работу,
Што ўночы зрабiў з ёю князь.

Знайшоўся i ў нашым народзе
Такi не адзiн, што халуй.
Ды годзе аб гэтым тут, годзе...
Танцуй, брат, танцуй!
Цi чуў ты? – Збiраецца сiла
Ў гарах Калядонii зноў.
Чакае чужынца магiла,
Пральецца ангельская кроў!

За песень сумных пералiвы
Прабач мне, мой браце, даруй...
Я ведаю – ты ўжо шчаслiвы.
Танцуй, брат, танцуй...


Доля

Пагляд твой адважны й смелы,
Шырокiя грудзi ў аршын,
А волас – як лён жоўта-белы,
Шатландыi сын.

Як толькi вясна зашугала,
Жыццё абудзiла ад сну,– 
Вайсковая сурма зайграла,
Пагнала цябе на вайну.
Здымаецца з яблыняў квецень,
Вясна ўжо нагою ў леце,
А Клайда няма...

Высокае збожжа ўзнялося,
Ды колас праз колас – наўда...
А ўсё маладое звялося,
Дзяўчатам без хлопцаў – бяда!
Убралася лета ў турботы – 
У полi зазнае работы.
А Клайда няма...

На бiтву за край наш забраны
Пайшоў ён, i згiнуў навек.
Душу выядаюць туманы
I дум надакучлiвых здзек...
Кастрычнiк з засохлым лiсточкам
Пляцецца за цёмнаю ночкай,
А Клайда няма...

Ўдавою зiма галасiла – 
Дамоў замятала твой шлях.
Ды слабне зiмы лютай сiла
Ў бiтве з вясною ў палях.
Вясна ў поўным праве буяе – 
Бусламi крыло распраўляе,
А Клайда няма...

Пад пышнай самотнай вярбою
Хлапчына спачыў пасля бою...
Навекi спачыў...

Паглядам адважны й смелы,
Шырокi ў грудзях – у аршын,
Ён зжаты, як лён жоўта-белы,
Шатландыi сын...


Балада ўсiм народам

Па лузе мядовым раса
Кацiлася-рассцiлалася,
Туман – на зялёныя долы...
Куды ж ты, дзяўчына, сабралася?
Пагляд невясёлы...

З высокай вяршынi гары
Сцяжына бяжыць-разбягаецца
Ў свет зледзянелы й голы...
Што ж любы мой не вяртаецца
Да роднай стадолы?...

За сiняю мора смугой,
Дзе сонца на дзень выкатаецца,
Ляжыць ён у цяжкай маркоце – 
Са смерцяй юнак змагаецца
Адзiн, у самоце.

      Я чорнаю птушкай-драздом
      Умiг абярнуся,
      Жывое вады з горных рэк
      Дасхочу нап’юся – 
      Паймчуся да смерцi паганай,
      Ёй выклiк я кiну!
      Счакай жа, мой любы, хвiлiну,
      Счакай, мой каханы, – 
      Жывою вадою пральюся
      На раны, на раны...

Па лузе мядовым раса
Кацiлася-рассцiлалася,
Туман – на зялёныя долы...
Слязою ўдава залiвалася
Ў горы, у горы...


Падарожны рыцар

Залiты сонцам, праз дубровы
Стамлёна едзе рыцар-вой.
У зброях-латах ён сталёвых
I з непакрытай галавой.
Пагляд адважны i суворы.
Меч – пры луцэ, i тарч пры ёй.
Праз рэкi едзе, стэпы, горы – 
Адтуль, дзе быў крывавы бой.
Варожай сiле не скарыўся,
Быў моцны духам i рукой:
Не на жыццё – на смерць ён бiўся
За годны славы гонар свой.

Ды хто з жывых прадбачыць можа,
Што лёс варожыць i каму?
З кiм заўтра ён падзелiць ложа?
З чаго смерць прыме i чаму?
Каму адкрые сэрца ў ласцы,
У кiм зняверыцца юнак?
I як складзецца лёс у казцы
Яго з абраннiцай?
Аднак
Дубы шапочуць пакрыёма,
А ён наперад цвёрда мчыць,
Каб свет той казкi невядомай,
Як дзьверы, насцеж расчынiць.


Сюжэт

– Чорны дрозд у шыпшыне
Аб чым так жалобна пяе,
Што на сэрцы кроў стыне?
– Не пытай, не пытайся ў мяне.

Пад шыпшынай магiла
У месячным жоўтым святле
Сваю пашчу адкрыла.
«Хто ляжыць у табе?» – «Я забыла...»

На магiле дзяўчына
Сумуе i плача праз ноч.
Што за гора-прычына,
Сьлёзы горкiя з воч?

Хiба гэты бяскрыўдны сюжэт
Зложыць вусны вашыя банцiкам?
То зважайце – пiсаў жа паэт
Пад уплывам шатландскiх рамантыкаў!


Манашка

Збiла падэшвы, скрывавiла пяткi,
Прэч уцякаючы ад маладосцi...
Мяккiя рукi, твар юны й гладкi...
Лiтасцi просiш у Божае Маткi,
Толькi спакой не вяртаецца штосьцi.

Чорныя з белым ахуталi шаты
Цела i думкi, ды ясныя вочы
Горычна (весела – толькi на святы)
Бачаць: любуюцца iмi абаты – 
Позiрк гарэзлiвы, а не прарочы.

Леты мiнулi, як стала Хрыстовай
Любай, адкiнула шлюбу спакусу.
Ноччу вярэдзiшся ласкаю новай:
Целам ты ёсць маладой i здаровай,
Сэрца, душу аддала хоць Езусу.

Кляштар суседнi... Садоўнiк там сумны.
Ружы ён песцiць праз доўгiя леты.
Сад упрыгожылi дзiўныя руны – 
Кветкамi вышыў садоўнiк iх юны...

Той, што табе прысвячаў трыялеты.


Эль

На свеце многа пiва ёсць,
Ды ўсё ж для нас яно лацьвей,
Калi ты п’еш – цi свой, цi госць – 
Шатландскi эль, шатландскi эль!

Рос чорны хмель i верас рос,
Ды ўсё ж у пiве ён мiлей.
Гэй, браце! Пi – не вешай нос – 
Шатландскi эль, шатландскi эль!

Няхай праз ноч залева лье,
Няхай жыццё штодня чарней:
Прыгожым зробiць свет табе
Шатландскi эль, шатландскi эль!

Яго жаўнер п’е, п’е барон,
Царкоўнiк, нават там, вышэй...
Табе – нiшто любы закон,
Шатландскi эль, шатландскi эль!

Рагаты д’ябал нiпачым
Нам сёння з тузiнам чарцей!
Прэч думы ўсе – пi, капуцын,
Шатландскi эль, шатландскi эль!

Грахоў ты дужа адпусцiў,
Ды праўды ўсё ж не ўразумеў:
Дарэмна жыў, калi не пiў
Шатландскi эль, шатландскi эль!

Мiнае ўсё, што ў свеце ёсць,
А ты жыць хочаш весялей? – 
То пi, часовы свету госць,
Шатландскi эль, шатландскi эль!

Салодка п’ецца наш напой,
Ды горкi мае ён пахмел...
Мо’ досыць?.. Хто тут?.. Ой-ёй-ёй,
Шатландскi эль... шатландскi эль...


Шкотам

Велiч славы йшчэ дрэмле сны
Пад аслаблым крывавым ботам,
У чаканнi вясны,
Там, у Краiне Шкотаў...

Вецер крышыць гранiт парод,
Размываюць iх плынi слотаў.
Ды нязломны народ
Там, у Краiне Шкотаў...

Сонца промнi iльдзiнку-мжу
Пакрываюць халодным потам – 
Трушчыць праўда iлжу
Там, у Краiне Шкотаў...

Блiзкi дзень ужо той, якi
Крэс паложыць нямым згрызотам.
Тут вам жыць праз вякi,
Тут, у Краiне Шкотаў!

 
top  Аляксандр Адам


* * *

Я стаю ў чарзе па адзiн удых паветра.
У дваццаць першым стагоддзi
я спытаў: «Хто апошнi?»
Я за сотнi гадоў прайшоў толькi два метры,
бо ў iншых ёсць iльготы. У мяне iх няма.


* * *

Ты згубiла мяне, як насiла ў кiшэнi.
Мяне мацалi рукi й твае, i шчэ чыесьцi.
Можа, нечые дасталi, як цябе распраналi,
i закiнулi ў туфель, i няма цяпер выйсця.
Ды пакуль ён пусты, але што засталося –
не пайсцi мне ўгару, бо абцас твой высокi,
ды падлога слiзкая, i сэрца галосiць.
Заставацца з табою так: а мо не раздушыш?


* * *

Хочаш, я падарую табе
кавалачак
сваёй генiяльнасцi?
Ты будзеш рыфмай,
а я...


* * *

На заходзе сонца тваёй душы
я апошнiм промнем закрыю вырай.
Захiнуся вугалком твайго сэрца
i засну пад яго павольны рытм.

Я памыюся ў саўне з тваёй крывi
не шампунню – тлушчам,
што застаўся з мiнулага года
ад амлета i зэльца.

Я ружоваю кветкай у тваiм агародзе
нарасту па ўсiм полi, ты мяне не пакосiш.
Я iзноў нарасту, i тваю генiяльнасць
заглушу пад сабой, як калiсь ты хацела.

Я спякотай i ветрам разаб’ю тваю глебу,
яна сцiсне твой розум i высушыць памяць.
Мо тады ты ўбачыш, як ляжу я на краi
твайго слабага сэрца, разам з iм памiраю.

Я дажджом i маланкай разнясу тваю хату.
I падмуркi ўсе рухнуць, як калiсь мае палi.
Але ты не загiнеш, я цябе падтрымаю,
на сваiм цябе сэрцы вугалочкам накрыю.


* * * 

Твая душа цягнецца па падлозе.
Нехта невыпадкова наступiў на яе.
I ты болей не прыбiральшчыца куткоў
у нечыяй памяцi.
Я падхапiў яе i аддаў у камеру захоўвання
свайго мозга,
а ў вушах гучалi словы душы тваёй:
«Знайдзi мяне, цела!»


* * *

Ты кожны дзень па мне хадзiла
сваiмi босымi нагамi.
Ты кожны дзень на мне ляжала,
спiну падсунуўшы да сонца.
Сябе ты мною засыпала,
калi пясочкам быў я пляжным,
а ты гэтага не ведала...
Ты кожны дзень на мне ляжала,
а на табе яшчэ хто-небудзь.


* * *

Зрабi крок у цiшыню:
пахiснешся – не падай,
бо няма тут прасторы,
толькi нiтка над безданню.
	Калi хочаш – iдзi.
	А не хочаш – ляцi.
	А не можаш....
	Навошта сюды ты йшла?
Уратунку няма, а спакуса – з табою.
У цябе няма крылаў? 
У цябе ёсць душа!
Падымайся ўверх, i ў хвiлiну падзення
раскiнь рукi ўбакi, затрымайся над безданню...


* * *

Тваё цяпло, як сонечная смага,
мяне сагрэе ў сплеснелай хацiне.
Iзноў згубiўся ў глыбiнi тваёй слязiны,
на край шчакi я, як на дно марское, лягу.

Ты пазычаеш жыццi ў незнаёмых,
а я стамiўся за цябе для iх нараджацца.
Iзноў гарэць, iзноў тануць i наблiжацца
да поўных слёзамi вачнiц тваiх краёвых.

Я ўжо не твой, бо ты занадта памiрала.
I кожны раз хвiлiнку жыцця майго
ты ў свой сусвет забраць па глупству забывала,
а я ўсё рос i рос, i вырас да свайго.

 
top  Iрына Усава


* * *

Скiньце путы з нас.
Скiньце цяжар...
Роднай мове нашай –
дайце абшар!
Няхай вольна жыве
птушкай белай...
Сэрцаў нашых абшар
не знямелы.


* * * 

Я загадваю жыць –
i ты жывеш.
Я загадваю быць – 
i ты iснуеш...
У радасных думках
хаваецца шэрань...
Я адкрыла вакенца –
расчынiлiся дзверы.


* * *

Стомленыя рукi.
Стомленыя вусны.
Стомленыя вочы...
Стома – ад спакусы.
Спакуслiвы голас.
Спакуслiвы стан.
Спакуслiвы выгляд...
Спакуса – дарунак
розуму i асалоды.
Дарунак неба –
на мне, бы мярэжа.	

 
top  Андрэй Такiнданг


* * *

Чым зорцы першай пакланiцца,
чым ёй, як Богу, памалiцца,
падумаць раю перад тым:
цi выбар правiльны зрабiў –
мо нiзка галаву схiлiў
ты перад iдалам чужым?


* * *

Што такое чалавек без дарогi да неба?
Тое самае, што дзiця,
для якога не раскрылася ўлонне мацi.


* * *

Вось ён iдзе па звычайнай зямлi,
ногi ў бруд апускае.
Той, хто хацеў знайсцi дабрыню,
хай яе тут пашукае.
Вось ён iдзе, крыж свой нясе,
сiлы з крывёю губляе,
шумны натоўп, дзiкi натоўп
Бога свайго зневажае.

Вось ён iдзе, скуру на лбе
церне шматкамi зрывае.
Гэта за ўсiх, добрых i злых,
доля Гасподня такая.


* * *

Як у бясконцасцi васьмёркi,
цякуць у светлым небе зоркi.
Ад iх ружовага святла
амаль нiчога ўжо няма.
Агонь свой сонцу аддаюць
i быццам льдзiнкi растаюць.


* * *

Жыхар я тутэйшы гэтага краю.
Сюды мяне лёс ланцугом перагнаў.
Упёршыся дзiдай у спiну сцяжыны,
пабег бы адчайна ад гэтых мясцiнаў.
Ды збiтыя ногi –
драўляным прыкладам
наканавання...


* * *

Люблю такую цiшыню,
калi чуваць, як сэрца б’ецца,
як рэха ў ночы зварухнецца,
як дождж у вокнах сумна льецца,
гамоняць травы мiж сабой,
i вецер шэпча, уздыхае, –
такое толькi ў ноч бывае,
калi пачуеш цiшыню.


* * *

Жыццё – прыступка цi адрэзак,
якi давядзецца пражыць толькi раз?
А можа, усё ж такi дарога да вечнасцi?
Цi шлях да вечнага забыцця?
Дык чаму тады гэты адрэзак iснуе,
калi пасля яго нiчога не будзе?
А можа, усё ж такi прыступка?


* * *

Калi пойдзеш на той свет,
зайдзi развiтацца;
не змагу я без цябе
тут адзiн застацца.

Калi будзеш сорак дзён 
ты блукаць усюды,
заглянi ты да мяне,
наймiлейшы дружа.

Калi цяжкiя грахi
не дадуць узняцца,
ты скажы, я памалюся
за цябе, мой браце.

Калi ж Бог вялiкi дасць
ласку на тым свеце,
раскажы яму пра нас,
як нам тут жывецца.
Толькi ж я цябе прашу:
не маўчы, адкрыйся.
Толькi ж я цябе прашу:
цiхом не журыся.


* * *

Крыкнуць аднойчы, раскiнуўшы рукi,
крыкнуць аднойчы на поўныя грудзi,
крыкнуць праз цемру, крыкнуць да сонца,
крыкнуць праз сiлу, да жорсткасцi моцна,
крыкнуць, каб крыкам тым глотку раздзерла,
крыкнуць, каб нешта ў душы забалела...

Мацi

Мацi! Дрыгва паглынае думкi высокiя,
прага жыцця крылле аб цвёрдую глебу б’е.
Мацi! Паглянь, ты ляцiш не адна, –
колькi вас, птушак высокага неба,
колькi з табой на адной вышынi.
Мацi! З табой беларускi-буслiхi,
крылле ў iх перабiта,
але край наш нясуць да бясконцага неба,
цягнуць на спiнах сваiх.
Толькi за кожны рывок да нябёсаў
мусяць данiну крывёю плацiць.
Мацi! I ты сярод iх, хоць балiць, ды ляцiш.

 
top  Андрэй Кузнечык


Дождж i мары

Прабiваюць дажджынкi травень,
хмары з сумам павiслi ў небе,
сцiхлы вецер у лесе драмае –
толькi дождж дорыць шчасце глебе:
напявае цiхусенька песню,
сцеле водар духмяна-гаркавы...
Для таго, каб пiсалiся вершы,
што патрэбна мне?..
Дождж i мары.


Так хоча сэрца...

Горад родны шумлiвым натоўпам гудзiць,
i сярод гэтых гукаў стракатых
беларуская мова, на жаль, не гучыць –
яшчэ, пэўна, не выйшла з-за кратаў.

«Няма часу i так... Яшчэ мову вучыць?!.»
I крычыць ужо хтось за двухмоўе...
Але дрэву калi каранi адсячы –
ссохне, згiне i стане зямлёю.

Не! У словах маiх хай надзея гучыць,
бо надзею губляеш апошняй.
Мы не здолеем роднае слова забыць,
веру я, быць такога не можа!

I яшчэ загучыць з прыгажосцю сваёй,
веснавым ручайком палiецца
наша родная мова над нашай зямлёй!..
Веру ў гэта, бо хоча так сэрца.


Добрай ранiцы!

Я выходжу на двор
у той час, калi хтосьцi
яшчэ, пэўна, у ложку
сны даглядае.
Дзесь вуркоча матор,
недзе стукае штосьцi,
а навокал – усiх
сонца ўсмешкай вiтае:
i салоўку ў кустах,
i мяне на двары,
i таго рыбака,
што стаiўся ў чароце.
– Добрай ранiцы ўсiм вам, –
гаворыць, – сябры!
– Добрай ранiцы,
мiлае сонца!

 
top  Iнга Гаравая


* * *

Неба ў зорках. На небе ўладараць яны.
Дзесьцi ў цемры касцёр дагарае.
Там застыў, запанурыўся конь вараны.
Ён – на волi... Ды волi не мае.

Ногi спуталi людзi вяроўкай яму,
мары зблыталi ветры начныя.
Узляцеў бы да зорак!.. Ды помнiць хамут
спрацаваная конская шыя.

А пад ранне, калi цiшыня зазвiнiць
ды зайграе нямыя рулады,
ён забудзецца ў стоме i раптам – прыснiць
белых коней у небе крылатых.


У Змiтраўскую суботу

Слупы стаяць, як далакопы.
Сяло – як могiлкi ў iмжы.
Крывыя дахi. Сена копы.
Антэн сагнутыя крыжы.

Вясковае жыццё ў дрымоце.
У вёсцы лiстапад iзноў.
Iзноў няўтульнасць у прыродзе,
у шэрым прыцемку вякоў.

Iзноў туманны надвячорак
збiрае нас каля куццi.
I гэтулькi людскога гора
ў сабачым жаласным выццi. 


Насланнё

Перад светлым Раством у той хаце –
сытны пiр, мiтусня i пракляццi.

Гора горкае: кiнуў там зелле
сатана i шчыруе ў вяселлi.

I праз шыбы тым людзям не ўбачыць,
што ля вокнаў анёлы iх плачуць.

За людскую бяду ў паднябессе
песнi шлюць – упрашальныя песнi.

Шумна ў хаце, а д’ябал шалёны
адзначае людзей тых iмёны.

I кадзiльны прасветлены дым
не ўзыходзiць над комiнам тым.


Эцюд акварэллю

Дагарае неба колерам барвовым,
у смузе ружовай патанае луг,
а за чорным лесам, за хрыбтом яловым –
месяц уздымае вышчарблены круг.
Белыя бярозы з цемры вынiкаюць.
гронкамi рабiна свецiцца наўзбоч.
Шапацiць лiстота.
Фарбы высыхаюць.
Колеры i гукi паглынае ноч.


Збавенне

Паманiў дзяўчо хлапчына,
паланiў i даў ёй шлях
праз калючую шыпшыну
ды каханнем у вачах.

Непагасная лампада – 
i няўмольны, жорсткi лёс...
Перад ёй паўстала здрада
чорнай хмарай да нябёс.

Здаўся свет ёй дамавiнай,
сэрца сцяў глыбокi сум.
Пажадала быць ля млына
каменем без слёз i дум.

I было, як пажадала:
на кiлiме з мяккiх траў
каменем бялюткiм стала,
сон яе апанаваў.


* * *

Як хмелiць лiпы пах,
як вабiць клёна цень.
Пярэсцiцца ў вачах
спякотны летнi дзень.

Дзе захад i дзе ўсход,
дзе поўдзень, поўнач дзе?
Шалёны карагод
спякотны дзень вядзе.

Цi то пчалiны рой,
цi то гудзе ў вушах?
Зрабiлася нямой
самлелая душа

ад вышынi нябёс,
ад мурашыных спраў,
ад невымоўных слёз,
ад нерухомых траў.

Доўгачаканы мой
вячэрнi час,
прыйдзi!
Суцеш i супакой,
суцiш i астудзi.

 
top  Андрэй Скурко


Слова Тадэвуша Рэйтана

Аблокамi дыму мой Край зацягнула,
старыя званiцы – i тыя маўчаць.
Тут праўда i годнасць давеку заснулi,
адны крумкачы ў паднябессi крычаць.

Дзе Грунвальда слава? Дзе слава Кiрхгольма?
Дзе наша магутнасць? Дзе волатаў род?
П’е шляхта гарэлку i б’ецца на соймах,
ваююць магнаты, галее народ.

Радзiма мая! На дарозе, у пыле
ляжыш, памiраеш у немай журбе.
На горла жалезнай пятой наступiлi
суседзi, што бiлi паклоны табе!

Няўжо не паўстанеш, не ўзнiмешся болей
у бляску i велiчы славы сваёй?..
Спявае Каложа над Нёмнам аб волi,
ды зменена воля чужынскай пятлёй.


* * *

Удзень, калi Нязнанага мяжа
ляжа ўрэшце каля ног маiх,
скiну з плеч крыжа свайго цяжар,
з ботаў пыл страсу дарог зямных.

Вецер вечнасцю павее ў твар...
Не знайшоўшы тое, што шукаў,
я пайду. Бывай навек, абшар,
дзе смяяўся, плакаў, дзе кахаў.

Што пакiну тут пасля сябе?
Вершаў пару, веру да людзей,
пах раллi на веснавой сяўбе,
цэлы жмут няспраўджаных надзей.

Восеньскае полымя калiн,
пляшку, што з сябрамi недапiў...
Гэта ўсё – адзiны мой спамiн,
што калiсьцi на зямлi я быў.

 
top  Васiлiса Пазнухова


Святыня

Святыня мая – гэта лес i лугi,
i зоры над вербай пахiлай,
i ў сонечных промнях жывыя снягi,
i – сцежка да родных магiлаў.

Святыня мая – гэта, чым даражу
i што мне паветрам здаецца,
i тое, што змалку ўскрылiла душу,
i ў сэрцы што горача б’ецца.


* * *

Пераможаны дзень 
углядаецца ў люстра вады –
дзесьцi тояцца там 
запаветныя ветру сляды.
А каханне, бы поўня, 
узыходзiць над проймай лясоў,
каб пачуццяў сусвет 
яскравеў ад людскiх галасоў. 

 
top  Андрусь Дылюк


* * *

Храм зруйнавалi, а веру – не знiшчаць.
Кветкай яна прарасце праз бетон.
Вера ўзрасце на пустым папялiшчы.
Вера нiколi не здасца ў палон.


* * *

Сэрца не трымцiць.
Не маўчыць надзея.
З Богам не ў бядзе я –
з Богам хачу жыць.

Без Хрыста нiяк
жыць я не жадаю.
Шчасце ў свеце маю:
я Хрысту – сваяк.

Па Яго Крывi
праз стагоддзяў далеч
сваякамi сталi.
З вераю жывi!


Дадому

Зорачка ясна,
ты свяцi нязгасна.
	У небе знiчка,
	знiчка-невялiчка.
Мне, маладому,
трэ хутчэй дадому.
	У небе знiчка,
	знiчка-невялiчка.
Са святой крынiцы
вып’ю шчэ вадзiцы.
	У небе знiчка,
	знiчка-невялiчка.
Хай выводзiць сцежка
гаю ўскрай абмежкам.
	У небе знiчка,
	знiчка-невялiчка.
Знiчка-маладзiчка,
што ты мне мiргаеш?
	Не мiргай, бялютка,
	дома буду хутка.
	
	
* * *

Вясна нам заспаныя вочы расплюшчыць,
але амарокаю зноўку засцеле.
Ды ветрыкам думкi крыху расцярушыць,
якiя зiмою марознай здранцвелi.

Вiрутнаю праўдаю сопат разгонiць
той дзень, што вясновым жыццём каласуе.
Ды немачы й раны нам хутка загоiць
i промнi надзеi й святла падаруе.


Нацдэмы

Мы не з тых, хто шукае цяпла i спакою,
калi край наш рабуюць, калi – слёзы й кроў...
З тых, каго сустракаюць свiнцовай чаргою,
хто жыццё без разваг аддае за сяброў.

Дрот калючы адзiн нам вянком на магiлах
здраднiк-лёс рыхтаваў, але лёсу на злосць,
калi толькi пульсуе яшчэ кроў у жылах,
спеў iмкнецца ўгару, хай з прабiтым скрыдлом.

Беларусь! Ты – наш лёс. Ты – жыццё i спакуса,
грэшны рай, дзiўны сон. Ты – каханне i боль.
Хай дрыжыць i гарыць зноў душа беларуса,
хай загоiць нам раны гарачая соль.


Песня

Не загубляй, прабач мае правiны!
Я веру ў лiтасць i Тваю любоў,
бо выцягнуў з грахоўнае багнiны
i ў гэтым свеце Ты мяне знайшоў.

Твая любоў, як сонца, ярка свецiць.
Душы збаўленне – гэта вечны дар.
Як цяжка без Хрыста на гэтым свеце.
Iсус, Ты – мой навекi Валадар.

I хто ў Хрыста Iсуса верыць шчыра –
той праз Яго ў нябесны прыйдзе край.
Хто сэрца мусiць для любвi пашырыць –
таго пакiнуць скруха ды адчай.

 
top  Кацярына Ярашэвiч


* * *

Адчуваючы моц
ад улады
над лёсамi цывiлiзацый,
месяц крочыць
упэўнена
хiсткаю стужкай арбiты.
Непрытоены страх –
вось пачатак
хрышчэння пагардай
i патрэсканы iдал
з малюнкаў
сучаснага быту.
Жоўтым дыскам,
што сочыць за думкамi
моцнага духам,
абазначана недасягальнасць
i жаданне
прадказваць дарогу.

Востры позiрк –
i месячык здзiўлена
мацае дзiрку за вухам.
Яго можна павесiць на шыю
замест абярога.


* * *

У кожнай атруце –
свая асалода.
Нябачна-празрыстая,
нiбы паветра.
I варта было мне
прыйсцi чалавекам,
каб звацца не больш,
чым разумнай iстотай.
Калi пахiнуцца
ад болю законы
i думка парвецца
ў бясконцай цытаце,
я ўсё зразумею
i стану чарговым
прыпынкам для кола
хiмiчных рэакцый.
I буду ў кампанii
зорнага хламу
пiць слёзнай вясны
небяспечную вадкасць,
калi мае сны
ў прадчуваннi фiналу
змяшаюцца з таннаю
фарбай рэкламы.

 
top  Мiкола Канановiч


* * *

Ад мяне патыхае безданню
нязведанага сусвету.
Я ўяўляю скiнутую
з неба быцця камету.
Лячу. Гару. Не згараю.
Канаю – i не сканаю!
Небу нябачна краю,
як дарогi да пекла i раю.
А галактык галодных зграя
мяне есць – але не з’ядае.

Не прымае Зямля святая
чорны выбух i крык адчаю.


Надзея

Разарву я лiсты недапiсаных вершаў.
I знявечу душу, што не хоча маўчаць.
Буду ў гэтым, вядома, банальным, не першым,
хто сябе асудзiў назаўсёды канаць...
З нежадання ўставаць пачынаецца дзень мой
(трэба мне адстаяць за кавалкам чаргу).
Так штодзённа сабе прышчамляю я нервы
i кажу, што жыву, i кажу, што магу.
Кожны дзень назiраю стамлёныя твары.
А яны, як люстэрка, з адбiткам маiм.
У вялiкiм натоўпе iмчаць янычары
на сустрэчу з аблiччам i iмем сваiм.
Так здаецца мне, мроiцца гэтак вось часам.
Тыя мроi даюць яшчэ сiлы трываць,
а iнакш я не мог бы з адчаем паяца
мiтуснi звар’яцелай жыццё аддаваць.


Сон

Мне здалося, што груша няўзнак расцвiла,
сакавiк за акном белым сном апрануўся.
Мне праз шыбу акна гэта казка вiдна,
ды не ведаю я, цi прачнуўся.

Помню, вецер так выў у застрэшшы, бы воўк,
i апоўначы сон не прыходзiў.
На канапе я марна шукаў пяты бок –
думак сумных мной рой верхаводзiў.

I паверыў на мiг: будзе вечнай зiма,
гэты вецер i ноч без надзеi,
а камп’ютэр сусвету – мая галава –
захлынецца ў бялюткай пасцелi.

 
top  Янка Лайкоў


* * *

Нехта кратае сумную лiру рукой,
разлiваюцца гукi нябачнаю плынню.
Ты глядзiш на мяне. Твой спакойны дакор
хутка музыку спынiць.

Будзе спаць у тваiх валасах цiшыня,
будэе плакаць пустэчай пакрыўджаны лiрнiк.
А ў люстэрку хiснецца каменны прасцяг –
дый застыне.

I ў журботных, блiскучых ад слёзаў вачах
схамянецца мой сцiшаны прывiд.
Я вярнууся з бязмежжа. Я прагну пачаць
жыць без крыўды.


* * *

Калыханка пачынаецца з надыходам ночы,
кожнае слова пачынаецца з даўно забытай
гiсторыi сiвой даўнiны.
Я зайздрошчу сёння таму,
хто стаiць на мяжы.
хто трымае нямое трымценне паходнi
ў далонi
i сам кажа шлях свайму сэрцу.
Такое – Дар Божы.


Стары млын

Каля рачулкi безназоўнай
у светлай вотчыне маёй
ёсць млын стары, ад вока схоўна
спавiты даўнiной нямой.

Ён тут спрадвеку. Невядома,
хто збудаваў яго i як.
Не раз, паўдзённай гнаны стомай.
спачыць сюды прыходзiў я.

Рабiлася свiтальна, добра
i цёпла неяк на душы
у гэтых сценах прахалодных,
у гэтай нерушнай цiшы.

Калiсь было: прыспаў змярканне
i падхапiўся сярод зор,
як быццам хтось у сне паранiў,
па сэрцы паласнуў лязом.

Прыўзняўся, хутка звык да змроку,
паслухаў ценькi цёк вады,
i праз рыпеннне крохкiх крокваў
чыiсцьцi крокi ўчуў тады.

I нехта цьмяны, велiзарны
мне проста ў вочы зазiрнуў,
сваiм паглядам змрочным, хмарным
ён мне душу перавярнуў.


Вольны птах

I зноў рукi – крылы.
На мяжы Быцця i Небыцця
свiтае трывога святая. Болей
не будзе абрыдлага болю.
Я – Вольны Птах!

А ўнiзе – зямля белая
ляжыць. Аблокi сплываюць за
прастор пад зорамi. Блiскавiцы
мiгцяць i падаюць нiцма.

Вочы загiнуць там,
дзе не будзе мяне заўтра.
Крылы згараць там,
дзе не будзе мяне заўтра.

Я застануся там,
дзе не будзе мяне заўтра.
Я – Вольны Птах!


* * *

Прысненне дзiўнае i лёгкае:
у сцiхлай завадзi рачной
шчупак самотны гучна плёхкае,
i ценi зыбяцца чаўноў.

А дальш, у чаратох прыстоеных,
дзе звыкла жамяра гудзе,
а гукi дыхаюць сутоннямi –
ступае нехта па вадзе.

Аброслы раскаю i згорблены,
пасрэбраны увесь луской.
спавiты воднай прахалодаю,
павольна ён iдзе ракой.

Яго вiтаюць вербы нiцыя,
i цiшу поўнiць дзiўны звон.
I падаецца мне, што быццам бы
так з рыбамi гаворыць ён.

I вочы цёплыя паблiскваюць
сярод зялёных валасоў,
iскрынкi ясныя распырскваюць
на мой далёкi, светлы сон.


* * *

Твайму целу карцела
адчуць радасць судакранання.
За вокнамi сцюжа люцела.
Ранне.

Галiнкi бэзу аголеныя
па шкле шкрэбалi: «Годзе...»
Стыгла прамоўленае...
Поўдзень.

На шалi трывання твайго
ўзлягалi iмгненне i вечнасць.
Чакаў нечага на дварэ iзгой –
вечар.

На сумёты без мэты глядзела,
цьмянелi iльдзiнкi воч.
Адзiная ў гэтым свеце надзея
на ноч.


* * *

Знiякавелы, стаю
пад купаламi Храма Паэзii.
Пазiраюць на мяне з абразоў
прасветленыя i мудрыя твары.
Кленчу перад iмi –
перад адным больш,
перад другiм – менш,
шукаю адказ на вечнае пытанне.
Маўчаць абразы. Самотна робiцца мне.
Раптам ззаду нехта пытае цiха:
– Што з табою, чалавеча?
Азiраюся – нiкога.
– Не там шукаеш, – зноў голас гучыць.
Падымаюся, абтрасаю пыл з адзення,
iду да выхаду. Брама зачынена.
Выйсця няма. Але за плячыма – крылы.
Узлятаю, прабiваю купал...
Навокал – прасцяг i блакiт,
зелнянiна ўзгоркаў i далiн.
I голас: 
– Што табе яшчэ трэба?
Перад табою – iсны Храм,
створаны Мною, сапраўдным Творцам!

Узлятаю усё вышай i вышай,
наблiжаюся да твару Аўтара.


* * *

Крывёю срэбнай маладзiк брыняе,
расце i спелiцца, каб ветахам сканаць.
Хто ён такi, навошта ён – не знае,
не дадзена яму таго спазнаць.

I, непрытомны, сярод цьмы блукае –
шукае, каб дзе назаўжды спачыць...
Старачае зоры зрэдзь, i iх куляе
адчайна ў чэрава сляпой начы.


Нязводнае

На паверхнi пашарпаных сцен
i на твары айцоў-езуiтаў
клаўся змрочны сутонлiвы цень,
неспатоленым болем спавiты.

Я, знямоглы сляпы ерэтык,
сярод цемры бясконца-адчайнай
то нясцерпна зрываўся на крык,
то вымройваў зацята маўчанне.

А пасля, у трывожным паўсне,
я раптоўна ўздрыгваў, нiбыта
праз парожнюю стынь на мяне
натыкалiся рукi Нябыту.


* * *

Iмглiсты прысак ледзь лiпеў.
На ўзмежку пасвiлiся конi.
Мой бацька спаў. А я сядзеў,
забыўшыся зусiм на стому.

На грудцы сена соп Байкал,
раз-пораз натапырваў вушы,
калi ледзь чутны шолах траў
яго сабачы слых парушваў.

I ценi коней над ракой
мой зiрк цягнулi, чаравалi.
Святая ноч, святы спакой
памалу ў вечнасць адплывалi


Мацi

Змярканне лепiць цень да столi.
Малы, цягнуся, каб схапiць
ружовы бохан спелай поўнi,
на срэбры пальцы сашчапiць.

Матулiн твар усмешкай ззяе.
I шчасця шчырая сляза
як долу падае – ўзрастае
дзiвоснай кветкай хараства.

I песцяць стомленыя вочы
спакой маленькага сынка...
Ужо змянiў свiтанак ночку,
а матчына не спiць рука.


* * *

Нас вельмi мала
iснавала,
мы ўсе iмкнулiся
забыцца,
што некалi маглi дзiвiцца
маленькай, трапяткой крынiцы.

Пакуль звiнела роспач,
побач
мы свет спаткалi –
у маленнi,
i безлiч сненняў без наймення
дая нашых душаў – як збавенне.


Тайна

Двое стаялi ля Вышняй Брамы.
Насустрач Анёл iм выйшаў:
– Вы хто? 
– Мы шукаем праўды,
але не зямной, а вышняй. 

Тады Анёл аднаго паклiкаў:
– Iдэi, для цябе адчыняю Браму!
I той увайшоў у праём. I знiк ён.
I ўслед яму гучала: – Абраны!..

– Чаму? – Запытаўся пасля нябога. –
За брамай – якаясь тайна?
Анёл прашаптаў: 
–Там няма нiчога... –
I зарыдаў адчайна.


Маналог жаўнера

Ты мяне пачакай,
не сыходзь
у бязмежжа спякотнай пустэльнi –
скуты я ланцугамi грахоў,
куляй скрухi
наскрозь прастрэлены.

Не сыходзь,
пачакай мяне.
Абдымi й скажы, што верная.
Я – жаўнер на праклятай вайне.
Ты – жаданая,
белая смерць мая.

 
top  Валеры Скакун


* * *

Няма акрэсленай мяжы
мiж тым, што ёсць,
i тым, што будзе.
Былое мiрсцiцца ў iмжы,
а прышлае – 
шалее ў блудзе.

Не гаспадар я i не госць –
такая выпала мне доля...
Мiж тым, што будзе,
i што ёсць –
я просты сведка. 
I не болей.


* * *

Пералiчу 
свае гады:
выклiчнiк, 
кропка, 
коска,
пытальнiк... 
А далей – 
куды?
Усё ж такi – 
няпроста
шлях выбiраць, 
калi няма
на сэрцы супакою...
За вокнамi – 
ужо зiма,
а я ўсё шчэ 
з вясною.


* * *

Узнёсла-цёплых слоў тваiх пяшчота,
нiбы магнiтам, да цябе хiне.
Вачэй сакраментальная самота 
збiвае з тропу кожны раз мяне.

I рад бы я забыць на ўсё адразу,
i сесцi пры табе на ложка край...
Ды кожны раз я чую тваю фразу:
«Пакiнь мяне... Пакiнь, але кахай».


* * *

Пажоўклым лiсцем адышла надзея. 
Зiма звяла пышноты ўсе ў нябыт.
Зацерушыла снежная завея
душы маёй шматфарбны каларыт.

Нi ў чым не вiнен я перад табою,
як i нявiнна ты перада мной...
Расстанне наша – расцвiло журбою.
Твае лiсты – шматкi маны святой.

Вясну прарочыць снежная самота.
Прамень сустрэчы – яснiць мой настрой.
Вянком наiўных слоў сплывае цнота
ў раку любовi вечнай i зямной.


* * *

Хачу,
каб свет шчаслiвы быў,
каб я
i сам прывольна жыў.
I маiх
думак галасы,
каб
i ў найгоршыя часы
не заляталi 
за парог
маiх 
пакутаў i трывог.


Перад навальнiцай

Я стаю адзiн у начной пустэчы.
Мiрыяды зорак паглынае змрок.
Стома апусцiлася груганом на плечы.
У якi – не ведаю – мне падацца бок.

Аб цень абыякавасцi спатыкнуўся месяц,
хмарай абвязаў ён свой зламаны рог.
Шустрыя маланкi кволы золак крэсляць.
Храмам адзiноты мне падаўся стог.

Не зрабiў i кроку я насустрач здзiву –
як з разлому неба ўпаў агняны шар...
Полымя ваўчыцай кiдалася хцiвай –
стог жудой iскрыўся, грэў нямы абшар.

 
top  Алена Бабурэвiч


* * *

Задыхнулася ноч у бяссоннi дарог,
павуцiннем заслаўшых знямоглую глебу.
Я прыйшла, каб пакласцi табе на парог
тое ўсё, чым жыла.
Цi табе гэта трэба?

А на раннi цябе не будзiў тэлефон,
i ты спаў i салодка, i ўтульна.
Твой ахоўвала сон,
а сама – як праклён –
я гуляла з бяссоннем у сумныя гульнi.


* * *

Лiстапад.
Зоркапад.
Дрэвы адцвiлi лiстотай.
I наўгад,
неўпапад
дождж перабiрае ноты.
I трымцiць,
аж звiнiць,
сцюжа ў спахмурнелым небе.
Пераплыць,
перажыць
адзiноту неяк трэба.
У мяне не засне
злая на душы самота,
ахiне.
Нiбы ў сне,
дождж перабiрае ноты.

 
top  Ярына Дашына


* * *

Варажыла восень над Бугам.
Жаўталiсце мяла спаднiцай...
Журавы развiтальным кругам
над самотнай плылi каплiцай.

Трапяткая панi-бяроза
каля плоту кагось чакала.
...Проста я iшла па дарозе
i зусiм цябе не шукала.

Проста сёння ўначы над рэчкай
месяц зноў за цябе малiўся.
Ты казаў, што не бачыў лепшай...
Можа, ты памылiўся?


Згадкi дзяцiнства

Сонца – гняздом на бярозе.
Босы, маленькi падпасак
гонiць па пыльнай дарозе
кудлаты авечы статак.

Сцяжынкай мiж яблынь белых...
Па водару незямному
хусцiнка плыве, як вэлюм, –
мацi iдзе дадому

 
top  Аляксей Занкевiч


* * *

Роднае слова!..
Ты, як першая птушка,
першы гук майго крыку
над зямлёю пранесла.
Дык ляцi ж ты
шчаслiва i вольна,
i нiколi, нiколi
не трапляй у сiло!..

 
top  Марыля Лагодзiч


* * *

Ты чуеш крык?
Гэта крычыць мая душа,
якой у вочы зазiрнула маланка.
Ты бачыш святло?
Гэта коцiцца поўня
на капiшча Перуна.

Ты лiчыш леты?
Гэта стрэлка гадзiннiка
рушыла на поўнач.

Ты пазнаеш жабку?
Гэта я шукаю 
прытулку.


* * *

Гiтарныя аблокi
вiсяць над нашым пакоем.
Струны iх святла –
павуцiнне нашых думак.


* * *

Я паклiчу цябе варажыць
над прыпынкамi нашага лёсу,
пацалункамi вусны палiць
пад лагодным паглядам нябёсаў.
Пойдзе следам за намi зiма,
закрычыць тваiх крокаў маўчанне.
I не буду ў адчаi сама
грэць на пальцах 
сляпое змярканне...
Я паверу тваёй варажбе –
застануся ў зiмовай журбе.


* * *

Цi варта ратаваць сябе ад сну,
калi нам выпадаюць Рай i Пекла,
калi начны нябыт i золак светлы
караюць за дабро i за ману...
Цi варта ратаваць сябе ад сну?

Цi варта марыць пра бялюткi снег,
калi ў душы снуюць брыдот прывiды,
калi баiшся звонкага блакiту, 
што ахiнае твой няшчыры смех...
Цi варта марыць пра бялюткi снег?

Цi варта слухаць сэрца крыгаход,
калi лiецца па стале гарбата,
не свецiцца ў тваiм паглядзе заўтра,
i толькi шэрых дзён кругазварот...
Цi варта слухаць сэрца крыгаход?


* * *

Мае слёзы
	на вуснах тваiх –
гэта сон твой...
Мае рукi
	ў далонях тваiх –
гэта мара мая...
Мае вочы
	ў сэрцы тваiм –
гэта дзень,
толькi дзень...

Брэст

 
top  Сяргей Прылуцкi


* * *

Iмя Тваё –
як далёкi край...
Усё ў iм таемна
i не зразумела.


ЯНО 

Бачыў: аблокi белага стронцыю
доўгiмi пульхнымi пальцамi
зрывалi i паглыналi
сакавiтыя травы...
Цыркалi слiнай у азёры...

Поўзалi птушкi на пузах –
сляпымi вачыма шукалi,
намацвалi крыллем апалым
месца для смерцi...
З вар’яцкiм туманам у вачах
лёталi белыя конi
па-над закiнутай стайняй...

Спадалi зялёныя космы
з самотных дрэваў...
НЕШТА пранiкла ў мяне
i станавiлася мною.

Я станавiўся НIЧЫМ.


* * * 

Калi ўжо ты хочаш –
я знiкну сёння ж,
растваруся ў брудных хвалях,
адарвуся
лiстком пажоўклым...
Адлегласць мiж намi ў Слова.
Я – скажу,
ты – адыдзеш назад.
...мнуцца травы, 
дымяцца дарогi...
Калi ўжо ты хочаш,
не вярнуся я.

 
top  Юрый Радноў


* * * 

На дзiвосных i вольных мясцiнах
рознаколерны вытканы луг.
Што ён тоiць у кветках – былiны 
цi нашчадкаў узвышаны дух?

Кветкi з ветрыкам песнi спяваюць.
Я iх чую зблiзу i здалёк.
А травiнкi, бы скрыпачкi, граюць,
i танцуе для ўсiх матылёк.

Песнi гэтыя льюцца спрадвеку,
напаўняючы змест дабрынёй.
Яны лечаць душу чалавека
верай, праўдай, любоўю сваёй.

На дзiвосных i вольных мясцiнах
так i хочацца сэрцу спачыць.
I паслухаць ад кветак былiны
пра мой край беларускi, адзiны,
якi я не стамлюся любiць.

 
top  Анатоль Казюка


Дранiкi

Смажаныя дранiкi ў смятане –
як жыцця вясковага ўспамiн:
раннiм досвiткам матуля ўстане
i пячэ, пячэ за блiнам блiн.

Да мяне, у ложак, цеплынёю
зманлiва крадзецца печы жар –
i я ў сне лунаю над зямлёю,
i мне сонца грэе рукi й твар...

На абрусе горкаю на ўслонцы –
печыва смачнечы незямной! –
дранiкi, падобныя на сонцы,
ярка ззялi тукавай расой.

У глячку смятану, як свiтанне,
сонечны праменьчык саграваў...
Дранiкаў смачней з таго снядання
ў гарадскiм жыццi не каштаваў.


* * *

Не чакай мяне 
на скрыжаваннi.
Кветак 
гэтаксама не чакай...
Мары, 
летуценнi, 
спадзяваннi 
зачарнiў
адчаю небакрай.

Салаўi нашы
даўно ахрыплi,
маладзiк
дапiў зару з каўша...
Сэрца 
ажыло
i мукi знiклi –
з выселкаў 
вярнулася душа.


Зорныя плёсы

Вусцiшнаю лiпеньскай спёкай,
калi замiраюць лугi,
нiбы са званiцы высокай,
глядзяцца ў раку берагi.

Увечары зорныя плёсы 
грабеньчыкам промняў-агнёў
расчэсваюць бакенаў космы
ў кудлатых чубах туманоў.

I пахне прывяленым сенам
яшчэ не разбiты пракос.
I бераг, што гнецца каленам,
густым вербалозам аброс.

Ныраюць у бездань зарнiцы
з нябёсаў крутой вышынi,
а месяц за поўняй iмчыцца
ў сусвет на гарбатым канi...

I мне тут прадказана лёсам
правесцi жыцця карабель
у цiшу Бярэзiнскiх плёсаў...
Адно каб не сесцi на мель.

 
top  Iлона Сцяцко


* * *

Ёсць стыхiя вакол мяне,
унутры ёсць маёй iстоты...
Палыхае-гарыць, заве –
згiнуць каб i ўваскрэснуць потым.

Спасцiгае, губляе зноў – 
попел кiдае дрэвам пад ногi.
Закiпае душа i  кроў...
Мы цяпер – агнявыя богi!


Каханне Саламандры

За што люблю  iстоту
стыхii не сваёй?..
Аб гэтым мару ўпотай
ля схову пад зямлёй.

Садзiцца сонца ў небе,
i я гару пад iм
агеньчыкам на глебе
iскрыста-залатым.

Ён – уладар паветра,
а я – служу агню
i ў патаемных нетрах
хаваю цеплыню.

У лесе на паляне
чакаю цэлы дзень,
калi ж сюды загляне
лятучы карабель.

Ну – вось i ён! Мы разам
шчаслiвыя, бы ў сне...
Стыхiйныя наказы
каханне абмiне.

Ды што стыхiй нам воля,
паветра i агню –
па сонечным раздоллi
ляцiм у вышыню!


* * *

А чалавек – ён, бы раслiна,
ад каранёў свой шлях вядзе,
расце на глебе напамiнаў...
А я – i ў глебе, i – нiдзе.

Такая блытанiна лёсу,
што з сэрцам робiцца маiм?
Нi гарадоў, нi сцiплых вёсак
амаль не ведаю зусiм.

Чаго ж цяпер сяджу ў сталiцы?
Як сэрцу трэба памагчы
паветрам свежым наталiцца,
у светлым лесе адпачыць?

I вёска будзе мне чужая –
драўляных хатаў хлебны пах.
Я, ад‘язджаючы, хаваю
сваю тугу пад шэры дах.

Нi тут, нi там – нiдзе не дзецца,
не знiкну ў брудных каляях!..
Няхай ад сэрца i да сэрца
кладзецца роўнай стужкай шлях.


* * *
 
Я глядзела скрозь неба бяздоннае,
дзе аблокi натхнёна плылi,
i, зрываючы покрывы сонныя,
промнi-думкi ляцелi з зямлi.

Я глядзела праз лета i сонечнасць,
i рабiўся блiжэй далягляд.
Калаўротам мiнуўшчыны сённяшняй
час за часам вяртаўся назад.

Я глядзела праз вочы закрытыя
на працятую сувязь мяжы,
адарванага сэрца блакiтнага
i далёкай касмiчнай душы.


* * *

Дзе шмат – там няма асобы.
Дзе край – там няма зямлi.
Дзе цемра табе даспадобы –
там святла не палi.

Дзе шмат – там заўсёды разам.
Дзе край – там гарыць датла.
Дзе цёмна за светлым часам –
i там не палi святла.

Дзе шмат – гэта проста многа.
Дзе край – гэта проста нiць.
Дзе цемра – твая дарога...
Там можаш палiць.


* * *

Святло тушу,
а музыку не буду.
Мне падабаецца,
калi яна гарыць.
Я з ёю дакранаюся да цуду
i пакiдаю часу год стары.
Мой цень прыпаў
алоўкам да паперы
i цяжка штосьцi ўбачыць
без святла.
Над галавой 
праменiцца Венера,
душу мне спапяляючы датла.
А музыка – 
яна гуляе з ценем,
пускае ноч па свеце, 
акрамя
часовага, нязбыўнага натхнення
i цiхага свiтальнага iмя.


* * *

Здаецца, прыйдзе свет
у залатым хiтоне,
як залаты ранет,
спачне ў маёй далонi.

I спраўдзiцца тады
мой сон неразгаданы.
I расцвiтуць сады
пад воблачным дыванам.

У казачнай глушы
заб‘ецца птушкай рэха –
i на маёй душы
заззяе поўняй ветах.


* * *

Раздвоiўся надсвечны язычок,
люструецца агонь на шкле аконным –
здаецца, ён ад халадэчы ўцёк
у лiсце пазалочанага клёну.

Хто з iх сапраўдным полымем жыве?
Яны паветрам дыхаюць абодва.
I рэчаiснасцi яны ствараюць дзве
з вытокаў незнiкальнасцi прыроднай.
Мядовы воск – бурштынная смала –
застыў на мiг, звязаўшы сэнс апальны,
па розныя бакi сляпога шкла
спыняе колер думак развiтальных.


* * *

На стромых хвалях барацьбы
мяне пiльнуюць вiракруты.
Мой кожны крок у сне слабы,
жыццё маё – адны пакуты:

не гнуцца ногi, горкi шлях,
i постаць праглынае цемра...
На яве высвяцiўся жах –
i ўжо змагацца з iм дарэмна.

Атрутай поўнiцца адчай.
Я вязну ў хвалях пранiкнення,
душой абняўшы небакрай
над мяккiм словам абуджэння.


* * *

Надакучыла зiма,
што яшчэ не пачалася.
Я пад снегам дацямна
цэлы дзень шукала шчасця.

Мой квяточны паўсядзён
слёзнай восенню прасiла
не знiкаць, ды згiнуў ён...
Знiк – i ўсё! I збоку – вiлы!

У буслiнай чарадзе
згаслi цёплыя выявы:
не магу знайсцi нiдзе –
пахаваў iх кот бялявы.

У мароза, бы з агню,
кiпцi вострыя балюча
кветны край i цiшыню
разадралi на анучы.
Рэкi-шклянкi – у труне,
нiбы сонныя царыцы,
толькi дзесьцi, аж на дне,
штось жывое варушыцца.

I я потым напiшу,
як вясна блакiтнай стужкай
падпаўзе – i ледзяшу
зломiць голкавае вушка.


* * *

Срэбныя нiцi зрываюцца цiха –
змёрзлы кiрунак сусветнага лiха:
вые мяцелiца, золатам блiшча,
вечар зiмовы ў калядным аблiччы.
Дзiркi на небе, прабiтыя стрэлам.
Зорныя космы пакутна-ссiвелай
казкай халоднай, у шоргаце снегу,
вуснамi мёртвымi ўпiлiся ў глебу...
Чорная ноч паглынае наўколле.
Чорная воля, калючая воля.


* * *

Паеду... Паеду дамоў –
там мае родныя людзi.
Павагу да iх i любоў
нiякi мароз не астудзiць.

Чакае мяне мой дом 
i навагодняе свята...
Там ёлка гарыць агнём
i казка льецца ў гарбату.


Час

Там, за люстрам непаўторнасцi,
там, у iншай старане,
час, бы шар, рухомы зорамi,
абмiне свой рок цi не?

Сутыкнуўся, знiк за вечнасцю,
ды не згiнуў яго дух:
запалiў ён кроплi млечныя,
скрыжаваўшы лёс i рух.

Гонг ударыў за варотамi,
затрашчала небыццё.
Развiтаўся свет з пустотамi –
iх запоўнiла жыццё.


* * *

Шукаць спакой у адзiноце –
знайсцi, каб разгарнуцца ў iм
i загучаць на срэбнай ноце,
i паляцець на край зямны, 

каб цешыцца такой бязмежнай
свабодай лёгкай, маладой,
змагацца за статут належны –
i ўрэшце адшукаць спакой.


* * *

Што русалка – ведаеш сам:
не ўпарцься – iдзi са мной!
Я ўсе песнi табе аддам –
да адной.

Паглядзi ў глыбiню – сады.
Зазiрнi i нырнi ў ваду.
Вельмi проста iсцi туды –
адвяду.

Пад магутным дрэвам рачным
пакладу адалень-траву.
Я табе гавару: «Спачнi...
Я заву!..»

Там, пад хваляй, жыве спакой.
Ён даўно ўжо чакае нас.
Там спынiўся побач з ракой
час.

Чалавек спачнуў у вiры,
а душа – нiяк не засне.
Так i ходзiць яна па старым
дне.


* * *

Роўна-белы снег запрашае прылегчы.
Цела стомлена хiлiцца – толькi б не ўпасцi.
Штосьцi мякка кранае за плечы...
Шчасце?

Шчасце! Гэй, на бялюткай прасторы
ёсць сцежка.
Не блукай! Цi ты хочаш па новай пракласцi
многiх сцежак узоры
на шчасце.

Слабы дотык, хвiлiну трымалася лета.
Сёння ўлады не маю яго назаўсёды ўкрасцi.
А далёка з зiмы адгукаецца шэптам
шчасце.

 
top