| Надзённае | Аўтары | Кнiгi | Проза | Паэзiя | Гумар | Гасцёўня | Змест |
Творчая суполка маладых лiтаратараў пры Саюзе беларускiх пiсьменнiкаў
Семiнары / гутаркi / бягучыя навiны
 
  Святлана Сiнкевiч

Сустрэча ў «Касталii»

 

   

 

   Горад Жодзiна – вядомы ўсяму свету сваёй прадукцыяй: вялiкамагутнымi «БелАЗамi». Заводская шматтыражка «Беларускi аўтазаводзец» нярэдка друкуе вершаваныя i празаiчныя творы маладых – i не толькi – аўтараў, удзельнiкаў мясцовага лiтаратурнага аб’яднання «Крынiца», што iснуе пры клубе «Ветэран». Творчай суполкай кiруе Лiдзiя Мiкалаеўна Навумчык. Яна працуе, трэба сказаць, самаадана i плённа – даволi часта праводзiць паэтычныя вечарыны ў школах ды iншых навучальных установах i арганiзацыях. Гэты раз аднадумцы Лiдзii Мiкалаеўны вырашылi сустрэцца з маладымi творцамi з Мiнску, сябрамi суполкi «Лiтаратар». I такая сустрэча адбылася ў рэгiянальным адукацыйным цэнтры «Касталiя».
   «Крынiцу» прадстаўлялi паэты Анатоль Масолаў, Валянцiн Бародзiч, паэтэсы Галiна Iзотава, Раiса Астраўлянчык, Iрына Хiлюцiч i Лiдзiя Навумава.
   З боку мiнчан – празаiкi Алекс По (Аляксандр Порубаў) i Барыс Левiн.
   Атрымалася так, што жодзiнцы выступiлi з вершамi, а мiнчане – чыталi прозу. Алекс По пазнаёмiў прысутных з новымi, так бы мовiць, пафарызмамi; Барыс Левiн прачытаў некалькi сваiх даволi дасцiпных i надзiва сучасных кароткiх аповедаў.
   Лiчым, што сустрэча гэтая не апошняя, бо такiя лiтаратурныя iмпрэзы наўздзiў цiкавыя i духоўна карысныя.

 

   
 
 
 

Альманах «Панядзелак»

 

   

 

   Калектыўны зборнiк «Панядзелак» мусiць выйсцi ў свет, прыкладна, напачатку лютага 2003 года ў «Тэхнапрынце».
   Аўтары альманаха – сябры суполкi «Лiтаратар». Сярод iх – i даволi ўжо вядомыя Андрэй Паўлухiн (празаiк-фантаст), якi карэктуру сваёй першай кнiгi атрымае недзе адразу пасля Новага года; Валер Скакун – мае паэтычны зборнiк «Мяне вецер шукае»; Таццяна Барысюк, якая нядаўна выдала кнiгу вершаў «Аўтапартрэт»; Вольга Базылёва – яе паэтычны зборнiк «Крылы ў шафе» ўжо здадзены ў друк; Андрэй Барадушкiн – аўтар зборнiка вершаў «Шаг в небо»; Генадзь Бардышаў – яго кнiга паэзii «Соцветье душ» зусiм нядаўна пабачыла свет; Алесь Дзiтрых – паэт i перакладчык, творы якога друкавалiся ў «Першацвеце» i «Маладосцi»; Надзея Старавойтава – аўтар шматлiкiх вершаў i аповедаў, што пабачылi свет у рэспублiканскiм друку; Iгар Клепiкаў i Аксана Спрынчан – iх нiзкi вершаў былi змешчаны ў штотыднёвiку «ЛiМ»; Ганна Галавiна – падрыхтавала кнiгу вершаў i здала рэдактару для азнаямлення; Аксана Камiнская, з творчасцю якой чытачы ўпершыню пазнаёмiлiся ў «Анталогii маладога верша».
   Як вiдаць, лiтаратурны працэс – навiдавоку, рух яго не зацiхае. Без прытоку новых аўтараў гэтае выданне, прызнацца, было б не надта дастатковым. Мушу назваць колькi прозвiшчаў. Паэты й паэткi – Вадзiм Глоба, Сяргей Iваноў, Таццяна Бельская, Святлана Балбуцкая, Алена Сямёнава; празаiкi – Яна Грыбава, Кацярына Зыбайла, Таццяна Пухляк, Анастасiя Лебедзева.
   Да месца прыйшлiся i творы такiх – арыгiнальных i даволi ўжо вопытных – лiтаратараў як Таццяна Дубоўская, Юрась Кур’яновiч, Алена Якаўлева, Алена Котава, Павел Астравух, Дзянiс Кандрацьеў, Наталля Лазука, Iнэса Ганкiна, Вольга Канапацкая, Дэ Апостал Екацярына Канавалава, Барыс Левiн, Алег Быб.
   Рэдактар выдання меў размову i з маладымi мастакамi. Да прыкладу, мастачка з Жодзiна Ганна Сенчанка прапанавала шэраг сваiх малюнкаў – некалькi з iх ужо ўхваленыя Алесем Герасiмавiчам. Рыхтуе свае малюнкi для альманаха даўняя сябра суполкi (празаiк i мастачка) студэнтка Акадэмii мастацтваў Марыя Ткачова.
   Альманах «Панядзелак» абяцае быць глыбоказмястоўным i высокамастацкiм. I не дзiўна: аўтарскi актыў выдання – маладыя таленавiтыя людзi, сэрцы якiх поўняцца пачуццём любовi да чалавека, плён iх творчасцi прыемна ўражвае i натхняе на добрае.

 

   
 
 
  З дырэктарам выдавецтва «Тэхнапрынт» Антонам Пятровiчам Аношкам гутарыць Таццяна Барысюк

«Кнiга павiнна быць створана з дабрынёй i любоўю да свайго будучага чытача»

 

   

 

   – Антон Пятровiч, колькi гадоў iснуе выдавецтва «Тэхнапрынт» i якога профiлю лiтаратуру яно выдае?
   – Наша прадпрыемства iснуе з 20 снежня 1995 года (хутка будзе 7 гадоў).
   Пачыналi мы як палiграфiчнае прадпрыемства, друкавалi рэкламкi, брашуры. Пасля атрымалi выдавецкую лiцэнзiю i пачалi выдаваць лiтаратуру, у асноўным тэхнiчную, навуковую, навукова-папулярную, вытворча-практычнага прызначэння i навучальную для ВНУ, сярэднiх спецыяльных навучальных устаноў. Паколькi я сам тэхнар, маю тэхнiчную адукацыю, справа знаёмая, прасцей размаўляць з аўтарамi, нават высокаадукаванымi, дактарамi i кандыдатамi навук, з iмi знаходзiм паразуменне пры падрыхтоўцы прац да выдання.
   – Якiя мэты i задачы Вы ставiце перад сабой як дырэктар выдавецтва?
   – Самая галоўная задача ў любога прадпрыемства, арганiзацыi, мабыць, – зарабляць грошы, каб быў добры заробак ва ўсiх, хто працуе на прадпрыемстве, каб выпускалася высакаякасная прадукцыя. Мы робiм кнiгу ад пачатку да канца: ад рукапiсу да гатовага выдання. У нас дружная каманда аднадумцаў. Хачу ўсiм iм сказаць вялiкi дзякуй за iх высокапрафесiйную i прыгожую працу.
   – На якую аўдыторыю Вы пераважна арыентуецеся: на навукоўцаў, выкладчыкаў, студэнтаў цi на ўсiх зацiкаўленых чытачоў?
   – У нас дастаткова шырокi спектр выдаваемай лiтаратуры, якi задаволiць iнтарэсы ўсiх людзей, якiх Вы назвалi. У нас выпускаецца шмат манаграфiй, мы друкуем вучэбную лiтаратуру, якая цiкавая ў першую чаргу для студэнтаў, кнiгi па тэарэтычнай механiцы, матэматыцы, тэхналогiях машынабудавання. Мы выдаём рад часопiсаў. Гэта «Мир технологии» для навукоўцаў, часопiс «Минская школа» для настаўнiкаў, бацькоў i дзяцей, часопiс «Вестник детского движения» таксама закранае школьную тэматыку, «Психологическая служба» ў асноўным для работнiкаў сацыяльнай сферы, для дашкольных устаноў. Разам з Анатолем Аўруцiным мы выдаём яшчэ часопiс «Немига литературная». У гэтым годзе выйшла чатыры нумары. У канцы часопiса ёсць рубрыка «Немижка», дзе прадстаўлены творы для дзяцей або дзiцячая творчасць. Выдаваўся ў нас таксама часопiс «Книжный калейдоскоп», у якiм мы час ад часу друкавалi лiтаратурную крытыку. Акрамя названых часопiсаў, мы выдаём яшчэ рад выданняў на рускай i беларускай мовах, якiя прыносяць да нас у выдавецтва як ужо вядомыя аўтары, так i маладыя. Алесь Масарэнка рыхтуе да друку альманах маладых лiтаратараў Беларусi «Панядзелак», якi таксама выйдзе ў нас.
   – Цяпер такi час, што дзяржаўныя выдавецтвы доўга трымаюць рукапiсы аўтараў, i тое, што ў Вашым выдавецтве даволi танныя каштарысы – гэта добрая альтэрнатыва для творцаў, якiя хочуць пабачыць плён сваёй працы як мага хутчэй. Якi Ваш погляд на гэтую сiтуацыю?
   – Выданне хутчэй выходзiць у свет, таму што мы маем уласную палiграфiчную базу. Паколькi мы камерцыйная арганiзацыя, мы зарабляем грошы самi. Таму чым больш прадукцыi мы зробiм за пэўны час, тым больш паспяхова ў нас iдуць справы фiнансавыя.
   – Кнiгi якiх аўтараў, якiя ствараюць мастацкую лiтаратуру, выпусцiла Ваша выдавецтва?
   – Прозу мы друкуем рэдка (Леанiд Шадрын «Ветряные мельницы», Мiхась Южык «Перакулены час», Мiхась Шаванда «Заходзьце ў шматгалосы храм», Алесь Дольскi «Трава при дороге»), а так у асноўным друкуем вершы. У нас ёсць два кансультанты ў гэтым плане – Алесь Масарэнка, з якiм у нас плённае супрацоўнiцтва, i Анатоль Аўруцiн, з якiм у нас таксама абсалютнае паразуменне. Кнiга вершаў Вячаслава Макуця «Калейдоскоп жизни» ўжо выйшла, яму спадабалася, цяпер мы другую кнiжку яму робiм. Супрацоўнiчаем з клубам паэзii Палаца ветэранаў, лiтаратурным аб’яднаннем «Натхненне». З iмi мы ўжо зрабiлi тры зборнiкi. Там ёсць i проза, але ў асноўным вершы. Выдавалi мы кнiгу Анатоля Аўруцiна «Суд богов».
   – Вы шмат гадоў супрацоўнiчаеце з А. Масарэнка як рэдактарам. Гэта чалавек, якi добра разбiраецца ў лiтаратуры, якi клапоцiцца, каб выходзiлi творы на высокiм мастацкiм узроўнi. Назавiце, калi ласка, кнiжкi, якiя выходзiлi ў Вас пад рэдактарствам Алеся Герасiмавiча.
   – Гэта кнiгi прозы Марыi Вайцяшонак «Сад нявiннасцi», Антанiны Карташовай «Солдаты с косичками» i вершаў – Анатоля Казюкi «Зорныя плёсы», Генадзя Бардышава «Соцветье душ», Альберта Васiльева «Лёгкие тени», Лiдзii Мядзведзевай «Конус света», Мiкалая Iванова «Откровение», Наталлi Чаклiнай-Гарбачовай «Земная жемчужина», Iгара Iсакава «Космолиптика». Таксама вось перада мной ляжыць свежанькая кнiжка Валянцiна Панкевiча. Павiнна хутка пабачыць свет. Мне вельмi падабаецца працаваць з Алесем Герасiмавiчам, паколькi я цалкам яму давяраю як лiтаратуразнаўцу-спецыялiсту, як лiтаратурнаму рэдактару, i я ведаю, што, калi мы якую-небудзь кнiжку разам зрабiлi, то яна атрымае свой станоўчы статус у грамадстве, у чытачоў. Нядаўна мы з А. Масарэнкам азнаёмiлiся з рукапiсам кнiгi пастаўчанкi Нiны Захарэвiч, адрэдагавалi яго, i хутка яе кнiга пабачыць свет.
   – Цi выдаюцца ў Вас кнiгi маладых аўтараў?
   – Так. З апошнiх узгадваю кнiгу вучанiцы 8-га класа г. Слуцка Аляксандры Маталыцкай «Царство пороков» (казкi). Рэдагаваў яе Анатоль Аўруцiн. Выйшла таксама кнiга прозы чатырнаццацiгадовай Яўгенii Тоўсцiк «Новенькая».
   – Цi ёсць у Вас прыярытэт па выпуску рускамоўнай цi беларускамоўнай кнiжнай прадукцыi?
   – Мы друкуем вершы й прозу i на рускай, i на беларускай мовах. Для мяне як дырэктара выдавецтва не iснуе рознiцы, на якой з гэтых моў выдаваць кнiгу. Як чалавеку зручней пiсаць, на якой мове яго творчасць здзяйсняецца, на такой i будзем друкаваць.
   – Цi прымалi аўтараў па выдадзеных у Вашым выдавецтве кнiгах у Саюз пiсьменнiкаў?
   – У гэтым годзе па нашых кнiжках прынялi ў Саюз пiсьменнiкаў Расii семярых аўтараў: Лалу Чорную, Таццяну Лебедзеву, Леанiда Галубцова, Сяргея Карчыцкага, Наталлю Татур, Андрэя Душачкiна-Клiмава i Тамару Краснову-Гусачэнка.
   – Для чытачоў газеты, мяркую, будзе цiкава даведацца, якое ў Вас хобi? Цi паспяваеце азнаёмiцца са зместам кнiг, якiя выдаеце?
   – Я абавязкова чытаю ўсё тое, што мы друкуем, бо ў мяне ёсць свае пэўныя маральныя прынцыпы, i таму трэба ведаць, што робiш, каб не было пасля крыўдна i горка глядзець, калi нехта пакажа, што мы надрукавалi. Гэта першае. А другое – паважаю класiчную музыку, пад настрой люблю слухаць мелодыi гiтары. Музыка супакойвае, дае магчымасць падумаць, прыдумаць што-небудзь. Яна дае мне вялiкi зарад бадзёрасцi i дадае фантазii ў вырашэннi тых пытанняў, якiя мяне турбуюць на працы.
   – Акрамя музыкi ў Вас ёсць захапленнi?
   – Я турыст са стажам. Я праехаў на веласiпедзе ўздоўж усёй Волгi, усю Прыбалтыку, Залатое Кальцо Расii, усю Беларусь.
   – У жнiўнi гэтага года пабачыла свет з дапамогай Вашага выдавецтва i мая кнiга вершаў «Аўтапартрэт» (рэдактар А. Масарэнка, камп’ютэрны дызайн Д. Андрэева), i я вельмi задаволеная якасцю выдання i знешнiм выглядам кнiжкi. Калiсьцi Максiм Багдановiч пiсаў у сваiм вершы: «Я не самотны, я кнiгу маю \\ З друкарнi пана Марцiна Кухты». Цяпер я таксама магу сказаць, крыху перайначыўшы радкi класiка: «Я не самотная, я кнiгу маю з друкарнi Антона Пятровiча Аношкi».
   – Так, мы стараемся кнiгi рабiць прыгожа. Мне падабаецца, калi аўтар бярэ сваю кнiгу ў рукi, i ў яго вочы блiшчаць. Прыгажосць! Гэта самае галоўнае. Я лiчу, што кнiга павiнна быць створана з дабрынёй i любоўю да свайго будучага чытача.
   – Так, варта рабiць гэту важную справу дзеля самасцвярджэння i творчай радасцi аўтараў, для задавальнення духоўных патрэбаў чытачоў, а таксама для ўзбагачэння нашай беларускай лiтаратуры. Вялiкi дзякуй за размову. Поспехаў Вам.
   – Дзякуй.

 

 

   
 
 
  Ю. Трубец

Прыйшлi абраныя

 

   

 

   «Шмат званых, але мала абраных» – гаворыцца ў Бiблii. Сёння на сустрэчы з лiтаратурамi прыходзяць не тысячы, а сотнi, а то i дзесяткi чытачоў. Аднак калi яны прыходзяць, то не пад прымусам ( «начальства загадала»), а па ўласнай волi i з жаданнем пабачыцца з лiтаратарамi, якiх яны чытаюць i паважаюць.
   Такога кшталту сустрэчы адбылiся на Гродзеншчыне, а менавiта ў Мiры, Карэлiчах i Наваградку.
   У лiтаратурных сустрэчах прынялi ўдзел Вольга Iпатава, Лiдзiя Савiк, Эрнест Ялугiн, Алесь Рыбак, а таксама наваградчанка Таiса Супрановiч.
   Кожны з iх зрабiў у лiтаратуры нямала: Лiдзiя Савiк напiсала кнiгу пра выдатнага нашага земляка Барыса Кiта, а потым пра творчасць беларускiх паэтаў замежжа, хаця тэма гэтая i сёння не лiчыцца прэстыжнай, а на пачатку 90-х гадоў ўвогуле была ледзь не забароненай, бо аўтар шмат працавала ў адкрытых на нейкi час архiвах КДБ i абнародавала абсалютна невядомыя нашай грамадскасцi факты. Яе крытыкаваў нават прэзiдэнт Акадэмii навук А. Вайтовiч, якi пасля, здаецца, усё ж змянiў сваю думку пра людзей, што i праз дзесяцiгоддзi аддана i шчыра любяць нашу Беларусь.
   Эрнесту Ялугiну належаць такiя выдатныя творы, як «Мстиславцев посох» i раман пра Цiшку Гартнага «Без эпiтафii», дзе сабраны вялiкi матэрыял пра ахвяр сталiнскiх рэпрэсiй на Беларусi. Ён засноўваў газету «Наша слова», а сёння выступае таксама з публiцыстыкай, дзе востра ставiць надзённыя праблемы.
   Алесь Рыбак вядомы не толькi сваiмi раманамi «Трэба было жыць" i Што пасееш», але i вострай, дасцiпнай публiцыстыкай.
   Лiтаратарам задалi шмат пытанняў, па якiх было зразумела, што чытачы да iх прыйшлi сапраўды дасведчаныя.
   Пiсьменнiкi звярнулi ўвагу на тое, што, хаця iх часта крытыкуюць за нiбыта бяздзейснасць, але праца многiх з iх дае свае вынiкi – напрыклад, памочнiк прэзiдэнта В. Цэпкала ў «Лiме» засведчыў, што Барыс Кiт з’яўляецца гонарам нашага народу ( у той час як раней усiх эмiгрантаў адназначна абражалi ва ўладных выданнях як здраднiкаў). Вярнулiся да народа iмёны I. Дамейкi i I. Гашкевiча, за якiя доўгiя гады змагаўся А. Мальдзiс.
   Саюз пiсьменнiкаў працуе з маладой зменай – штогадовыя семiнары творчай моладзi, якою кiруе вядомы пiсьменнiк А. Масарэнка, карыстаюцца папулярнасцю, няма адбою ад жадаючых удзельнiчаць у iх.
   «Трэба больш чытаць беларускiх лiтаратараў, i тады будзе ясна, якi вялiкi творчы патэнцыял нашай лiтаратуры i яе дэмакратычных традыцый» – было зазначана на сустрэчах.

 

   
 
 
   Надзённае  >>
  
top