| Надзённае | Аўтары | Кнiгi | Проза | Паэзiя | Гумар | Гасцёўня | Змест |
Творчая суполка маладых лiтаратараў пры Саюзе беларускiх пiсьменнiкаў
Семiнары / гутаркi / бягучыя навiны
 
  Кацярына Папова

Лiрычны рэпартаж

 

   

 

   Добры дзень, дарагi зямляча!
   Жывеш ты нялёгка, у паўсядзённых клапатах пра iснаванне: капаеш бульбачку, якая не вельмi радуе сёлета ўраджаем, прыбiраеш з поля моркаўку,буракi, капусту, прыпасы на зiму гатуеш, няма калi дыхнуць, што й казаць.
   I ўсё ж, калi-нiкалi я параiла б табе звярнуць увагу на аб’явы, якiя час адчасу з’яўляюцца ў цэнтры нашага мястэчка, каб потым не пашкадаваць, што застаўся ў баку ад цiкавай падзеi, якая адбылася ў родным куце.
   Бо я ж ведаю, што ты ўмееш не толькi шчыра працаваць, але i весялiцца, ахвочы да песень, танцаў, жартаў розных, трапнага мастацкага слова, умееш гасцей прымаць сардэчна, шчыра.
   Можа яны таму i iмкнуць у наш старажытны Тураў. I пабыўшы тут адзiн раз, хочацца iм завiтаць да цябе i да надпрыпяцкiх краявiдаў яшчэ i яшчэ раз.
   Сведчаннем таму нядаўнi прыезд у Тураў няўрымслiвых, творчых людзей, цiкаўных да гiсторыi нашай Бацькаўшчыны: маладога мастака, пiсьменнiка Юрыя Кур’яновiча, члена Саюзаў пiсьменнiкаў Беларусi i Расii паэткi-песеннiцы Валянцiны Палiканiнай, дарэчы, яны другi раз за кароткi прамежак часу наведалi Тураў, i паэта-барда Валерыя Пазнякевiча, якi ў першыню пазнаёмiўся з Туравам.
   Святочная сустрэча з гэтымi людзьмi адбылася ў Тураўскiм гарадскiм доме культуры. Я думаю, каму пашчасцiла прысутнiчаць на сустрэчы - не пашкадаваў, бо хвiлiны, праведзеныя побач з гэтымi людзьмi, былi сапраўдным святам душы, гаючым лекам для яе. Што тычыцца мяне, то цукар у крывi, якi дагэтуль зашкальваў, знiзiўся напалову. Раю прыслухацца i абавязкова такiя мерапрыемствы наведваць хворым цукровым дыябетам i не толькi iм.
   На пачатку вечарыны, якую адкрыла вядучая, наша тураўская прыгажуня Аксана Блоцкая колькi слоў сказаў Юрый Кур’яновiч, сэнс выступлення ў тым, што ён улюбёны ў Тураў i таму, як толькi выпадае вольная хвiлiна лецьма ляцiць сюды. Далей ён з хваляваннем прачытаў верш нашай любiмай паэткi Яўгенii Янiшчыц:
                  Будзе слоту абвяшчаць прагноз,
                  Лiстабой учынiць ператруску,
                  Песняй, што расчулiла да слёз
                  Я прыму цябе па-беларуску.
   Што праўда, то праўда нiякая слота для Юрыя не перашкода, ахвяруе вольнымi ад працы днямi, спяшаецца да тураўцоў, ды не адзiн, а кожны раз вязе з сабою цiкавага чалавека.
   У лiпенi сам не змог прыехаць, дык адправiў паэта-перакладчыка Генадзя Бардышава i Валянцiну Палiканiну. I вось яна зноў у Тураве, бо калi даведалася, што Юрый арганiзуе паездку, вырашыла: «Абавязкова паеду. Там жа пры храме Усiх Святых чакаюць абяздоленыя дзецi, а сярод iх маленькi Марцiн, якога часта ўспамiнала, бачыла ў снах». Прыехала не з пустымi рукамi, прывезла невялiкую гуманiтарную дапамогу для храма, а Тураву - вершы цiкавыя i змястоўныя.
   Юрый перадае слова Валянцiне i яна з хваляваннем, па-майстэрску, чытае творы, прысвечаныя Кiрыле Тураўскаму, лясам якiя гараць, Духоўнаму Чарнобылю. Трывожна, хвалююча.
   Змяняе Валянцiну на сцэне Валерый Пазнякевiч, паэт-бард. Шчаслiвыя былi тыя хвiлiны. Я слухала яго песнi i думала: «Колькi талентаў мае наша зямля!» А ён не стамляўся чытаць вершы, прысвечаныя роднай Беларусi, яе людзям, роднай мове. Ён клiкаў нас шанаваць мiнулае, берагчы светлае i прыгожае, што маем, ушаноўваць памяць продкаў. Змястоўныя, вобразныя вершы змянялiся шчырымi песнямi.
   Напрыканцы вечарыны маленькiя тураўчанкi, магчыма будучыя артысткi: Маша Клаўс, Даша Катлярчук, Яна Радзiёнава ўручылi Валерыю кветкi, а народныя ансамблi «Ярок» i «Прыпяць» парадавалi гасцей цудоўным, вабным выступленнем.
   Думаю, усе, хто быў на сустрэчы, вярталiся дамоў адпачнуўшымi, а дзе-нiдзе можна было пачуць: «Часцей бы праводзiлiся такiя цiкавыя мерапрыемствы».

Кацярына Папова,
настаўнiца беларускай мовы i лiтаратуры.
г.п. Тураў Жыткавiцкага раёна Гомельскай вобласцi

 

   
 
 
  Таццяна Светашова

«Верасень - 2002»

 

   

 

   Ранiцай 19 верасня ў вялiкай зале Дома лiтаратара сябры Саюза беларускiх пiсьменнiкаў сустракалi гасцей – удзельнiкаў Рэспублiканскага лiтаратурнага семiнара «Верасень – 2002». Чаму «верасень», мяркую, тлумачыць не трэба; а «2002» – таму што адбываюцца такiя семiнары штогод, i штогод у iх прымаюць удзел маладыя паэты й празаiкi з усёй Беларусi.

   Гэтым разам удзельнiкаў было няшмат. (Але ж хiба ў колькасцi справа?..) Амаль усе яны – з Мiнска, i ўсе яны з’яўляюцца сябрамi творчай суполкi «Лiтаратар», што працуе пры Саюзе пiсьменнiкаў. (Не выключэнне i аўтар гэтага артыкула.)
   Адкрыў семiнар Алесь Масарэнка – лiткансультант Саюза пiсьменнiкаў, якi ўзначальвае наша лiтаб’яднанне. Нагадаў ён, дарэчы, у сваiм выступленнi таксама i пра альманах «Панядзелак», што рыхтуецца да выдання. (Зборнiк атрымаў такую назву таму, што масарэнкаўцы сустракаюцца заўсёды па панядзелках.)
   Вяла пасяджэнне Вольга Iпатава. Яна ж i распачала тое, што ў афiцыйных мерапрыемствах прынята называць урачыстай часткай. Перад моладдзю выступiлi празаiкi й паэты – Сяргей Законнiкаў, Уладзiмiр Арлоў, Мiхась Скобла, Алесь Рыбак, Мiкола Чарняўскi, Алесь Пашкевiч... Шмат гаварыллася пра цяжкасцi й праблемы рознага кшталту, але ўсё ж – больш пра надзеi й спадзяваннi, якiя звязвалi з маладым лiтаратурным пакаленнем. Прыгадвалi шаноўныя выступоўцы й часы сваёй маладосцi, свае семiнары, свае першыя сустрэчы з класiкамi...
   Далей пачалася творчая работа секцый, дзе адбывалася знаёмства, чытанне i абмеркаванне вершаў i прозы ўдзельнiкаў семiнара.
   Пасля абеду (Так-так! Не хлебам адзiным... Але блага, калi маладыя таленты галадаюць!)... Дык вось, пасля абеду работа секцый працягвалася яшчэ гадзiны дзве, але i гэтага часу некаторым аказалася недастаткова.
   А ў праграме семiнара быў яшчэ i конкурс на лепшы твор. Пакуль усе чакалi яго пачатку, мне ўдалося даведацца пра некаторыя сюрпрызы журы конкурсу. Напрыклад, пра тое, якiя прызы будуць уручаныя пераможцам: вядома ж, гэта былi кнiгi (за першае месца – «Беларуска-рускi слоўнiк», за другое – «Песня пра зубра» Мiколы Гусоўскага, за два трэцiя месцы – вядомая кнiга «Я з вогненнай вескi»).
   ...I вось усе ўжо зноў сабралiся ў вялiкай зале. Маладыя паэты чыталi па тры вершы, празаiкi – па адным апавяданнi. Пра што пiша зараз моладзь?.. А ўсё пра тое ж – шчырае i светлае: пра каханне, пра радзiму, пра прыгажосць... Часам – пра боль, смутак i адзiноту... Вядома, па-свойму...
   Журы конкурсу (В. Iпатава, А. Масарэнка, М. Скобла, А. Рыбак, В. Якавенка) усё руплiва занатоўвала i ставiла адзнакi, як у школе.
   А можа, гэта i ёсць школа. Толькi школа лiтаратурная, творчая. Хоць i адзнакi гэтыя – умоўныя, i навучанне – таксама ўмоўнае, бо нельга навучыць прызванню творцы, як нi старайся.
   У дыпломе, якi атрымаў кожны з удзельнiкаў, напiсана: «Жадаем поспехаў на светлым шляху вашай творчасцi на карысць роднай Беларусi!» I нават калi не ўсе з удзельнiкаў семiнара сцвердзяць свае здольнасцi ў беларускай лiтаратуры, затое яны больш годна сцвердзяць свой чалавечы талент – заставацца людзьмi творчымi. Па сутнасцi, найперш гэта i ставiлася мэтай семiнара маладых беларускiх лiтаратараў.

 

   
 
 
   

Выйшаў у свет часопiс рэдакцыйна-выдавецкай установы
«Лiтаратура i Мастацтва» – «Крынiца», №№ 9 - 10

 

   

 

   Нумар здвоены. Тыраж маленькi. Што зробiш? Пачынаць даводзiцца амаль з нуля. Тым не менш, маю гонар сказаць, што часопiс паступова набiрае разгон. Мы яшчэ не ўзнялiся вышэй аблокаў, але i за паркан ужо не чапляемся.
   Адбылiся, лiчу, да лепшага змены ў афармленнi. Унутраныя бакi вокладак, раней яны былi як бельмы, зараз запоўнены здымкамi й тэкстам пад рубрыкай «Дрэвы, камянi, крынiцы». Трыадзiны вобраз мацi-Беларусi.
   Выданне ўпершыню скампанавана па раздзелах. Першы называецца так: «ХХI-е стагоддзе – Беларускi праект». Другi – «Прыгожае пiсьменства». Трэцi – «Адкрытае грамадства». 3 пералiку бачым, што «Крынiца» спакваля набывае грамадска-палiтычныя рысы.
   На пачатку iдзе iлюстраваны расказ аб узвядзеннi новай Нацыянальнай бiблiятэкi. Мы запланавалi гэты матэрыял задоўга да агульнабеларускай акцыi па зборы сродкаў на сапраўды казачны Храм кнiгi. Дарэчы, адзiн з нашых аўтарау, Мiхаiл Леках (назiраннi аб жыццi сучаснай Латвii) свой ганарар ахвяруе на карысць Бiблiятэкi.
   Змешчаны багаты матэрыял да 90-годдзя Максiма Танка. Цяжка паверыць, але вядучая беларуская газета «Советская Белоруссия» прысвяцiла гэтай даце лiтаральна некалькi радкоў, ды яшчэ на апошняй старонцы, там, дзе звычайна месцяцца красворды.
   Надрукаваны вершы Галiны Каржанеўскай i Мiхася Башлакова, апавяданне Алеся Масарэнкi.
   Безумоўна, з цiкавасцю будзе прачытана даследаванне Уладзiмiра Конана – «Бiблейскiя архетыпы i хрысцiянскiя матывы ў беларускай лiтаратуры».
   Распачата сур’ёзная гаворка пра стан сучаснай беларускай мовы.
   На заканчэннi кароценькага агляду – напамiн пра вераснёўскае свята Беларускага пiсьменства ў Мiры. «Крынiца» не была б «Крынiцай», калi б не адзначыла гэты баль духу, ведаў, весялосцi...

   Вячаслаў Дашкевiч,
   галоўны рэдактар ч-са «Крынiца»

 

   
 
 
  
top