Шаноўнае спадарства!
Творчая сябрына «Лiтаратар» вось ужо каторы год працуе натхнёна i плённа. Маладыя паэты й празаiкi збiраюцца ў Доме лiтаратара найперш дзеля таго, каб пачытаць свае новыя творы й тут жа пачуць крытычныя водгукi не толькi сяброў, але, безумоўна, i самога кiраўнiка суполкi Алеся Герасiмавiча...
Наша творчая моладзь, вядома ж, не павiнна цурацца i самых модных творчых плыняў ды накiрункаў, але ў той жа час ёй не след забываць i на сваю шматфарбную спадчыну, не пакiдаць абсягаў нацыянальнага, бо ёсць чаму павучыцца i ў Максiма Багдановiча ды Янкi Купалы, i ў Максiма Гарэцкага, Iвана Мележа, Уладзiмера Караткевiча ды Янкi Брыля i Васiля Быкава, як i ў тых жа Рыгора Барадулiна, Алеся Разанава, Нiны Мацяш... А ўвогуле ж – маладыя творцы няхай пiшуць так, як да iх яшчэ нiхто не пiсаў. I ўсяго толькi. Час усё паставiць на сваё месца: хто чаго варты, той i атрымае тое.
Я ўпэўнены, што менавiта да тых удзельнiкаў нашай сябрыны, хто працуе ўдумлiва, любiць роднае слова i сваю Бацькаўшчыну, i прыйдзе заслужанае прызнанне – iх творы знойдуць свайго чытача. Раман... Аповесць... Зборнiк апавяданняў... Паэма... Нiзка вершаў... Адным словам, усё залежыць ад таленту: калi ён ёсць – будуць i творы. Тыя самыя, высокамастацкiя, што звычайна i складаюць першую кнiгу. Чакаем Вас!
|