| Надзённае | Аўтары | Кнiгi | Проза | Паэзiя | Гумар | Гасцёўня | Змест |
Творчая суполка маладых лiтаратараў пры Саюзе беларускiх пiсьменнiкаў
Гумар
 
top  Аляксандр Вашчанка

 

Гумарэскi

 

Калядная прыгода


   Раскажу я вам, сябры, адну гiсторыю. Але паколькi ўсе яе дзеючыя асобы жывыя i здаровыя, iх iмёнаў называць не буду.
   Дык вось. З даўнiх часоў у беларускiх сялян свежына на стале з’яўлялася звычайна раз у год – на Каляды.
   На працягу года гаспадынi старанна даглядалi сваiх парсючкоў, якiя да зiмы до-обра вырасталi!
   У нашай мясцовасцi парсючкоў звычайна страляюць. Можа, што дзiчыны ў лясах амаль не засталося, а мужыку хочацца адчуць сябе здабытчыкам. Ды толькi вось стрэльбы былi не ў кожнага. Таму паляўнiчыя ў гэты тыдзень карысталiся вялiкiм попытам.
   Мой дзядзька лiчыўся адным з лепшых паляўнiчых, асаблiва па хатняй дзiчыне, i ўвесь калядны тыдзень быў у яго загадзя распланаваны. Дамоў ён вяртаўся ўначы, на падпiтку, але пад пахай трымаў добры кавалак сала, i жонка не надта яго дапякала. Аднаго разу сусед, якi заўсёды карыстаўся паслугамi дзядзькi, падумаў: «А цi я не залiшне яму даю? I пакармi, i напаi, i з сабой дай!» I вырашыў абысцiся без дзядзькавых паслуг. Папрасiў у сваяка стрэльбу, толькi набояў не знайшлося. Давялося-такi звяртацца да дзядзькi. Той узяў дзве гiльзы, паставiў туды капсулi, насыпаў двайную норму пораху, забiў пыжы, але i адной карцечыны не паклаў. Зрабiў, такiм чынам, два халастыя набоi. Сусед паабяцаў налiць сто грамаў i пашыбаваў дахаты. Дзядзька ж хуценька на дах, каб адтуль назiраць!
   Сусед выгнаў парсюка з хлеўчука, узяў стрэльбу, прыцэлiўся i нацiснуў на курок. Стрэльба шандарахнула так, што задрыжалi шыбы, а вароны з дрэў з карканнем узнялiся ў паветра. Суседа ад штуршка прыкладам адкiнула на пару метраў назад. Ад вiскату парсюка заклала ў вушах, але падаць на зямлю ён не збiраўся. Сусед, калi ўбачыў гэта, ударыў з другога ствала...
   Дзевяностагадовая бабулька ў суседняй хаце вырашыла, што пачалася трэцяя сусветная, залямантавала, а сусед шпурнуў стрэльбу ўбок, схапiў нож i кiнуўся даразаць парсюка. Ды калi аглушаная жывёлiна зразумела, што яе яшчэ i рэжуць, дык у адчаi пайшла ў наступ на свайго крыўдзiцеля. Людзi бачылi, як сусед бег па дарозе i крычаў: «Людцы, ратуйце!».
   Дзядзька ад рогату скацiўся з даху i так ляснуўся, што зламаў дзве рабрыны. Давялося потым суседу разам з дзядзькам ляжаць у раённай бальнiцы на суседнiх ложках.

 

Пчалярская навука


   Сябры, вам падабаецца мёд? Вядома, адкажаце вы, хто ж яго не любiць! Але, каб есцi мёд кожны дзень, трэба мець сваiх пчолак, бо калi на Камароўцы вы паспытаеце гэтага духмянага далiкатэсу, дык не забудзьцеся хуценька закрыць рот. З чаго б гэта? Усё проста: калi вам скажуць цану, то ад здзiўлення тут жа вывiхнецца скiвiца.
   Вось i вырашыў я завесцi пчолак. Змайстраваў вулей, прачытаў пару кнiжак па пчалярству... Карацей, затрымка была за пчоламi. А дзядзька мой, скажу я вам, акрамя таго, што паляўнiчы й рыбак, дык яшчэ i неблагi пчаляр. Прырода неяк ураўнаважыла яго здольнасцi, бо ад першых двух заняткаў карысцi мала. Пчаляр жа, калi ў яго на плячах галава, а не качан капусты, заўсёды можа мець лiшнюю капейку i быць з мёдам. Звярнуўся я за дапамогай да дзядзькi. Той паабяцаў даць рой. I вось аднойчы ён тэлефануе мне i кажа:
   – Ганi да мяне, вылецеў рой!
   Я, бы на крылах, прыбег да дзядзькi. Той павёў мяне ў сад. На вяршынi старой яблынi вялiзнай шэрай грушай вiсеў рой.
   – Бачыш, кiлаграмы на чатыры пацягне! Ужо ў гэтым сезоне прынясе табе вядро мёду. Здымай!.. – кажа дзядзька, а сам неяк хiтравата ўсмiхаецца.
   Я не прыдаў увагi гэтай усмешцы, а дарэмна... Прыставiў да яблынi лесвiцу, распалiў дымар, адзеў сетку, узяў раёўню i палез. Тады я не ведаў, што ў дзядзькi была сям’я злосных лясных пчол, да якiх ён i сам баяўся падступiцца. Якраз на гэтым раi дзядзька i вырашыў даць мне ўрок пчалiнага майстэрства. Я тым часам залез на пяцiметровую вышыню i падабраўся да роя. Пчолы сустрэлi мяне напружаным гудзеннем. Я дзьмухнуў на iх з дымара. Гудзенне падскочыла на актаву ўверх i ў некалькi разоў узмацнiлася. З дзесятак пчол-ахоўнiц ужалiлi мяне за аголеныя рукi. Потым я даведаўся, што дзядзька глядзiць сваiх пчол у тоўстых гумавых пальчатках, але пра гэта ён мне, вядома, не сказаў. Я дзьмухнуў яшчэ раз, спадзеючыся супакоiць пчол. Лепш бы я гэтага не рабiў! Дзiкiя лясныя пчолы не лiчаць чалавека сваiм гаспадаром, i яны гэта даказалi на справе. Я адчуў, як праз вопратку мне ў спiну, шыю i бакi ўтыкаюцца спякотныя джалы. Я зразумеў, што адчувае касалапы, калi лезе ў дупло па мёд, але ж у мяне, на жаль, не было мядзведжай футры. Уцякаць было б, аднак, занадта сорамна. Я хуценька страсянуў пчол у раёўню, малпай скацiўся з яблынi й кiнуўся хавацца ў лазню. Дзядзька рагатаў, трымаючыся за жывот, а мне было не да смеху. Паўгадзiны я выдзiраў са сваёй скуры пчалiныя джалы. Вы бачылi калi-небудзь надзьмутыя гумавыя пальчаткi? Вось такiмi сталi мае рукi, а тварам я стаў падобны да Чынгiс-хана.
   Але ж першы ў жыццi рой за свае пакуты я атрымаў. I мёду гэтыя пчолы мне прынеслi, i радыкулiт пасля iх укусаў некуды знiк, так што, дзякуючы дзядзькавай суровай навуцы, я стаў сапраўдным пчаляром!

 

Штукарствы Дзеда Мароза


   З прыбытку галава не балiць. Адно галава павiнна быць цвярозая, а то можа здарыцца такое, што i ад Бога – грэх, i ад людзей – смех.
   Захацеў я перад Новым годам крыху падзарабiць. Сябра мой ужо колькi гадоў Дзедам Марозам працуе i неблагiя грошы мае.
   У мяне таксама сякiя-такiя таленты маюцца, калiсьцi ў школьнай мастацкай самадзейнасцi выступаў. Вывучыў я колькi навагоднiх вершыкаў i пайшоў на фiрму, дзе працаваў мой сябра. Там праверылi мае здольнасцi, далi касцюм Дзеда Мароза i пазнаёмiлi з сiмпатычнай студэнткай Святланай, маёй Снягуркай. Потым я атрымаў мех з падарункамi й адрасы, па якiх трэба iх развозiць. Дырэктар фiрмы папярэдзiў, каб на рабоце нiхто спiртнога не ўжываў. Мы расселiся па машынах i паехалi. Работа мне спадабалася – гэта вам не цэлы дзень каля станка парыцца. Пад’едзем на машыне куды трэба, павiншуем дзяцей, уручым падарункi – i далей. Любата! А народ у нас хоць i бедны, але шчодры: у кожнай кватэры запрашаюць да стала, а гэта ж для чалавека цяжкае выпрабаванне... Першыя два днi я трымаўся, але, як кажуць, заракалася свiння ў гарод лазiць.
   На трэцi дзень, якраз 31 снежня, вырашыў зрабiць навагоднi сюрпрыз i павiншаваць дзяцей свайго брата Васiля. Яго сынок Янка i дачушка Верачка былi такiя шчаслiвыя, калi да iх завiталi Дзед Мароз ды Снягурка! Дзецi нам i спявалi, i вершы чыталi, i нават таньчылi. Мой брат – хлопец вясёлы, кампанейскi, i яму ўдалося-такi запрасiць нас да святочнага стала. Добра, думаю, засталося два адрасы, справiмся. Снягурка выпiла крыху шампанскага, а я кулянуў тры чаркi гарэлкi. Адразу нам стала весела. I тут Васiль папрасiў нас павiншаваць ягоных суседзяў. Завiталi мы яшчэ ў дзьве кватэры. Паўсюль радасць, вяселле, нас запрашаюць да святочнага стала...
   Святлана пiла толькi лiманад, а я не адмаўляўся. Гуляць дык гуляць! Мне ўжо болей нiкуды не хацелася, але праца ёсць праца. Паехалi мы яшчэ па адным адрасе. Цяпер гаварыла Снягурка, а я маўчаў. Застаўся апошнi адрас. Па падарунках бачым, што жыве там нейкi новы беларус. Усiм астатнiм дзецям даюць цацкi ды цукеркi, а тут – вiдэямагнiтафон, касеты, нейкую электронную гульню... Хлопчыка завуць Артурам.
   Заходзiм у кватэру. Бачым: поўны еўрарэмонт, усё зiхацiць i блiшчыць. Прыхожая – больш, чым уся мая двухпакаёўка. Выйшаў гаспадар. Адразу вiдаць – з тых, што ўвесь пакрыты «зеленню», абсалютна ўвесь: кароткая стрыжка, малiнавы пiнжак, нахабны твар.
   – Чаму спазнiлiся? – адразу кiдаецца ў наступ.
   – Не твая справа, – кажу. – Навучыся спачатку, як трэба Дзеда Мароза сустракаць, а потым ужо высвятляй адносiны.
   – А-а, дык ты яшчэ пад градусам?!. Вон адсюль! – ён моцна схапiў мяне за плечы, каб выпiхнуць з кватэры. Але не на таго натрапiў: я не люблю, калi да мяне так ставяцца! Не дарэмна ж некалi секцыю каратэ наведваў! Таму з крыкам «кi-я!» «падарыў» яму ўдар «мае-гiры» нiжэй пэйджэра. Ён вырачыў вочы ад жаху i здзiўлення – i звалiўся на падлогу. Снягурка, калi толькi ўбачыла такi кавардак, выбегла на двор. З суседняга пакою выхапiўся «квадратны» ахоўнiк i папёр на мяне, як танк. Для яго ў мяне была процiтанкавая мiна ў выглядзе вiдэямагнiтафона ў мяху, якiм i ляснуў яго па фэйсе. Тады заявiўся яшчэ адзiн ахоўнiк, i пачалася сапраўдная бойка. У мяне закiпела кроў, я скiнуў кажух...
   Сiлай мяне Бог не абдзялiў, яшчэ б розуму паболей. Праз дзесяць хвiлiн прыхожая новага беларуса нагадвала руiны. I тут – мiлiцыя. Мяне адлупцавалi дубiнкай i адвезлi ў медвыцьвярэзнiк.
   Ранiцай пабудзiў сяржант. Смяецца:
   – Прачынайся, Дзед Мароз – сiнi нос. Ну i даў ты ўчора чаду! Iдзi дамоў, сёння ўжо новы год уладарыць. Заплацi штраф i бярыся за розум, бо п’янiца праспiцца, а дурань нiколi! I малi Бога, каб новы беларус на цябе ў суд не падаў! Праўда, ён сам за бойку з супрацоўнiкамi мiлiцыi ў кутузку трапiў...
   «Сапраўды, – думаю, – трэба брацца за розум. Каб яшчэ калi ўзяўся за чарку!.. – Пайду дамоў. Калi грошы не выцягнулi, куплю жонцы белыя ружы, а дачушцы – хамячка, як i абяцаў. Можа, даруюць, што разам з iмi Новы год не сустракаў?»

 

Падарункi да жаночага свята


   Наблiжалася восьмае сакавiка. Цудоўнае свята, але для мужчын яно стварае шмат праблем. I галоўная з iх – падарункi... Не, калi быць Беразоўскiм цi хаця б рубшчыкам мяса на Камароўскiм рынку, усё было б прасцей. А калi ты – законапаслушны грамадзянiн i жывеш ад аванса да зарплаты, то гэта вельмi балючае пытанне.
   Але я ў шапку не спаў – загадзя ўсё прадугледзеў: адразу пасля мiнулагодняга свята пачаў пакрысе збiраць грошы. За год сабраў двесце тысяч. За такiя грошы можна купiць нешта больш-менш прыстойнае, каб дагадзiць жонцы. Таму за колькi дзён да свята з лёгкiм сэрцам i важкiм кашальком паехаў у ЦУМ на пошукi падарунка.
   Што б гэта лепш купiць? Можа, якую футру, бо гэта даўняя мара маёй жонкi? Глянуў на цэны й зразумеў, што за свае грошы змагу купiць адно танны каўнер ад футры.
   А вось i аддзел гадзiннiкаў. Ёсць вельмi прыгожыя, нiбы з Эрмiтажу. Толькi не люблю я гадзiннiкi: кожным паваротам сваiх стрэлак яны, нiбы нажнiцамi, адразаюць кавалачак нашага жыцця. А колькi там яшчэ адразаць засталося? Таму лепш без гэтых напамiнальнiкаў хуткацечнасцi лёсу.
   Вось спартыўны аддзел. Зазiрнуў – i сэрца пачало калацiцца ўдвая хутчэй. Там стаяла мая даўняя мара – гумавая лодка. Я адразу ўявiў сабе, як прыеду на лясное возера, надзьму лодку, i паплыву на ёй, куды сэрца пажадае. Наўкола прыгажосць, спяваюць птушкi. У думках я ўжо цягнуў на вудачку здаравеннага ляшча, калi мяне вярнуў у рэальнасць голас прадаўца:
   – Мужчына, не ўпусцiце свой шанц, у нас сезонны распродаж, таму гэтую лодку вы можаце купiць напалову танней, усяго за 180 тысяч. Ды яшчэ ад фiрмы атрымаеце ў падарунак насос.
   Гэты «насос» мяне дабiў канчаткова. Карацей, купiў я лодку.
   I тут, бачу, прадаецца набор з двух ракетак для настольнага тэнiса i сеткi. Гэта ж даўняя мара майго сына, дый сам я люблю пагуляць у тэнiс! Калi падвернецца магчымасць. А заняткi спортам – гэта здароўе i добры настрой. На такое анiякiх грошай не шкада, а набор каштуе ўсяго 10 тысяч. Купiў.
   Зайшоў у аддзел хатнiх кветак. А там – такая прыгажосць, аж вочы разбягаюцца! Кветкi з самай Галандыi. Бачу, вазон з цвiтучай глаксiнiяй. Кветкi вялiкiя, снежна-белыя, а па краях – ярка-чырвоная паласа. Абалдзець можна! Жонцы, канешне, спадабаецца. I каштуе ўсяго сем тысяч. Купiў.
   Яшчэ i на шампанскае засталося. Вось што значыць спрытны мужчынскi розум: зрабiў свята для ўсёй сям’i! Таму, паважаныя жанчыны, любiце сваiх мужчын. Што б вы без нас рабiлi?!. Дарэчы, як i мы без вас...
   – Са святам вас!
   А я пачынаю збiраць грошы да наступнага жаночага свята: вельмi мне ружжо для падводнага палявання спадабалася.

 

Ланцэпуп


   Усе зараз сталi мiчурынцамi. Адны – на кухнi ананасы вырошчваюць, другiя – у парнiках кавуны й дынi. А ў маёй знаёмай нават лiмон на падаконнiку пладаносiць – дзiва дый годзе! Нават мой вясковы сусед Васiль узяў рыдлёўку i пачаў ускопваць зямлю ў сваiм агародзiку. Напэўна, усе ваўкi за гарой здохлi, бо Васiль жа – лайдак i п’янiца, жонка ад яго даўно ўцякла, так i жыве бабылём. З жыўнасцi – адзiн худы кот, якi ад бяскормiцы стаў вегетарыянцам. Скубе траву, нiбы трус, i на кошак нуль увагi. Мне ж, як i любой жанчыне, цiкава: з якой гэта нагоды сусед ўзяўся за рыдлёўку i што ён збiраецца сеяць? Падыходжу да агароджы, пытаюся:
   – Васiлёк, што сеяць будзеш: цыбулю цi буракi?
   Ён – у адказ:
   – Тундра ты, чорназёмная!.. Што ты разумееш, Марыля, у раслiнаводстве? Я пасею такое дзiва, якога ў нас нiхто не бачыў. Не верыш? Насенне мне з-за бугра прывезлi. I называецца гэты цуд – iндыйскi ланцэпуп!..
   «Што гэта за ланцэпуп такi? – думаю. – I з чым жа яго ядуць?..» Але пытацца баюся, каб не паказаць сваю недасведчанасць. Васiля ж, як падмянiлi, – з ранiцы завiхаецца на сваiм агародчыку, палiвае грады, нават пустазелле поле. I вось – бачу: з’явiлiся на яго градках парасткi – пруць уверх, як быццам iх хто знiзу пiхае. За лета вымахалi аж пад два метры. Васiль скасiў свой дзiвосны ланцэпуп i развесiў сушыць пад страхой. А я ўсё не магу супакоiцца: для чаго ж яму спатрэбiлася гэтая раслiна? Пачала ўгаворваць свайго мужыка:
   – Мiхась, схадзi да Васiля, даведайся, што ён будзе са сваiм ланцэпупам рабiць?
   Мiхась нехаця дацягнуўся да суседа. Вярнуўся ажно гадзiны праз дзве ў нейкiм незразумелым стане – вясёлы, узрушаны, хоць i не падобна, што п’яны.
   – Марыля, – кажа, – ведаеш, што такое ланцэпуп?.. Гэта ж – iндыйскi тытунь. Б’е па галаве не тое, што наш самасад – ад яго, як на крыллях лётаеш!
   З таго часу нашыя мужыкi зачасцiлi да Васiля, кураць у яго ланцэпуп i балдзеюць. Добра, што гарэлку пiць перасталi, а дрэнна тое, што апошнiя грошы аддаюць за гэты тытунь, i – ой, ой! – мужчынскiя абавязкi перасталi выконваць: накурацца i храпуць на ўсю вёску, аж сабакi пужаюцца.
   Мо, так бы цягнулася i далей, каб не адзiн выпадак...
   Аднойчы надвячоркам, бачу, мой Мiхась вяртаецца ад Васiля, бярэ драбiны й лезе на дах. Я выйшла паглядзець. А ён стаiць на самым версе i крычыць:
   – Бывай, Марыля! Лячу ў Новую Гвiнею да сiняга мора!..
   Памахаў мне ручкай i... паляцеў. Толькi не ў Новую Гвiнею, а ў градку з цыбуляй, што расла каля дому. I мой стокiлаграмовы верабейчык так «удала» спiкiраваў, што носам ўзараў усю градку не горш, чым плугам. Добра, што зямля пасля дажджу была мяккая, дык толькi руку вывiхнуў i бакi сабе паадбiваў.
   Тут я ўжо не вытрымала i пайшла да ўчасковага, расказала яму, у чым справа. Той прыехаў на «варанку», арыштаваў Васiля i забраў усе яго запасы ланцэпупа. Аказалася, што гэта нiякi не тытунь, а наркотык, iндыйская канапля. Цяпер нашыя мужыкi не лётаюць у вырай, зноў перайшлi на самасад i самагонку, а па начах i пра нас не забываюцца.
   Так што ўсё ў нас, дзякуй Богу, у парадку.

 

Бедны Пушкiн


   Як стварыць шэдэўр? Вас не вельмi цiкавiць гэтае пытанне? А мяне надта хвалюе. Кажуць: талент, натхненне... Усё гэта так. Але ў адных Муза, можна сказаць, начуе, а да iншыiх i не заглядвае. I як яе прыручыць, хто ведае...
   Сам я пiшу вершы. Зрэдку друкуюся. Але на шэдэўр мае творы не цягнуць. Да Пушкiна i Купалы далёка. А стварыць «нятленку» вельмi хочацца. Чалавек я ўпарты, таму вырашыў дазнацца: якiя ж умовы патрэбны для стварэння шэдэўра? Пералапацiў горы лiтаратуры... У французкага паэта Арцюра Рэмбо знайшоў цiкавую гiпотэзу. Ён лiчыў, што сапраўднае натхненне з’яўляецца тады, калi нервы творцы ўзбуджаны да надзвычайнай ступенi. I нiбыта такога стану чалавек можа давесцi сябе голадам, ужываннем спiртнога... Ды нервовымi стрэсамi. «Трэба паспрабаваць! – цвёрда вырашыў я. – Дзеля стварэння шэдэўра на ўсё можна пайсцi».
   Хоць стрэсаў у жытцы нашай i так хапае, але я вырашыў колькасна павялiчыць iх... Пасварыўся з жонкай, на працы нахамiў кiраўнiцтву, заплацiў штраф за безбiлетны праезд. Адчуваю – нервы на ўзводзе. Пачаў галадаць. Праз тры днi, прызнацца, ледзь перастаўляў ногi. На чацьвёрты дзень вырашыў: пара! Купiў бутэльку гарэлкi. Апаўночы, калi ў кватэры ўсе моцна спалi, я запалiў свечку, узяў бутэльку, чысты акруш паперы й сеў за пiмьмовы стол. Выпiў першую чарку. Спiртное адразу ўдарыла ў галаву. Праз паўгадзiны выпiў яшчэ. У галаве мроiлiся нейкiя думкi й вобразы. Я глядзеў на зыркi агонь свечкi – пакуль ён не пачаў дваiцца, але Муза не прыходзiла. «Можа, дозу павялiчыць?» – падумаў я. Кульнуў цэлую шклянку... На гэтым мае ўспамiны абрываюцца. Ачуняў толькi ранiцай за пiсьмовым сталом. Свечка даўно дагарэла... Страшэнна балела галава. Але на акрушы паперы быў напiсаны радок. Значыць, Муза прылятала!
   Дрыжачымi рукамi я ўзяў паперу i прачытаў:
   – Мороз и солнце, день чудесный!
   Да чаго ж хораша! Толькi ж нешта знаёмае... Зноў Пушкiн мяне апярэдзiў! О, колькi ж давялося выпiць Аляксандру Сяргеевiчу, каб стварыць свой шэдэўр?!. Вось на якiя ахвяры прыходзiцца iсцi нам, паэтам.
   Аднак жа я на гэтым не супакоюся. Буду тыдзень галадаць, развядуся з жонкай i куплю скрыню гарэлкi. На добры верш, думаю, хопiць!

 

 
   Гумар  >>
   top