| Надзённае | Аўтары | Кнiгi | Проза | Паэзiя | Гумар | Гасцёўня | Змест |
Творчая суполка маладых лiтаратараў пры Саюзе беларускiх пiсьменнiкаў
Проза
 
top  Iгар Карповiч
Тады... Iгар Карповiч

  Апавяданне

  Адно са шматлiкiх здарэнняў на вулiцы горада, як i шэраг падобных, не было ўнесена ў лiк зафiксаваных органамi аховы парадку з-за сваёй драбязы, але яно вымусiла некаторых людзей панервавацца, некаторых павесялiцца, iншым сапсавала вечар. А было наступнае...
   Даўно сцямнела, калi тры сяброўкi выйшлi на прыпынку аўтобуса i накiравалiся да падземнага пераходу, каб перайсцi на другi бок вулiцы. Iм насустрач па сходах падняўся сiвы мужчына ў цёмных акулярах. Ён трымаў за павадок вялiкага сабаку. Дог быў чорнай масцi, i ў першую хвiлiну дзяўчаты яго не заўважылi. Да таго ж, дробная снегавая iмжа трапляла ў вочы, i, каб пазбавiцца ад непрыемных адчуванняў, усе трое апусцiлi твары. Сабака заўважыў сябровак, раптам нацягнуў павадок i забрахаў глухiм басам. Дзяўчаты спужалiся i з вiскам кiнулiся ў розныя бакi. Адна з iх паслiзнулася i ўпала, але хуценька паднялася. Прахожыя, якiя былi побач, таксама пачалi аддаляцца. Мужчына ачомаўся ад неспадзяваных паводзiн свайго сябра (а праўдзiвей – сяброўкi, бо гэта была сумка), моцнаю рукою падцягнуў да сябе раз’юшанае страшыдла.
   – Супакойся, Хмара! – уладна загадаў гаспадар, i сучка змоўкла, але працягвала драпежна сачыць за пераляканымi дзяўчатамi, часта дыхаючы i злiзваючы доўгiм языком белую пену з чырвонае пашчы.
   – Што ты свайго ваўкадава без наморднiка водзiш?! – крыху асмялеўшы, пракрычала адна з дзяўчын.
   – Дзед, супакой яго, а не то выклiчам мiлiцыю! – падтрымала другая i крыкнула трэцяй: – Аля! Супынi патрульную машыну!
   Аля выскачыла на дарогу, быццам сапраўды хацела спынiць патруль, гучна, каб чуў гаспадар сабакi, выкрыкнула:
   – Развялося гэтых сабакаводаў! Нiчога-нiчога, будзе ведаць, як людзей пужаць!
   Мужчына нечакана пачаў жаласлiва прасiцца:
   – Людзi добрыя, прабачце! Я нават не ведаю, з кiм размаўляю; здаецца, што з жанчынамi. Справа ў тым, што гэта – мой павадыр. Я сляпы. 3 ёю нiколi такога не здаралася, i я не магу ўцямiць, што прымусiла зараз так яе раззлавацца. То, прашу вас яшчэ раз, прабачце, калi ласка!.. Хмара, што ж ты людзей пужаеш?!. Прабачце, людзi добрыя!
   Ад гэтай навiны дзяўчатам стала неяк сорамна. Да таго ж, i дог супакоiўся i, седзячы каля мужчыны, глядзеў вiнаватымi вачыма, быццам разумеў, што з-за яго дрэнных паводзiн зараз будзе кепска гаспадару. У дзяўчат зашчымела ў сэрцах, бо яны, як на смех, таксама насiлi акуляры. Мужчына, мiж тым, разгублена круцiў галавой, шукаў сваiх апанентаў, у якiх трэба прасiць прабачэння.
   Дзяўчаты зноў сабралiся купкаю, атрэслi снег, якi панабiўся за адвароты ботаў, i таксама пацiху супакойвалiся.
   – Але ўсё роўна, – пачала больш лагодным голасам Аля, – трэба адзяваць наморднiк сабаку, ды яшчэ такому вялiзнаму. Ну што, Тома, Алеся, хадзем?
   – Дзяўчаты! – узрадаваўся сляпы. – Прабачце яшчэ раз, калi ласка! Прабачце!
   – Добра-добра, дзед! – на дыпламатычнай дыстанцыi ўтрымала пачуццi мужчыны Алеся. – Мы табе даруем. Ты таксама не крыўдуй на нас.
   – Невядома, як бы ты паводзiў сябе на нашым месцы, – дадала Тома.
   – Бывайце, мiлыя! – усмiхнуўся на галасы стары. – Можа, яшчэ пабачымся!
   – Не трэба! – даляцела да ягоных вушэй зычнае рэха з падземнага пераходу.
   Праз колькi хвiлiн дзяўчаты падымалiся ў лiфце на восьмы паверх дома, у якiм жыла Алеся. Сяброўкi весела ўспамiналi, хто як даваў стракача. Найбольшы смех выклiкала тое, што паслiзнулася i ўпала Аля.
   – Што б ты рабiла, каб сабака кiнуўся на цябе? – спытала Тома.
   – Нiчога, – адказала Аля.
   – Чаму?
   – Ты ж чула, – сцiскаючы рот рукою, пырскала смехам сяброўка, – гэта ж – яна, а не ён!
   Адказ поўнасцю задаволiў усiх трох, i гучны рогат напоўнiў доўгую шахту лiфта. Урэшце дзверы адчынiлiся, i дзяўчаты, ледзь стоячы на нагах, павывальвалiся на пляцоўку паверха. Алеся амаль увапхнула развесялелых сябровак у кватэру. Запалiлi святло ў калiдоры, хуценька распранулiся i накiравалiся на кухню.
   – Фу-у-у, – аддыхвалася Тома. – Бабы, курыць хачу, аж няможна!
   – Я таксама, – кiнула Аля.
   Алеся дастала са скрынкi пакецiк кавы i кiнула зерне ў кавамолку. Дзяўчаты салодка зацягнулiся першымi грамамi тытуню, уключылi магнiтафон, утульна ўладкавалiся ў крэслах. Хутка кава была паразлiвана па кубачках. Яе гарачая вадкасць i цыгарэты добра сагравалi пасля марозу.
   – Чакайце! – ускочыла Алеся. – Зараз бальзам прынясу.
   – Давай хутчэй! – падагналi сяброўкi.
   Алеся прынесла прыгожую глiняную бутэльку «Беларускага бальзама».
   – Дзе ўзяла? – здзiвiлiся Аля i Тома.
   – Там ужо няма...
   Гэта было тое, што трэба! Хутка сяброўкi расчырванелiся, i размова працягвалася на той жа вясёлай ноце. Дзяўчаты шчыпалi адна адну, задзiралi спаднiцы. Тома пачала пад музыку выяўляць нешта накшталт танца. Iм было вельмi добра...
   – Стоп! – супынiла агульную весялосць гаспадыня. – Што мы маем на гадзiннiку?
   – Адзiнаццаць, – сказала Аля. – Дарэчы...
   – ... пара ўжо! – Тома выключыла магнiтафон. Алеся зарагатала:
   – Вой, бабы, ды няўжо вы гэтаму верыце?
   – Чаго ты смяешся! – лыбiлася Аля.
   – Досыць! – скрозь смех спрабавала супакоiць сябровак Тома. – Давайце сур’ёзна!
   Урэшце запанавала цiшыня. Дзяўчаты сцiскалi скiвiцы, каб не засмяяцца. Але, як толькi iх позiркi сустрэлiся, новая хваля смеху грымнула на кухнi.
   – Вой! – трымала сябе за жывот Аля. – Хопiць! Нельга так смяяцца!
   – Не да дабра гэта! – шырока адкрыўшы рот i хапаючы паветра, гаварыла Тома. – Плакаць будзем!
   – Ну, усё! – падвяла вынiк Алеся. – Хопiць!
   Яна яшчэ раз паспрабавала выклiкаць iстэрыю, паказаўшы палец, сяброўкi не паддалiся.
   – Так, – сур’ёзна сказала Тома. – У нас усё ёсць?
   Алеся дастала дзве свечкi i паклала iх на стол. Аля ў сваю чаргу дастала з сумачкi залаты пярсцёнак.
   – Венчаны? – пацiкавiлася Тома.
   – Зуб даю! – упэўнiла яе Аля.
   – Добра, – паверыла сяброўка. – Якое ёсць люстэрка?
   – Давайце да мяне ў пакой! – прапанавала Алеся.
   – Да таго вялiзнага?
   – Так-так!
   Дзяўчаты прайшлi ў пакой Алесi. Ён быў не вельмi вялiкi, з адным акном, каля якога стаяў пiсьмовы стол. Пасярэдзiне, прыткнуўшыся лакiраваным адгалоўем да ружовых шпалер, быў прыладжаны двухспальны ложак. За iм была шафа. На процiлеглай ад акна сцяне вiсела амаль у чалавечы рост прыгожае люстэрка, пад якiм стаяў начны столiк. На яго Алеся паставiла свечкi i шклянку вады.
   – Чакай, – спынiла яе Тома. – Я сама. Тут трэба яшчэ правiльна месца падабраць. Дай лепш крэсла.
   Алеся падставiла мяккi пуфiк, Тома села на яго i пачала ўладкоўваць рэчы. Аля i Алеся селi на ложак i сачылi за тым, што робiць сяброўка.
   – Зараз убачу свайго жанiха i пачну з iм бэрсацца тут! – весела прашаптала Алеся.
   Але жарт зноў не прайшоў. Тома закончыла падрыхтоўку i падмiргнула ў люстэрка сяброўкам:
   – Усё гатова! Хто першы?
   – А не рана? – спытала Аля.
   – Якраз добра, – адказала Тома. – Значыць так, паўтараю яшчэ раз: запальваеце свечкi, апускаеце ў шклянку пярсцёнак i гаворыце: «Мiлы мой, каханы, суджаны мой, прыйдзi да мяне».
   – Ай, дзеўкi, – без смеху сказала Алеся. – Неяк мне ўжо i страшна.
   – Не бойся, не ўкусiць, – упэўнiла сяброўку Тома.
   – Давай, Алеська, – штурхнула гаспадыню ў бок Аля. – Iдзi першай, паглядзi, з кiм будзеш бэрсацца.
   – Дык ужо ж не першы, – адказала тая.
   – Затое – адзiны, – усмiхнулася Тома.
   Алеся працерла акуляры i падышла да люстэрка.
   – Кожны дзень гляджуся ў яго i бачу толькi сябе, – сказала яна.
   – Тым больш не бойся, – саступiла ёй месца Тома.
   – Цi то сабака мяне так напужаў, цi яшчэ што, але нешта трасе, – вiнавата ўсмiхнулася i села на пуфiк.
   – Дарэчы, пра сабаку, – нiбы ўспомнiла Тома. – У вас няма такога ўражання, што недзе мы яго бачылi? Цi гэта толькi мне здаецца.
   – Каго, сабаку? – спытала Аля.
   – Ды не, – як на дурнiцу глянула на сяброўку Тома. – Мужчыну. Быццам, я з iм сустракалася. Цi то ў палiклiнiцы, цi яшчэ дзе...
   – Я яго бачыла першы раз, – упэўнена заявiла Алеся.
   – Я таксама, – сказала Аля.
   – Ну, добра, – махнула рукою Тома. – Пайшлi, Аля. Пачынай, жадаем шчасця!
   Дзяўчаты патушылi святло i выйшлi з пакоя, пакiнуўшы Алесю адну. Тома i Аля вярнулiся на кухню.
   – Ты сёння дадому паедзеш? – спытала Аля.
   – Не-а, – адказала Тома, сядаючы да стала. – Я пасварылася са сваiмi, дык яны ўжо ведаюць, што двое-трое сутак можна мяне не чакаць. А ты?
   – Мне трэба вярнуцца, – уздыхнула Аля.
   Не паспелi дзяўчаты перакiнуцца фразамi, як на кухнi з’явiлася Алеся.
   – Вой, бабы, – нацягнута ўсмiхнулася яна. – Сапраўды страшна.
   Тома i Аля зарагаталi:
   – Вось дурнiца! Чаго ты баiшся?!
   Алеся прыкурыла цыгарэту. Сяброўкi заўважылi, што ў яе крыху дрыгацяць рукi.
   – Ну, Алька, iдзi ты, – прапанавала Тома.
   – Мне не надта цiкава, – адказала сяброўка. – Усё роўна я ведаю, што калi хтосьцi й з’явiцца ў люстэрку, гэта будзе Лёшка.
   – Схадзi ты, Томка, – сказала Алеся. – Ты больш вопытная, правiлы хоць ведаеш. Ды i не баiшся нiчога.
   – Акрамя сабак, – падкалола Аля.
   – Добра, – згадзiлася Тамара. – Што з вамi рабiць. Толькi потым пойдзеш ты, дрыгуля наша!
   Дзяўчына ўстала з-за стала, зняла акуляры, памасiравала пальцамi пераносiцу i зноў iх адзела.
   – Запалкi?
   – Там, на столiку, – адказала Алеся.
   Тамара выйшла з кухнi. Аля хацела ўключыць музыку, ды Алеся яе супынiла:
   – Чакай, я пастаўлю другую касету.
   Яна нервова пачала перабiраць «Sony» i «ТDК». Аля ўбачыла, што рукi сяброўкi па-ранейшаму трасуцца, непаразумела спытала:
   – Няўжо табе сапраўды так страшна?
   Замест адказу Алеся толькi згодна кiўнула галавою. Урэшце, знайшоўшы патрэбную касету, яна ўключыла магнiтафон. Палiлася прыемная музыка Жан-Мiшэля Жара.
   – Новы альбом, – сказала гаспадыня.
   – А што ты адчувала цi бачыла? – вяртаючыся да перапыненай тэмы, спытала Аля.
   – Нiчога не бачыла, – адказала Алеся. – Запалiла першую свечку i адчула, што ззаду нехта дыхае. Павярнулася – нiкога. Толькi хацела запалiць другую, як зноў пачула тое ж скорае дыханне. Працерла акуляры – зноў нiкога.
   – Гэта табе здалося, – старалася супакоiць сяброўку Аля. – Проста сама сябе заводзiш. Ды яшчэ гэты ваўкадаў напужаў, вось i здаюцца паўсюль прывiды.
   – Я магу паклясцiся, што дакладна чула дыханне, – сур’ёзна сказала гаспадыня.
   – Добра-добра, – усмiхнулася Аля. – Томка ўсё роўна застанецца сёння ў цябе, не будзеш баяцца.
   – А ты? – спытала Алеся. – Хiба дадому паедзеш? Так позна?
   – Трэба, Алеся, – адказала сяброўка. – У суботу збiраемся з Лёшкам паехаць да яго на дачу. Трэба бацькоў залашчыць, каб адпусцiлi...
   – Фу, – прыкра фыркнула гаспадыня. – А я думала, мы ўтрох... Столькi часу наперадзе, чаго толькi не прыдумалi б! Мацi заўтра ўвечары прыедзе.
   – Прабач, – па-дзiцячы адбiла паклон Аля. – Вы без мяне начуйце. Ды i ўвогуле мне трэба ўжо цiшэй быць з гэтымi гулянкамi: ён у мяне раўнiвы.
   – Я думаю, – сказала Алеся. – Такую мардаху i фiгуру, як у цябе, да слупа можна прыраўнаваць.
   – Не ўсё так бясхмарна, – закусiла губу Аля.
   – Што так? – не зразумела гаспадыня.
   – Ды вочы, – адказала сяброўка. – Неяк хутка пачаў падаць зрок. Баюся, што трэба будзе ставiць больш моцныя лiнзы. Уяўляеш, буду лупатаю, як жаба!
   – Ну-ну, – цяпер пачала супакойваць Алеся. – Можа, абыдзецца.
   – Паглядзiм, – уздыхнула Аля. – Але ўсё роўна трэба будзе да Фёдарава ехаць.
   Раптам дзяўчаты пачулi глухi сабачы брэх. Размова змоўкла, i сяброўкi запытальна паглядзелi адна на адну.
   – Чула? – спытала Алеся.
   – Так, – адказала Аля. – На вулiцы?
   – Ды не, – адмоўна хiтнула галавою Алеся. – Недзе блiзка. Але ў суседзяў сабак няма.
   I тут пачуўся немы жаночы крык. Сяброўкi зразумелi, што крычаць у пакоi Алесi.
   – Томка! – ускочыла Аля. – Гэта яна!
   Дзяўчаты кiнулiся з кухнi, але перад дзвярыма спальнi спынiлiся, баючыся ўвайсцi.
   – Тома, што здарылася? – дрыготкiм голасам спытала Алеся.
   Аля тым часам паўсюль пазапальвала святло i падышла да сяброўкi. Тома маўчала.
   – Тамара! – гучней паклiкала Алеся.
   – Пайшлi! – прапанавала Аля, рэзка хапiла дзверы й кiнулася да выключальнiка.
   Лямпа асвяцiла пакой... Тамары ў iм не было.
   – Схавалася, – шэптам сказала Алеся. – Хоча нас напужаць, – нахiлiлася i зiрнула пад ложак. – Няма!..
   Яны з непаразуменнем паглядзелi адна на адну, потым на сваё адлюстраванне ў вялiкiм люстэрку. Свечкi на стале не гарэлi, у шклянцы з вадою ляжаў пярсцёнак. У гэты момант Алеся ўскрыкнула.
   – Чаго ты? – не зразумела Аля. – Кроў!
   Аля падышла да перакуленага пуфiка i прысела.
   – Але-ле-ся, – заiкаючыся, паклiкала сяброўку. – Тут яшчэ нешта!..
   Алеся ўбачыла, што на адной з крывавых плям добра бачны след ад лапы вялiкага сабакi.
   – Аля, мне страшна! – заплакала яна.
   – Томка, вылазь! – загадала Аля. – Хопiць дурэць!
   – Адкуль ёй вылазiць? – здзiвiлася Алеся. – Няма тут дзе хавацца!
   Дзяўчаты выйшлi з пакоя. Алеся кiнулася да тэлефона, але сяброўка выхапiла трубку, злосна спытала:
   – Што ты збiраешся рабiць?
   – Мiлiцыю... трэба выклiкаць, – скрозь слёзы вымавiла Алеся.
   – Якую мiлiцыю, варона?!. – шыпела сяброўка. – Хочаш у турму?!
   Алеся непаразуменна глядзела на раззлаваную Алю.
   – Нас жа, дурнiца, засадзяць!.. Скажуць, што мы забiлi, цела знiшчылi, i нiкому нiчога не дакажаш. Хiба хто паверыць, што чалавек знiк сам па сабе? Няма такiх дурняў!
   – То што рабiць?
   – Маўчаць.
   – Як маўчаць? – здзiвiлася Алеся. – Усё роўна праз нейкi час яе хопяцца, даведаюцца, што была з намi.
   – Нiхто нiчога не даведаецца, калi мы будзем маўчаць, – зыркнула вачыма Аля. – Яна сказала, што пасварылася з бацькамi, значыць нiхто не ведае, што была тут. Сведкаў няма! А мы скажам, што не бачылi яе, больш таго – самi былi ў iншым месцы.
   – Дзе?
   – А вось зараз паедзем куды-небудзь...
   – У iнтэрнат, да Кiрылы i Насара! – узрадавалася Алеся, але раптам схамянулася: – А як ты? Табе ж трэба дадому!
   – Прыйдзецца пайсцi на канфлiкт, – працадзiла скрозь зубы Аля. – 3 вулiцы патэлефаную бацькам.
   Сяброўкi вярнулiся ў пакой i яшчэ раз уважлiва аглядзелi яго, але Томы не знайшлi. Аля нават вызiрнула ў акно: сяброўкi не было i на асфальце. Яны выцерлi кроў, прынялi свечкi, шклянку, Аля забрала пярсцёнак.
   – Што будзем рабiць з яе рэчамi? – спытала Алеся.
   – Давай мех, i як мага большы, – загадала сяброўка.
   – Конан Дойль нейкi... Сабака Баскервiляў! Я нiколi не вярнуся ў гэты пакой!
   – Яшчэ чаго! – уз’юшылася Аля. – Наадварот! Будзеш, як i раней, мiрна-спакойна спаць у сваiм шыкоўным ложку, каб нiхто нiчога не западозрыў! I вытры соплi!
   Дзяўчаты запхалi ў сумку (мех iм не спатрэбiўся) куртку, шапку i боты Тамары i цiхенька выйшлi з кватэры. У лiфце, адчуўшы, што надта злосна размаўляла з сяброўкаю, Аля абняла Алесю i ласкава сказала:
   – Вазьмi сябе ў рукi! Нiчога, зараз крыху праветрымся, адпачнем i на свежую галаву што-небудзь прыдумаем. Перш-наперш сяброўкi знiшчылi рэчы Тамары. Для гэтага яны накiравалiся да гарадской рэчкi, якая працякала каля парку, што быў не так далёка, i малiлi Бога, каб да iх нiхто не прычапiўся i не ўбачыў. На шчасце, яны без прыгод дасягнулi вады, адкалупалi замёрзлы валун, упхнулi яго ў сумку i кiнулi яе як мага далей. Крохкi лёд праламiўся, i дарагая Алесiна сумка знiкла ў цёмнай палонцы. Выбiраць не прыходзiлася – дзяўчына дзеля спакою душы гатовая была ў гэтую хвiлiну аддаць i значна даражэйшую рэч.
   Потым яны спынiлi таксi i паехалi да iнтэрната. Там, скарыстаўшы «службовы» уваход, апынулiся ў знаёмых Алесi. Хлопцы былi добра падагрэтыя спiртным, шчыра ўзрадавалiся прыгожым гасцям. Аля тым часам адзначыла, што, калi мiлiцыя потым пацiкавiцца, у якi час сяброўкi прыехалi ў iнтэрнат, нiхто не ўспомнiць, i можна будзе ўпэўнена сцвярджаць, што яны былi там увесь вечар.
   Прапусцiўшы пару чарак, каб «сагрэцца», дзяўчаты хутка супакоiлiся, i падзея ракавога вечара саступiла месца вяселлю. Праз нейкi час Алеся, якая iмкнулася мацней прыглушыць страх, добра ап’янела i дагнала тых, хто ўжо доўга сядзеў за сталом. Аля, хоць i выпiла, але магла нешта яшчэ ўсведамляць. Яна каторы раз адмовiла назойлiваму арабу Насару выпiць з iм на брудэршафт, i той адчапiўся. Нарэшце адзначыла, што калi галоўная задача выканана – алiбi ёсць, – то можна забiць i другога зайца: вярнуцца дадому. Аля адвяла ўбок Кiрылу i папрасiла яго праводзiць яе. Па дарозе наказала хлопцу глядзець за Алесяй, а ранiцай перадаць, каб тая ёй увечары патэлефанавала. Кiрыла добра трымаўся на нагах, даволi зразумела яшчэ гаварыў, i Аля супакоiлася – перадасць. Хлопец спынiў таксi, невядома для чаго яны пацалавалiся на развiтанне, абяцаючы абавязкова сустрэцца. Аля села ў машыну, ляснула дзвярыма, i жоўтая «Волга» знiкла ў сутоннi зiмовага горада.
   Назаўтра, нягледзечы на галаўны боль, Аля спрабавала ўвесь рабочы дзень разабрацца ў дзiўным знiкненнi Тамары. Папраўдзе, пра гэтае здарэнне яна ўспомнiла толькi пад апоўдзень, калi сяк-так ачуняла пасля начной пiрушкi. У галаву ўрывалiся розныя адчуваннi на чале з небяспекаю. Хоць дзяўчына i цешыла сябе думкаю, што перад законам яны з Алесяю чыстыя (не дай Бог, каб тая пад п’яную галаву каму што не ляпнула!), усё ж грунтоўна ў яе душу пранiк страх нейкай iншай якасцi.
   Другую палову дня Аля прагна чакала званка сяброўкi – адно што, каб з ёй абмеркаваць далейшыя дзеяннi, i – каб проста пачуць яе голас, абавязкова пачуць. На тое, што можа з’явiцца Тамара, Аля i не спадзявалася, бо ўпэўненая была, што бедная дзяўчына знiкла назаўсёды, i ёй не хацелася думаць куды: думаць аб гэтым рабiлася (невядома чаму) вельмi цяжка i панiчна страшна.
   Увечары Аля нiкуды не пайшла. Нават адмовiлася сустрэцца са сваiм Лёшкам, супакоiўшы яго тым, што хутка субота, i яны паедуць на дачу.
   Аля чакала званка. Яна сама ўжо колькi разоў набiрала нумар, але абанент не азываўся. Нарэшце трубку ўзяла Алесiна мацi i сказала, што толькi прыехала, вельмi стамiлася, дзе зараз дачка – не ведае. 3 тым Аля i адправiлася спаць.
   Неўзабаве гучна зазвiнеў тэлефон. Сэрца ёкнула: так, гэта была Алеся.
   – Куды ты знiкла? – злосна зашыпела Аля.
   – Не равi, – пачулася ў адказ. – Сама мяне пакiнула ў iнтэрнаце, то ўжо не крыўдуй.
   – Ты п’яная! – яшчэ больш раззлавалася Аля.
   – Так, – згодна хмыкнула Алеся.
   – От, карова дурная!.. Яна весялiцца, гуляе! Адкуль тэлефануеш?
   – 3 вулiцы, толькi не гуляла, а лячылася... Аля, мiлая, баюся!
   – Чаго ты баiшся?! Нас нiхто не кране! Зразумела?
   – Ага, – хныкнула ў трубку п’яная Алеся. – Я не буду баяцца!
   – Вось i малайчына! – падбадзёрыла сяброўку Аля. – Iдзi дадому, адпачнi, а ранiцай пагаворым. Добра?
   – Добра, Алечка! – быццам развiтваючыся назаўсёды, выдыхнула Алеся. – Я iду спаць. Нiкога i нiчога не буду баяцца! Толькi, Аля, у мяне ўвесь дзень не iшлi з галавы апошнiя словы Тамары пра таго мужчыну. Мне таксама здаецца, што я дзесьцi бачыла яго, мы ўсе яго бачылi!
   – Якога мужчыну?
   – Сляпога, з сабакам. Здаецца, што мы нешта яму тады зрабiлi.
   – Калi?
   – Тады, – блытана адказала Алеся.
   – Што зрабiлi?
   – Не памятаю, – скрозь слёзы засмяялася Алеся.
   – Добра, – лагодна вымавiла Аля, думаючы, што сп’яну Алеся вярзе лухту. – Iдзi дадому. Спi спакойна! Бывай.
   На другi дзень, ранiцаю, як i дамовiлiся, Аля, ледзь пралупiўшы вочы, набрала нумар тэлефона Алесi. Трубку зняла мацi i сказала, што Алесi няма дома.
   – Як?!. – здзiвiлася Аля. – Хiба яна не прыходзiла?
   – Прыходзiць – прыходзiла... Але зараз яе няма. Учора, Аля, як толькi ты патэлефанавала, у нас, як на зло, прапала святло ў доме амаль да ранiцы. А я вельмi стамiлася i заснула. А тут з’яўляецца яна... Ды яшчэ пад хмяльком, ледзь языком варушыць... Ну, я ўжо не стала лаяцца. I во – зайшла ў яе пакой, а там – нiкога. Нейкiя агаркi ад свечак, мабыць, уначы без святла палiла. Забаялася, вiдаць, i ўцякла. Алечка, ты ёй перадай, калi ўбачыш, каб з’явiлася хутчэй, пакуль мая злосць не разгарэлася!
   – Добра, перадам, – паабяцала Аля, думаючы зусiм пра iншае. – А яна хоць спала? Ложак разбiрала?
   – Здаецца, што не, – адказала мацi. – Так, трошкi памяла коўдру, але бачна, што Алеська не начавала. Дачакалася, пакуль я засну, i шмыганула за дзверы. Можа, яна ў цябе? То ганi дадому!
   – Не, у мяне няма.
   – А мне, Алечка, нейкiя кашмары ўсю ноч снiлiся!.. Нейкi сабака, крыкi, навальнiца, яшчэ нейкая лухта. Памру, мабыць, хутка!
   – Дзякуй, цётка Вольга, – вырашыла закончыць размову Аля. – Прабачце, да пабачэння!
   Дзяўчына паклала трубку. Сэрца ў яе бiлася хуткiм метраномам. Ёй зрабiлася вельмi страшна; страшна было знаходзiцца ў ложку, у кватэры, у горадзе. Знiкла Тамара, знiкла Алеся i па логiцы павiнна была знiкнуць яна. Не ведаючы чаго, Аля пачала мiтусiцца па пакоi. Без усялякай мэты iшла ў адзiн кут, потым – у другi, брала ў рукi рэчы, кiдала iх, быццам шукала нешта. Адзiнае, што яна дакладна зрабiла, – апранулася. Нарэшце, нiчога пэўнага не прыдумаўшы, сканцэнтравалася i ўзяла ў рукi тэлефон:
   – Лёшанька? Прывiтанне! Што думаеш рабiць?.. Не iдзi сёння!.. Паехалi да цябе на дачу!.. Ведаю, што не субота... Трэба... Вельмi трэба... Потым усё растлумачу... Дзякуй, мiлы!
   Праз некалькi гадзiн Аля i Лёша дурэлi каля прыгожа пабудаванага дома. Свежае паветра i цiшыня падзейнiчалi на Алю гаюча. Яна зноў засумнявалася ў сваiх страшных прадчуваннях, спадзеючыся на лекара-час, якi павiнен усё расставiць на свае месцы. Таму дзяўчына, хоць спярша i вырашыла была распавесцi пра ўсё каханаму, усё ж прытрымала язык i на роспыты гарэзлiва адказала, што не магла дачакацца суботы – так ёй захацелася яго. Гэтаму Лёшка лёгка паверыў i вельмi задаволiўся.
   Дзень прайшоў хутка, праўдзiвей, не сам дзень, а час, калi свяцiла сонца. Як толькi насталi прыцемкi, яны перабралiся ў будынак.
   Дача была прыгожая, з двума паверхамi. Належала яна не простым смяротным. Першы паверх складаўся з кухнi, ванны, шырокага хола з камiнам, абстаўленага мэбляй «пад даўнiну», дзе i знаходзiлiся Аля i гаспадар дачы. Маладыя вырашылi не ўключаць святла, а карыстацца толькi адбiткамi чырвонага полымя, якое праменiлася з чорнай гарлавiны. Яны ўладкавалiся ў глыбокiх мяккiх крэслах каля невялiчкага столiка i сагравалi сябе духмяным лiкёрам.
   – Мне так добра з табою, – шчыра сказала Аля. – Здаецца, што нiколi б адсюль не паехала! Спакойна тут, нiчога не баiшся.
   – А чаго баяцца? – не зразумеў Лёшка.
   – Я так, увогуле, – яна махнула рукою. – Камiн гарыць, свечкi гараць, шампанскае льецца...
   – Свечкi ёсць у апачывальнi... Прынесцi?
   – Навошта? – падмiргнула Аля. – Можа, iм лепш гарэць там, дзе яны стаяць?!
   Хлопец устаў, падышоў i сеў перад дзяўчынаю на кукiшкi. Тая нахiлiлася i абвiла яго шыю рукамi.
   – Хопiць! – адарвалася ад вуснаў Лёшкi Аля. – Iдзi запальвай свечкi, а я зараз.
   Дзяўчына хуценька абмылася ў ваннай i праз колькi хвiлiн паднялася на другi паверх, у апачывальню. Хлопец, запалiўшы, як i абяцаў, свечкi, прывольна раскiнуўся на вялiзным ложку.
   – О, не, мой сябар! – з усмешкаю, але цвёрда сказала Аля. – Марш у ванную!
   Лёшка ўздыхнуў, але пакорлiва ўстаў. Раптам Аля яго супынiла:
   – Адкуль гэтае люстэрка? Я дзесь бачыла яго?!
   – Проста ты даўно тут не была... Бацька ўжо два месяцы як прывёз яго. Зроблена ў нейкiм сярэдневяковым стылi.
   – Прыгожае, вялiкае, – яна падышла да люстэрка, што займала амаль усю сцяну. – Iдзi, мыйся!
   Лёшка выйшаў. Аля зняла з пляча рушнiк i яшчэ раз выцерла акуратна вочы ад тушы. I тут жа ўспомнiла, дзе бачыла такое ж люстэрка – у пакоi Алесi, дзе варажыла Тамара i знiкла. Па скуры прабеглi непрыемныя мурашкi. Раптам... Што за дзiва!.. Дзяўчына ўважлiва паглядзела на сваё адлюстраванне, хутка дастала з кiшэнi халата i адзела акуляры, i ледзь не ўскрыкнула. Так, перад ёй была яна, але не ў ружовым халаце, а ў залацiста-атласным. Больш таго, адлюстраванне пачало рухацца, хоць Аля стаяла слупам. Люстэрка быццам ператварылася ў вялiкi тэлевiзар.
   Бедная дзяўчына хацела гукнуць Лёшку, але нейкая невядомая сiла прымушала яе на ўсе вочы сачыць за тым, што адбываецца «там». Аля аглядзела пакой, у якiм знаходзiўся яе адбiтак. Мэбля i абладкаванне нагадалi нецяперашнасць. Хоць i апачывальня на дачы была «пад даўнiну», але адтуль дыхала не падробкаю, а сапраўднай гiсторыяй. Аля зразумела: яна назiрае за тым, што адбываецца ў далёкiм «тады».
   Мiж тым – у пакой увайшоў сiвы мужчына. Дзяўчына ў залацiстым халаце, пачуўшы крокi, павярнулася i кiнулася яму насустрач.
   – Ты прыйшоў! – узрадавалася яна. – Ты прыйшоў, мой мiлы пан!
   – Так, Адэля! – ён абняў дзяўчыну.
   Аля з цiкаўнасцю разглядзела дзiўны гарнiтур пана, якi пацвердзiў, што падзеi адбываюцца ў даўнiя часы.
   – Я iмчаўся да цябе, мая мiлая! – крыху задрыжэў мужны голас. – I вось я дома! Як я рады! Мая маладая жонка! Хоць я i бацька табе па гадах, але будзь упэўненаю, мая галубка, што ў гэтым старым жыве юнак, асiлак!
   – Я веру, веру, мой пан! – Адэля горача пацалавала старэчыя вусны. – Што ж мы стаiм? Адпачнi з дарогi! Шлях ад Вiльнi няблiзкi! Выпi вiна i раскажы, як ты правёў час у гасцях у Вялiкага князя...
   Дзяўчына падышла да столiка, на якiм стаялi высокая цёмная бутэлька i крыштальныя келiхi, налiла прыгожага барвовага вiна i паднесла пану, якi прысеў на ложак. Той удзячна кiўнуў галавою i выпiў. Нейкi час яны глядзелi адно на аднаго, як раптам мужчына ўхапiўся за
   горла i надрыўна, глуха зароў. Праз хвiлiну ён каменем звалiўся на падлогу.
   – Усё! – зларадна прашаптала Адэля, потым гучна крыкнула: – Тэрэза! Алiса!
   У пакой забеглi дзве дзяўчыны ў незвычайных для вачэй Алi старадаўнiх сукенках. А калi яны падышлi да Адэлi, яна пазнала сваiх сябровак – Тамару i Алесю.
   – Мёртвы? – спытала Алiса-Алеся.
   Адэля кiўнула галавою.
   – Не падманула старая, добрую атруту дала! – узрадавалася Тэрэза-Тамара. – Колькi выпiў?
   – Келiх, – адказала Адэля-Аля. – Сёстры! Мы з вамi багатыя цяпер! А я – вольная!
   – Калi абвясцiм пра смерць? – спытала Алiса.
   – Заўтра, – сказала маладая панi. – Усё роўна зараз у доме нiкога няма.
   – Давайце яго падымем, – прапанавала Тэрэза. – Ты ж, сястра, глядзi – паболей слёз вылi!
   Сёстры падышлi да пана. Толькi нахiлiлiся, як ён раптам ухапiў некага за руку i зароў:
   – Ваўчыцы! Загубiць мяне надумалi!
   Дзяўчаты запiшчалi i кiнулiся ў розныя бакi. Алiса, якую трымаў пан за руку, ляснула яго па твары i вызвалiлася. Мужчына ўстаў, выцягнуў наперад рукi i пацiху пайшоў, спатыкаючыся аб розныя рэчы, што траплялi пад ногi.
   – Антось! Паўла! Да мяне! – крычаў пан.
   – У доме нiкога няма! – яшчэ раз папярэдзiла сясцёр Адэля.
   – Вочы! Мае вочы! – зашаптаў пан. – Каб жа я што бачыў!..
   – Ён сляпы!.. – здагадаўшыся, залемантавала Алiса. – Атрута яго толькi асляпiла!
   – Сёстры! – крыкнула Тэрэза. – Трэба яго забiць, або памiраць самiм, або ўцякаць адсюль!..
   – Трасцу вам!.. – гаркнуў пан i выхапiў шаблю, што вiсела збоку. – Хмара! Хма-а-а-а-ра!
   Адчайны крык паляцеў ва ўсе пакоi. Праз iмгненне пачуўся далёкi брэх.
   – Уцякайма, сёстры! – закрычала Адэля. – Гэта Хмара, яго баявая сучка! Разарве!
   Дзяўчаты кiнулiся да дзвярэй.
   – Не туды! – супынiла iх Адэля. – Да патаемнага ходу! Да люстэрка!
   Мiж тым, брэх наблiжаўся.
   ...Тэлевiзар патух.
   Бедная Аля прагна хапала паветра. Зараз яна зноў бачыла сябе, сапраўдную сябе. Дзяўчына залыпала вачыма, пiльна ўгледзелася ў люстэрка i закрычала – за яе спiнаю стаяў сляпы з сабакам, якога яна бачыла каля падземнага пераходу ў той злапомны вечар, калi ўсё пачалося. Аняменне прайшло, i Аля павярнулася да мужчыны.
   – Пазнала, – спакойна сцвердзiў стары. – Вiтаю цябе, жонка! Вiтаю, Адэля! Цi – Аля!
   – Не! Не-е-е-е! Лё-о-о-ша!
   – Не крычы, – параiў сляпы. – Нiхто цябе не пачуе!
   Ён зняў цёмныя акуляры, i перад Аляю паўстаў сiвы пан. Дзяўчына зрабiла нясмелы крок наперад, але раптам кiнулася да дзвярэй. Хмара, якая пiльна сачыла за рухамi жаночай постацi, умомант перагарадзiла шлях. Аля скiравала была да акна, сучка зноў вырасла перад ёю, на гэты раз пагрозлiва гыркнула. Аля кранулася спiнай люстэрка.
   – Даруй! Даруй мне! – узмалiлася яна. – Даруй!
   – Вярнiся! – строга загадаў пан, i Хмара кiнулася на дзяўчыну.
   Аля закрычала, закрыла твар рукамi i адчула, што некуды правальваецца. Праз нейкi час яна расплюшчыла вочы i ўбачыла, што знаходзiцца ў панскiм пакоi. Устала i агледзелася. Па апачывальнi, выставiўшы наперад рукi, блукалi Тамара i Алеся. Сяброўкi былi апранутыя ў адзенне, у якiм iх апошнi раз бачыла Аля. Толькi правае рукаво Тамарынай кашулi набрыняла крывёю.
   Мабыць, бедная дзяўчына ў вечар знiкнення адбiвалася, i Хмара, ухапiўшы яе за руку, сiлком уцягнула праз люстэрка ў гэты пакой.
   Пасярэдзiне стаяў пан-сляпец у шляхецкiм гарнiтуры, побач сядзела верная Хмара. Пан упэўнена падышоў да стала i намацаў на iм келiх прыгожага барвовага вiна.
   – Доўга мы вас шукалi! – сказаў ён i наблiзiўся да Алi.
   – Даруй! – прашаптала тая.
   – Дарую табе, Аля! Дарую i вам, Тамара i Алеся! Не даруеце сабе толькi вы самi! Ва ўсе жыццi свае будзеце трапляць у гэты пакой у тым узросце, у якiм вы зрабiлi зло. А потым вернецеся, каб аблiвацца слязьмi, клясцi сябе за дурасць, малiць Бога i лёс!..
   Дрыготкаю рукою Аля ўзяла келiх i стала пiць церпкае, падобнае на кроў вiно.
   
   Мiнск

 
   Проза  >>
   top