Генадзь Пашкоў

Вершы

 

Генадзь Пашкоў
     
 


* * *

Ступаць у чысты снег
нi боязна,
нi смела.
Ён на алтар вядзе,
вядзе душу i цела.

У светлыню ступай,
хмялi душу азонам.
А скрушнае няхай
адвеецца са звонам.

На скронi,
даланi –
нябеснае прычасце.
Iдуць Хрышчэння днi –
мароз,
агонь
i шчасце.


Званы

Удараць медныя званы,
I загудуць званiцы неба.
Завуць да святасцi яны,
а iншага душы не трэба.
Не трэба iншага,
	калi
грахоў вакол – па поўнай
	мерцы!
Святы Георгiй на канi
i той, нiбыта ў паняверцы.

Замры, стары!
Зацiхнi, мал!
Суцiшся, свет бесперастанны!
Будзi,
	узвышаны метал,
збiвай грахоўныя кайданы!


* * *

Ад былiнкi малой
да самога свяцiла
зiхацiць навакол
найчысцейшае дзiва.

Апусцiся на лёд,
зазiрнi ў азярыну.
Жыццядай-кiсларод
сiнiх вочак пакiнуў.

У прыцемненым сне,
аглядаючы глыбы,
ходзяць вяла па дне
залачоныя рыбы.

Акаваны, цячэ
пушчы цёмнае з краю
нескароны ручэй,
стынi шкло выгрызае.

Парушынкi iскраць
над сiнечаю вадкай.
Проста страшна ступаць
крышталёваю кладкай.


* * *

Такое сонца
выпырснула ў вочы!
Такая воля,
	i такi мароз!
Скрозь – чысцiня, аб’iнелая
	ноччу,
пiрамiдальных елак i бяроз.

Як нехта ўдарыў
	крамянёвым крэсiвам.
Яшчэ ударыў, грэючы мароз.
Нiбыта Свет,
прапаўшы, уваскрэснуў
у неабсяжным росхрысце нябёс.


* * *

Светла на лузе i чыста.
Сiнь перадзiмняя спрэс.
Думае думу вячысты
сонцам падсвечаны лес.

Цiха над заваддзю дзынькне,
быццам слiзне па плячы,
белаю,
тонкай лядзiнкай,
месяц настылы ў начы.


* * *

Закружыўся першы снег
на ўрачыстыя ялiны.
У высокiх вершалiнах
пошум радасны прабег.

Над сцяжынай змерзлай звон,
па яловых лапах колкiх
рыжахвостая вавёрка
завiлася, што агонь.

У iмшарнiку густым
i высокая асiна,
i глыбокi след ласiны
закаваныя
у стынь.

Блаславёны светлы час,
як прасцяг раздолля,
		вечны!
... Ападае снег на плечы,
як апошнi,
першы раз.


* * *

Скупое студзеньскае сонца, –
ледзь узышло –
i ўжо няма! –
падсвецiць рыбаку
ў палонцы,
што ён на лёдзе недарма,
як зазвiнiць тугая леска
i ўспыхне ў снезе
вугалёк –
трапечацца
зямлi палескай
чырванапёры акунёк!


Сцiшаны лес,
апусцелы

Крок за крокам –
па гулкiм карэннi ў бары:
то выжара – у пнёўi,
то ў лiсцi – паляна.
А здаецца, учора крывёю зары
у малiннiках дзень налiваўся
		духмяна.
		
Вось i ўсё...
Апусцеў i адразу панiк,
ледзьве лета малiнавы звон
		адспявала.
Вунь на кволай грыбнiцы
iмхоў пухавiк
дзеразою зялёнаю зашнуравала.


Вось табе i маем

Перанёсшы на гарбе
войнаў лiхалеццi,
шчыт кавалi мы сабе,
жыць каб вольна ў свеце.

Думай:
«Бацькаўшчына – перш!
Гэтым будзь шчаслiвы!» –
заклiкаў даклад i верш,
	спелячы парывы.
	
Не даеў,
не далюбiў,
не даспаў народзе.
Спадзяванкамi ён жыў.
Маналiт узводзiў.

Выгiналiся ламы, –
прагрызалi шахты!
I не ведалi, што мы
будзем мець з той вахты.

Як жа так
нас развялi?!
Вось табе i маем:
сваёй зброяй,
кавалi,
у сябе страляем!


* * *

Такая радасць ёсць:
накручваюцца слёзы,
калi праб’е наскрозь
iскрысты дух марозу!
Разлог з лясоў i хат.
Зямлi i неба сiла.
Скiруецца пагляд
да мудрага свяцiла.
Кладзеш глыбокi след
праз белiзну бярозаў.
I молiшся на Свет,
на чысцiню i розум.

 
     
     
     
  Гасцеўню наведалi:  
  Алесь Пашкевiч  
  Вершы. З новай кнiгi «Скiнiя»  
  Лявон Вашко  
  Абы цiха. Апавяданне  
  Аксана Спрынчан  
  Вершы  
  Алесь Масарэнка  
  Вершы
Адзiнокi. Прыпавесць