ЗА ЗДРАДУ КАРАЛЮ I АЙЧЫНЕ

(Ананiмны беларускi твор 1580 года)

   
       XVI стагоддзе ў гiсторыi Вялiкага Княства Лiтоўскага i Рэчы Паспалiтае было даволi складаным перыядам. Знешняя i ўнутраная палiтыка С. Баторыя, скiраваная на пашырэнне межаў дзяржавы на поўначы i ўзмацненне каралеўскае ўлады, не знайшла шырокага разумення i падтрымкi ў сярэдняе шляхты i магнатэрыi. У барацьбе з каралём ягоныя працiўнiкi не пазбягалi кантактаў i з прадстаўнiкамi варожых дзяржаваў, часам свядома iдучы на здраду. Яскравым прыкладам падобнага кшталту дзейнасцi з’явiлiся падзеi, што адбывалiся ў ВКЛ у чэрвенi 1580 г., калi Баторы рыхтаваўся да другой вайсковай выправы ў бiтве за Iнфлянты, мэтай якое быў захоп важнага камунiкацыйнага пункта – Вялiкiх Лукаў. Выкрытая здрада, спалучаная з раскрыццём змовы супраць караля, гучным рэхам адгукнулася па ўсёй Лiтве i па-за яе межамi. Героем гэтых падзей стаў Рыгор Осцiк, якi паходзiў са знакамiтага i заможнага роду, што быў у блiзкiх сваяцкiх адносiнах з Радзiвiламi.
   У «Ляманце..»., напiсаным у форме аўтабiяграфii, Рыгор Осцiк паўстае перад чытачом як гуляка i прайдзiсвет, якi, знайшоўшы адпаведных сяброў, хутка прагуляў з iмi атрыманую спадчыну i нават кiнуў дзеля палюбоўнiцы жонку з сынам. З мэтаю здабычы грошай на раскошнае жыццё не цураўся ён i больш жорсткiх учынкаў: рабаваў, падрабляў пячаткi i подпiсы, гвалцiў i забiваў. Пасля смерцi брата ён абвiнавацiў нявестку ў ягоным забойстве, прагнучы гэткiм чынам прыбраць да рук братаву маёмасць. Пацярпеўшы паразу, пасля смерцi караля Жыгiмонта Аўгуста Осцiк навязвае стасункi з маскоўскiм царом Iванам IV Жахлiвым i падтрымлiвае ягоную кандыдатуру на польскi трон, спадзеючыся ў будучым атрымаць за гэта якую высокую пасаду. Аднак у чэрвенi 1580 г. падступныя планы героя былi выкрыты i каралеўскiм судом ён быў асуджаны на смерць.
   На Лiтве вестка пра здраду Осцiка распаўсюджвалася пераважна праз хронiкi i гiстарычныя апрацоўкi, прысвечаныя панаванню Баторыя. Першае падобнага кшталту друкаванае паведамленне змешчана ўжо ў «Хронiцы..». М. Стрыйкоўскага. Сярод апрацовак гiстарычнага зместу найбольшую папулярнасць атрымала ўзгадка, змешчаная ў «Маскоўскай вайне ў каментарыi» Р. Гайдэнштайна (Кракаў, 1584).
   Аўтар «Ляманту..»., чыё iмя ў прадмове-акравершы гучыць як Станiслаус Лаўрэнцii, не вядомы нi ў польскай, нi ў беларускай лiтаратуры; аднак жа не выклiкае сумнення, што быў ён асобай, наблiжанай да двара вялiкага князя ў Вiльнi. Распачынаючы такую справу, як напiсанне «Ляманту..»., аўтар, безумоўна, менш за ўсё думаў пра мастацкiя вартасцi свайго твора, бо выразна кiраваўся палiтычна-прапагандысцкiмi мэтамi. Твор быў спробаю запабегчы пашырэнню ўплыву каралеўскай апазiцыi шляхам кампраметацыi метадаў яе дзейнасцi, а таксама ставiў на мэце ўзаконьванне ўчынкаў Баторыя, што не стасавалiся з правам.   Лiтаратурны жанр «Ляманту..». не паддаецца адназначанаму азначэнню (хоць сам аўтар i карыстаецца папулярным у тыя часы словам лямант): твор вызначаецца кампазiцыяй, характэрнай для сiтуацыйнай i апiсальнай лiрыкi, мае элегiчны накiрунак; ён стаўся водгукам на актуальную падзею i павiнен быў служыць вызначаным палiтычным i маральным мэтам, таму не ўсе прыпiсваемыя Осцiку ў «Ляманце..». злачынствы сапраўды мелi месца. Творчасць падобнага тыпу мела даўнiя лiтаратурныя традыцыi i стасавалася з сярэднявечнай сiстэмай прыгожага пiсьменства, якое ў аднолькавай ступенi акцэнтавала ўвагу як на «movere», так i на «docere».   За выключэннем змешчанай напрыканцы «Песенькi... з малiтвы Осцiка», твор (як i «Дзесяцiгадовая Аповесць..». А. Рымшы) напiсаны 13-складовым вершам з цэзурай пасля сёмага складу (-’ – -’ – - -’ – / -’ – -’ – -’ -). Як i ў класiчнай элегii, версiфiкацыя «Ляманту» грунтуецца на сiлаба-танiчных прынцыпах. Сказы пераважна абмежаваны двувершамi, якiя ўтвараюць своеасаблiвыя фразавыя, а часам i фразеалагiчныя адзiнкi (Напр.: О свабода, свабода, хто з табой не знаўся, Той з уласнай ахвоты у труну паклаўся!)
   Пераклад «Ляманту..». падаецца ўпершыню паводле: [Stanislaus Laurencii]. Lament nieszczesnego Hrehora Oscika, za jego uczynek poczciwosci odsadzonego i na gardlo skazanego roku 1580, miesiaca czerwca 15 dnia w Wilnie. // Archiwum Literackie, 4. Miscellanea Staropolskie. T. XVI. – Warszawa, 1972. Ss. 97 – 116.
   
             
             
   

 

 

[СТАНIСЛАЎ ЛАЎРЭНЦЫЙ]

ЛЯМАНТ

Няшчаснага Рыгора Осцiка,
за ягоны ўчынак пазбаўленага гонару
i асуджанага на смерць у 1580 годзе,
месяца чэрвеня 15 дня ў вiльнi

 

 

Horatiusi1 Omnia si perdas, famam seruare memento.
Qua semel amissa, postea nullus eris.

 

 

[Вiльня]
[Друкарня Мiкалая Крыштофа Радзiвiла]
[1580]

 

 

   
             
             
             
        Прадмова
Аўтара гэтага Ляманту
да кожнага марнатраўцы
   
             
        Слухай, ты, марнатраўца, што дарма шчыруеш,
   Пустазвон, што бацькоўскiх скарбаў не шануеш.
Той маёмасцi прагнеш як хутчэй пазбыцца,
   Ведай: шчасцю нядоўга ля цябе круцiцца.
А таму атрымаеш ад мяне падмогу –
   Лямант Осцiка злому дасць перасцярогу.
Напiсаў зразумела, ты – чытаць старайся
   Ды са славаю продкаў Осцiка спазнайся.
I чаго дасягнулi за якiя справы,
   I за што атрымалi гонару i славы.
Слава й сёння па свеце iхняя лунае
   Ды дзядоўскую справу множыць, пашырае.
Лёгка тут зразумецi: маеш так рабiцi,
   На цябе каб не смелi языкi вастрыцi.
А таксама каб пальцам следам не ўказалi
   I учынкаў васпана злом не асуджалi.
У людзей так прынята: годных праслаўляцi,
   Гультаёў i злачынцаў у гразi мяшацi.
Справы ладзiць належыць чэсна i адкрыта,
   Каб iмя тваё ганьбай не было пакрыта.
Ласка большая – жыцi годна з недахопам,
   Як без годнасцi стацца ў беднасцi халопам.
А свавольства лiхое хай цябе не знае,
   За вярсту хай здалёку пана абмiнае.
У тым ляманце панству распавёў я шчыра,
   Як жыццё вёў Рыгоры, што яго згубiла.
Рады быў навярнуцца, толькi – здрада шкодзiць:
   Сам глядзi, марнатраўства да чаго даводзiць.
Эй, апошнi сыночак родам слаўнай мацi,2
   Што ж маёмасцi продкаў не схацеў трымацi?
Ну чаму ж ты маёмасць не бярог трывала,
   Каб тваю старасць годна потым ратавала?
Цi прынесла Рыгору шмат дабра растрата? –
   Славу збыў, апынуўся пад мячом у ката.
I калi не жадаеш там жа аказацца,
   Навучыся сабою сам распараджацца.
I на тым, пэўна, маю з вамi развiтацца;
   Лепей годнасць абрацi, як з лiхвярствам знацца.
               Бо з благога броду
               Шмат заўжды смуроду.
               Здраднiку заплацяць –
               Аж i годнасць страцiць.
               Лепш таго не знацi.
   
             
         
       

ЛЯМАНТ

   
        Няшчаснага рыгора осцiка,
за ягоны ўчынак пазбаўленага гонару
i асуджанага на смерць у 1580 годзе,
месяца чэрвеня 15 дня ў Вiльнi
   
             
        Плачу, вязень няшчасны, гора напаткаўшы,
   На дурных сваiх справах галаву зламаўшы.
Наракаю на волю – воляй карыстаўся,
   З ёй па свеце шырокiм дзе хацеў бадзяўся.
За нiшто стан лiчыў свой, як i годнасць стану,
   Не хацеў быць нiкому верным i адданым.
Горда справу пачаўшы, ўжо не мог спынiцца,
   I не думаў, чым справа можа завяршыцца.
Не былi мне за прыклад годных продкаў справы,
   Што памерлi, сканалi ў самы росквiт славы.
Славу тую i сёння рэха шчэ разносiць,
   I яе, што крынiцу, ўсё наверх выносiць.
Продкi розныя службы слаўныя спраўлялi
   На Лiтве – iх па ласцы панскай атрымалi.
На пасадах разважна, цвёрда кiравалi,
   I нiколi дзяржаве здрады не ўчынялi.
Ды не меншую ласку ў караля займелi,
   I за вернасць i годнасць славаю яснелi.
Бо за годнасць i веру ўсiх прыдомкаў роду
    Неаднойчы прымалi слушна ўзнагароду.
Даў кароль ваяводствы, слаўныя пасады –
   За адданую службу тое даць быў рады.
Сам кароль iх паклiкаў да Вялiкай рады,
   Давяраў таямнiцы, не чакаўшы здрады.
Продкi гэтыя змёрлi, слава iх не згiне,
   Справаў велiчных годнасць аж да сёння слыне.
Быў наш род, знакамiтых Осцiкаў, аддаўна,
   Ён у Княстве Лiтоўскiм спракавецця слаўны.
Мы за герб свой заўсёды тры трубы3 ўважалi:
   Трубы спраў нашых велiч свету выслаўлялi.
Ды не толькi ў Айчыне апявалi справы:
   Неслi ў землi чужыя, нам дадаўшы славы.
Слава ж тая па свеце ведама шырока,
   Вухам чуйны, пачуеш ты яе далёка.
Ласку ў Бога такую продкi здаўна мелi:
   Iм усё йшло ад неба, што адно хацелi.
I маёмасць была ў iх iсна немалая,
   I вядомасць, што з родам разам не мiнае.
Даў iм Бог тое – Бога продкi шанавалi,
   Волi божае ўчынкам злым не абражалi.
А таму Бог памножыў славу й забяспечыў
   Iм падтрымку ў нягодах аж да дзён старэчых.
   
        Даў нашчадкаў, якiя следам узрасталi
   Ды дзядоўскую славу болей памнажалi.
Мiкалая даў, Юр’я, даў мяне, нарэшце,
   Каб сям’i нашай славу шчэ вышэй узнесцi.
I Мiкола, i Юры годна кiравалi
   Ды заўсёды i ўсюды ў добры шлях ступалi.
Iх маёмасць памножыў Госпад Бог ласкавы,
   Уручыўшы iм продкаў годных нашых славу.
Перш жыццю Мiкалая Госпад крэс пазначыў,
   А што той без нашчадкаў, тое й не прадбачыў.
   
    Юры Осцiк,
ваявода Мсцiслаўскi
  Юры ж меў ласку ў Бога: быў вялiкi славай,
   Скарбам, кожнай пасадай, годнасцю i справай.
Стаў заможным, з бядою болей брат не знаўся,
   Божы Дух найласкава iм апекаваўся,
Раiў-дбаў, каб свавольствам брат мой не займаўся,
   Са смяротнай правiнай у жыццi не знаўся.
   
    Марштынова   А паколькi той волi верна змог служыцi,
   Даў i жонку4, каб з ёю мог брат добра жыцi.
З ёй прыдаў i пасагу сапраўды нямала;
   Так каханне са згодай там запанавала.
Велiч хочучы ўзвысiць Юрыевай справы,
   Стан ягоны Бог вывеў да вышэйшай славы.
Дасягнуў брат ранейшых немалых пасадаў,
   Што належалi продкам мiж старых урадаў.
Быў сенатарам слаўным рады каралеўскай,
   Ласку тую служэннем каралю займеўшы.
Атрымаў у Мсцiславе потым ваяводства,
   Да таго ж i судзейства ў Браслаўскiм старостве.
Ад iмя караля там правiў суд, расплату,
   Справядлiвы да бедных быў i да багатых.
Бог дабром надзяляў iх большым час ад часу,
   Што на свеце iснуе – даў дзеля запасу.
I за гэтыя справы людзi ўсе чынiлi
   Юр’ю годную славу i дабра прасiлi.
Бо жыццё вёў пачцiва, як яму й прыстала,
   Каб дзядоў нашых слава ў iм не мiнавала.
Хвала божая брата спрэс суправаджала,
   Хвiлi кожнае годнасць справам надавала.
Дом быў поўны, як чаша, – усяго хапала;
   Аж да братавай смерцi тое ўсё трывала.
Мацi любай служыў ён, Рэчы Паспалiтай,
   Абаронцам быў славы ейнай знакамiтай.
Каб найменшае страты часам не спазнала,
   Гонар славы паўсюдна цэлым захавала.
Толькi Бог, звыкшы ў сэрцы людзям заглядацi,
   Стойкасць братаву справай меў апрабавацi:
Жонку даў, каб хоць трохi клопату задацi,
   Заадно i цярплiвасць братаву спазнацi.
Ад тае, што найболей чалавеку люба,
   Цяжка зносiць пакуты, не любiць – загуба.
Меўся брат, хоць нярады, мужна ўсё трывацi
   I пакорныя просьбы Богу пасылацi.
Бог прадбачлiвы потым з нейкае прычыны
   Брата збавiў ад жонкi, годнае жанчыны.
Брат жа бачыў там волi божае ўмяшанне;
   Крыж, ускладзены Богам, нёс без наракання.
   
    Юры Осцiк, ваявода
Смаленскi, што быў
Мсцiслаўскiм
  Неўзабаве спаткала брата справядлiвасць:
    Бог дае ўзнагароду за яго цярплiвасць,
У краiну чужога цэзара5 паслаўшы,
   Жонку годную брату даць паабяцаўшы –
Панну слаўную з царства цэзара ў Мараве6;
   Сам Гасподзь быў дарадцам брату ў гэтай справе.
Блаславiўшы на тое, iм апекаваўся,
   За жыццё i бяспеку брата турбаваўся.
Так зрабiў, што нязнаны госць па той прычыне
   Быў прыняты ласкава у чужой краiне.
З волi божай жанчыны гэтай не трымалi
   Ды адразу iх з братам там пашлюбавалi.
Жонку ўзяў i маёмасць большую, як з першай,
   Жонку бачыў сяброўкай лепшай, найвярнейшай.
З ёю ўзяў месты, срэбра, золата, гароды:
   За цярплiвасць ад Бога меў узнагароды.
I якая ж прычына ў справе прыдалася –
   З гэткiм скарбам дзяўчына госцю дасталася?
Тры трубы, i не болей, справе пасаблялi,
   Што i славу, i годнасць роду выслаўлялi.
Справы, годныя славы продкаў знакамiтых,
   Спраў вялiкасць, нашчадкам ганьбай не пакрытых.
А што гэткiя ўчынкi брата праслаўлялi,
   То жанiцца з дзяўчынай не перашкаджалi.
   
    Магдалена Брамоўская
з Лемнiцы
  Панна слаўная з панам годным шлюбаваны –
    Людзi, роўныя ў стане, лёсамi абраны.
I калi на радзiме Юры аказаўся,
   Шчодры Бог iх сям’ёю зноў апекаваўся.
Даў у доме iм ладу – не знайсцi такога! –
   I жылi, i кахалi там адно другога.
I павагу жанчына мужу аказала,
   Бо, як Сара Абрама, мужам называла.
Паслухмяная мужу, рук не пакладала
   I багацце тым самым дому памнажала.
Ён таксама павагай атулiў жанчыну,
   Бо да жонкi павага сведчыць пра мужчыну.
Бог спрыяў iм за тое ў кожнае iмгненне,
   Воляй боскай узрошчваў шчодрасцi насенне.
I за годнасць у стане любым тым сужэнскiм
   Стаўся брат неўзабаве гетманам Смаленскiм.
А затым, каб спакусы не апанавалi,
   Бог забраў брата Юр’я да нябёснай хвалы.
А што брат спадкаемцам род свой не пазначыў,
   Бог, ва ўсiм быўшы шчодрым, неяк не прадбачыў.
Брат, каму што раздаўшы па сваiм парадку,
   На астатнi маёнтак налажыў пячатку.
Мне ж – нiчога, бо ведаў: нораў неспакойны
   Мой, у кожнай я праве быў несамастойны.
Ведаў добра з учынкаў, як я справаваўся,
   Як бяздарна з бацькоўскiм скарбам развiтаўся.
Толькi жонцы пачцiвай за святыя справы
   Адпiсаў скарб агулам ейны муж ласкавы.
Апiсаў я дарэшты ўласных продкаў справы,
   I якой дасягнулi годнасцi i славы.
   
    Жыццё Рыгора Осцiка,
пазбаўленага годнасцi
  Прыгадаў тыя справы, продкi што ўчынiлi,
   Iх браты мае гэтак, як свае, любiлi.
Жывучы ў гэтым свеце, мог я прыклад брацi
   З тых учынкаў, якiя здолеў прыгадацi.
Тут свайго апiсанне жыцця пачынаю,
   Тут пусты i нiкчэмны век свой прыгадаю.
Кожны з вас зразумее, шчыра спадзяюся:
   Запабегчы разладу гэтым я iмкнуся.
Тут пабачыш пачатак, тут i развязанне,
   I жыцця небаракi з светам развiтанне.
Бог хацеў мяне бачыць у такой жа славе,
   Як i продкаў, у кожнай найгаднейшай справе.
Даў мне з ласкi мой розум, iм каб кiраваўся,
   I сумленне, каб моцна зла асцерагаўся.
Так маёнтак бацькоўскi7 хутка мне дастаўся,
   Каб я годна й разумна iм распараджаўся.
Каб любоўю гасподняй стала кiраваўся,
   I з таго з найвялiкшай годнасцю спазнаўся –
Гэткай годнасцю слаўнай, што й па сёння слыне,
   Слаўнай годнасцю продкаў, што павек не згiне.
   
    Князёўна Насiлоўская,
дачка Вiцебскага
ваяводы
  Жонку, слаўную родам, даў мне Бог пачцiва,
    Загадаўшы любiцi i кахаць праўдзiва.
Слова даўшы жанчыне вернасць захавацi,
   Абяцаў годным быцi, iншых не кахацi.
Даў мне Бог з ёй нашчадка8, каб, перш як сканацi,
   Шлях зямны завяршыўшы, скарб нажыты дацi
Мог нашчадку я; сын жа скарбам тым спакойна
   Карыстаўся б i жыцце вёў сваё прыстойна.
Ды, няўдзячны да ласкi выяўленай божай,
   Пагарджаў я той ласкай, успрымаў варожа.
З Богам дадзенай жонкай мiгам развiтаўся,
   У граху чужаложства з iншаю звязаўся.
А на Божае права не хацеў зважацi,
   I за тое меў кару лютую прыняцi.
Божы гнеў загушчаўся над маёй душою,
   Я ж кахаўся без меры i не знаў спакою.
Хто спынiць мяне прагнуў – той дарма стараўся:
   Не з падзякай, а з гневам той маiм спазнаўся.
Кажа байка старая: «Хто не чуе людзi,
   Божы гнеў той спазнае, кара гэткiм будзе».
Быў я ў росквiце, юны, i на прышласць летаў
   Не зважаў, i не думаў, з чым зыйду са свету.
Бога ў сэрцы не меўшы, жыў на ўласны розум,
   Як хацеў, не чакаўшы нейкае пагрозы.
Маладосцю нiкчэмна я распараджаўся,
   На дабро ў гэтым часе i не спадзяваўся.
На мяне божу кару людзi заклiкалi,
   Зараз гэткае кары пэўна прычакалi.
Жонку кiнуўшы, потым я пачаў губляцi
   Скарб бацькоўскi – на вецер грошы раскiдацi.
Ды пачаў сябравацi з душамi пустымi;
   Збыўся годных, пачаўшы справу мецi з iмi.
Спачываў у раскошы я аблуднай свету
   I не думаў, чым скончу маладыя леты.
Жыў не так, як людскую Бог пазначыў долю –
   Грэх любiў больш аблудны, як гасподню волю.
А суседзяў памежных гнаў я з панавання,
   Скарбы браў, i не ведаў лiтасцi нiзвання.
Не гадаў i не думаў я тады, што потым
   Зведаць маю за тое ганьбу i турботы.
Не здагадваўся: дзедзiч з гэткага забору
   Весялiцца не будзе – ў iм няма задору.
Гроб чужое лапатай; iншы i ў няволi
   Мусiў даць, бо шчаслiвай прагнуў, бедны, долi.
Не адзiн з iх чужыя сцены падпiрае,
   На мяне, абяднеўшы, помсту заклiкае.
   
    Шавялянцы   Шавялянцы9 са мною доўга не змаглiся,
   I маёмасць, i хаты мне iх дасталiся.
Плачуць бедныя дзецi, па бацьках рыдаюць,
   I сыны iх пакутна слёзы пралiваюць.
З тых бацькоў хто забiты, хто пачвартаваны,
   На варотах ля дома iншы ўкрыжаваны.
А самiх бедных жонак за сваiх малойцаў,
   Канюхоў, выдаў тут жа, iх мужоў забойцаў.
Тое iншым злачынствам добра паспрыяла,
   Бо й найбольшых злачынаў мне было замала.
Цалкам здрадзе, забойствам, фальшу я аддаўся,
   Жыў нягоднаю справай, з годнасцю не знаўся.
Бо калi б праўда з цнотай мною кiравала,
   Цi з мяне лыч свой гiдкi здрада б паказала?
Хоць жа Бог маё жыцце доўга накiроўваў,
   Зло маё i свавольства часта утаймоўваў –
Не зважаў я на тое: зло ўсё панавала,
   Дзень за днём, час ад часу тое зло ўзрастала.
I яно Бога часта страшна абражала,
   Помсту вечную гэтым зло мне памнажала.
З-за мамоны бяздушнай родны не прымаўся
   У разлiк i з бядою, як i iншы, знаўся.
Толькi Бог, што з любовi ў свеце зло трывае,
   У мяне за няўдзячнасць ўсё тут адбiрае.
Усяго я пазбыўся, недахоп адчуўся,
   Кожны, з кiм быў у шчасцi, ў горы адвярнуўся.
Усяго не хапала, доўг таiў пагрозу,
   Нават слугаў пазбыўся праз дурны мой розум.
Так пачаў разважацi, дзе-куды падацца,
   Як з галечы лядашчай мушу ратавацца.
Хто з уласнаю воляй знаўся замалоду,
   Той i ў старасцi цнотам не шукацьме броду.
Шкарлупiнне арэшка так расце, буяе,
   Хоць згнiе той арэшак – цвёрдасць захавае.
Так i я: у ахвоту жыў у маладосцi,
   I цяпер не зракуся, хоць старыя косцi.
Цi ж я думаў, што будзе так, як сам пазначыш:
   «Па пачатку i справы завяршэнне ўбачыш»?
Не зважаў я на тыя слаўных продкаў справы,
   Што паднеслi iм чашу несмяротнай славы.
Не прынесла карысцi, не дало спакою
   Тое зло, што па свеце нёс я за сабою.
I не думаў пра годнасць цi грахоў вызнанне,
   Пра нашчадкаў, у смерцi страшнае кананне.
Собскi розум са мною нават не ўжываўся,
   З грэшным светам па ўласнай волi я спазнаўся.
Не трымаўся надзейна прадзедавай веры:
   Той быў цвёрды, хоць бедам парасчыньваў дзверы;
Хоць у страшных аковах па Маскве туляўся10,
   Богу з чыстым сумленнем там ахвяраваўся;
Хоць сумленне багаццем часам спакушалi,
   Ды яго веры ў Пана гэтым не зламалi.
Меўся зносiць пакуты дзеля божай справы,
   Як парушыць прысягу i пазбыцца славы.
Ведаў: лепей прысягу Пану захавацi,
   Чым Маскоўскаму Князю новую аддацi.
I без страху далося прадзеду рашэнне:
   Захаваў у няволi чыстае сумленне.
I нi разу спакуса волi не схiлiла:
   Годнасць больш, як спажыву, славу палюбiла.
Я ж цяпер вось, на волi, справамi абразiў
   Караля i сумленне, iм абодвум здрадзiў.
I не вечнасць – зямное шанаваў пачцiва,
   Бо была мне заўсёды па душы спажыва.
   
    Рыгора
Станiслававiча
Осцiка
  Лепей той вершаванай мудрасцi трымайся:
   «Як i страцiш маёмасць, з годнасцю застанься,
Бо са смерцю тваёю i маёмасць згiне,
   Але слава – давеку слава не пакiне»11.
Толькi я больш спажыве аддаваў, не славе –
   Гэтай добрай, прыстойнай годных продкаў справе.
Ды пра цноту нiколi не хацеў падбацi,
   Як браты мае, дзеля нашай любай мацi,
Нашай слаўнай Айчыны, Рэчы Паспалiтай,
   Не хацеў узвялiчыць славы знакамiтай.
Не хацеў захiнуцi iх грудзьмi сваiмi –
   Ад нашэсця няверных баранiцца iмi.
Цi ж браты ўзнагароду нейкую займелi?
   Так: у годнасцi, славе i дабры квiтнелi.
Тое ўсё я адкiнуў, больш упадабаўшы
   Спраў зямных i нiкчэмна вечнасць занядбаўшы.
Як не мог больш квiтнецi – грошай не хапала,
   I ва ўсiм недахопам доля пакарала,
   
    У 1573 годзе   У часы пасля смерцi Аўгуста-нябогi12,
   Клопат меў, каб абрацi караля чужога.
Супраць мацi ласкавай, Рэчы Паспалiтай,
   Зло чынiў, каб пазбавiць славы знакамiтай.
Дзеля грошай паганых справай злой заняўся,
   Княству здрадзiў, да князя на Маскве падаўся13.
З iм пачаў я вадзiцца ды лiсты пiсацi,
   Думаў, з iм мне нiколi гора не зазнацi.
Даў слузе лiст да князя з абяцаннем здрады,
   Ды паспешлiва выслаў у чаканнi звады.
Напiсаў: час забрацi люд асiрацелы,
   Бо народы ва ўладзе быць яго хацелi.
Сам жадаў стацца панам, сам распараджацца;
   I пацiху да справы мусiў рыхтавацца.
А на тое й забыўся, што Пан Бог не любiць
   Тых, што здраду рыхтуюць, – iх за здраду губiць.
Ён, не церпячы здрады, i мяне карае:
   Перад людам злачынцам зараз выстаўляе.
Бо слугу, што адправiў, ў Ротчы14 паiмалi
   Ды, лiсты адабраўшы, мечам пакаралi.
Сумны быў брат мой Юры, брата не пазнацi:
   Ад мяне i не думаў здрады прычакацi.
I трымаў, i ўгаворваў, раiў мне спынiцца,
   Каб павагi, клейноту часам не пазбыцца.
Я ж падманна ў злачынстве нiбы прызнаваўся,
   З жалем справаў нягодных быццам выракаўся.
Меў на сэрцы не тое, вусны што казалi,
   Сэрца й вусны з-за праўды ворагамi сталi.
А затым Бог суцешыў люд асiрацелы –
   Неўзабаве i пана добрага займелi.15
Бог спаслаў гаспадара панаваць над iмi,
   Кiраваць годна, чынна – гэтак, як сваiмi.
Злога меўся карацi ён за злыя справы,
   А на годныя ўчынкi шчодрым быць, ласкавым.
Хоць даў Бог караля нам, я не ўгаманiўся –
   Пра падступныя справы дбаў i клапацiўся.
Шпегам князя маскоўскiм даў не раз схавацца,
   Пераказваў, што ў Княстве мае нашым стацца.
Што й калi адбылося, як што вырашалi,
   Як Маскву ваявацi войска рыхтавалi.
Стаўся сябрам няверным – зблiзiўся з жыдамi,
   Меў стасункi, нiбыта з роднымi братамi.
   
    Фальшываманетны
двор у Каварах
  Бiў фальшыва манету дзеля ўзбагачэння,
    Не чакаў, што няўдалым будзе завяршэнне.
Так пачаў залатарствам гандляваць бяспробным,
   
    Фальшывыя пячаткi i
ўласнаручныя подпiсы
     Навырэзваў пячатак панскiх я падробных.
Звыш таго, кожны подпiс панскi пераглядваў
   Ды, мембраны зрабiўшы, подпiсы прыкладваў.
Тое ўсё патаемна ў скрынку я паставiў,
   Мынтароў, залатараў на той свет адправiў.
Каб злачынства лiхое ў тайне засталося,
   А фальшываманецтва добра развiлося.
Потым Бог прызывае да свайго парога
   Брата Юрыя – быў ён шчасцем для любога.
А маёмасць i скарбы, як тут i прыстала,
   Жонка любая брата цалкам атрымала.
Распачаў я заходы розныя ўжывацi,
   Як бы тую маёмасць мне да рук прыбрацi.
Ды вышукваў удачы, як лацвей дастацi,
   Як не правам займецi – то жыццё забрацi.
На яе слаў праклёны, нiбы вiнавата,
   Што заўчасна хвароба напаткала брата.
Толькi ўсё тое мала ў чымсьцi паспрыяла,
   Бо хлусня мая гэтым на мяне ўказала.
Што казаў на нявестку – спрэс усё фальшыва:
   Так хацеў я маёмасць мець несправядлiва.
   
    Фальшывы запавет   Запавет братаў, грэшны, справiў без заганы,
   Братам быццам па-праўдзе на мяне пiсаны.
Дваццаць тысяч лiтоўскiх16 мелi грошы лiку,
   Што аддаў за маёнткi брат мой на пазыку.
I нявестку хацеў я тым усiм прымусiць,
   Думаў – брата маёмасць мне на рукi пусцiць.
Бог даў годнасць той панi, даў i разуменне,
   Што за ёю больш праўды, як майго сумлення.
Хоць за ёй было права – а закон тут цвёрды, –
   Кожны крок пачынала без учынкаў гордых.
Панства слаўнага просьбам потым саступiла,
   Што хацеў я дабiцца, тое i ўчынiла.
Не ўглядзела няшчырасць, злосць маю пракляту:
   Аддала мне маёнтак – вотчыну па брату.
Мне ж было таго мала, шмат я меў турботы,
   Да ранейшае здрады зноў вярнуўся потым.
Вось кароль, пан ласкавы, ваяроў склiкае
   На вайну, каб падацца па маскоўскiм краi.
Тут ганец маскавiтаў17 княскi лiст прыносiць,
   У якiм каралеўскi глейт масковец просiць.
А за iм i пасланцы мелiся з’явiцца,
   Каб у чымсьцi, нарэшце, з каралём згадзiцца.
Я ж намераў ранейшых не хацеў пазбыцца,
   Ад учыненай здрады ўзяць i адступiцца.
Бо ганец той ад князя вёз i мне пасланне,
   Каб яго атрымацi, шмат прыклаў старання.
Час падаўся прыдатным – рушыў да гасподы,
   Не чакаў нi засады, нi якой прыгоды.
Там з’явiўся з Бартошкам18, быў ганец нам рады,
   Што такую паслугу аказаў для звады.
Даў той лiст мне ад князя, а яшчэ бахмата,
   Праз якога патрапiў я у рукi ката.
Гэты лiст атрымаўшы, як хутчэй адправiў
   Да гасподы Бартошку, лiст каб той даставiў.
Загадаў лiст у хаце цэглай прывалiцi
   I, каб хто не заўважыў, вельмi пiльным быцi.
Сам жа я на бахмаце прэч адтуль падаўся:
   Што ў лiсце князь мне пiша прачытаць стараўся.
Хутка ўжо да гасподы я i павярнуўся,
   Сонца круг небакраю шчэ не дакрануўся.
Загадаў я вазнiчым як мага сабрацца,
   Бо са слугамi ў Трокi вырашыў падацца.
Лiст узяўшы з-пад цэглы, збыўся я трывогi,
   Лiст пад свiтку засунуў, як для абярогу.
Што не божае – доўга iснаваць не зможа,
   I нiшто i нiкому тут не дапаможа.
Бог, не хочучы ў Княстве распачацi зваду,
   Каралю выкрывае сэрца майго здраду.
Слуг маiх, што на справе той не мелi знацца,
   Скуль бахмат мой узяўся пачалi пытацца.
Тут Бартошак, падпiўшы, – быў з iм Мiжэёўскi19 –
   Кажа: даў мне бахмата той ганец маскоўскi;
Ён, як я з’еду ў Трокi, ледзь змог прычакацi,
   Мiж людзей тое яўна кiнуўся казацi.
Дадаваў ад сябе ён: я – i ёсць прычына,
   Што праз шпегаў трапляюць у Маскву навiны.
Тут кароль, пан разважны, меўся умяшацца,
   Ў Мiжэёўскага хоча праўды дапытацца.20
А пачуўшы, што стала i што мае быцi,
   Шмат стараўся, каб тое зло перапынiцi.
Слугаў выслаў за мною21 як за дваранiнам,
   Загадаўшы з’явiцца неадкладным чынам.
Я з’явiўся, нярады, сэрца ў жаху млела:
   Ведаў добра, за здраду напаткаць што мела.
   
    Фальшывыя пячаткi   А затым i пячатак шмат знайшлi фальшывых,
   Райцаў подпiсаў мноства i мембран здрадлiвых.
Па-майстрэрску я рэзаць подпiсы стараўся,
   Быццам кожны з тых райцаў сам i падпiсаўся.
А да часу, як слугi будуць паiманы,
   У турме маршалкоўскай22 быў я затрыманы.
Покi ўзялi Бартошку i маскоўцаў двое23,
   Жыцця здрайцы я зрокся, распачаў другое.
Ды кароль мой абрыдзе жыцця захавацi
   Не схацеў, зла такога не жадаў трывацi.
Склiкаў мудрую Раду, пры сабе ўсадзiўшы
   Разам з Радай за здраду так мяне судзiўшы.
Перад iмi, няшчасны, я пачаў казацi,
   Што шляхецкую вольнасць нельга абражацi.
Што ў судзе меўся толькi з позваю з’явiцца,
   I ў вязнiцу саджацi шляхту не гадзiцца.
Шчэ казаў: нельга рушаць годнасцi ды пэцкаць,
   Нельга ганьбiць iм славы, вольнасцi шляхецкай.
Аж да Сейму звяртаўся24 для разгляду справы,
   Ды злачыннай натуры не было халявы.
Бо сказалi, што, шляхту да двара прыняўшы,
   Можа пан суд чынiцi, позвы не паслаўшы.
Да таго ж, у пасольстве здраду мы ўчынiлi,
   Нас на справе гарачай за руку схапiлi.
А таму суддзi справы ў Сейм не адаслалi,
   Заўтра вырак абвесцяць – гэтак мне сказалi.
Меў вiну немалую – што ж мне ў тым таiцца? –
   Пажадаў я ва ўчынках страшных iм адкрыцца.
Каралю я прызнаўся яўна перад Радай,
   Што Лiтву прагнуў бачыць пад Масквы уладай.
   
    Год 1580,
чэрвеня 15 дня
  Тут Сенат i кароль мой справу так рашылi:
   Мне навекi за здраду годнасць адсудзiлi.
I, як здрайцу, да смерцi там прыгаварылi,
   Каралю ўсю маёмасць здрайцы падарылi.25
Караля ўсе з прысутных потым абступiлi,
   Ад мяне ўсе адразу адышлi, забылi.
А затым, як злачынца, што на смерць сказаны,
   Зноў я ў тую вязнiцу быў на ноч пасланы.
Там сядзеў я, няшчасны, слёзна наракаўшы,
   Дзень свайго нараджэння ўсёй душой пракляўшы.
О злачынца няшчасны! вось табе адплата –
   Сам сябе асудзiўшы, даўся ў рукi ката.
Дзе ж быў розум, чаму ж я iм не кiраваўся,
   Што ж дала мне раскоша, у якой купаўся?
Панам жыў у раскошы, меў зашмат свабоды,
   Як быў вольны, цяпер жа гiну мiж смуроду.
О зямля, што ж так доўга ты мяне жывiла,
   Што ж цярпела такога, на сабе насiла?
Лепш мяне паглынула б, як цяпер няславы
   Прычакаць меў такое за свае я справы.
Наракаю на розум, глупства немалое –
   Не адно мне згубiлi лета маладое.
Божа мой ўсемагутны, што мне за насланне,
   Што прыняць сёння мушу лютае каранне?
Хай бы звёў мяне, Божа, ты раней са свету,
   Як цяпер мне закончыць з тою ганьбай леты.
О няшчасна гадзiна, у якой спладзiла
   Мацi гэткага сына ды на свет пусцiла!
Лепш было мне ва ўлоннi матчыным памерцi,
   Як цяпер прычакацi той ганебнай смерцi.
А было табе, мацi, камень лепш спладзiцi,
   Як на ганьбу такую сына спарадзiцi!
Цi ж такое ты долi прагнула спазнацi,
   Што цябе сёння, цела, будуць катавацi?
Хто ж цябе ў шлях апошнi правядзе, аплача?
   А нiхто, бо пачцiвы злыдню не прабача.
Як буяў маладосцю – побач былi дрyгi,
   А цяпер не сябры ўжо адраклiся --слугi.
Я забыты навекi, дзе ўсе дрyгi тыя,
   Што са мною буялi ў леты маладыя?
О хвароба, што цела мне не раз марыла,
   О чаму ж ты нi разу дух мне не пусцiла?
Лепш было мне з хваробы страшнае сканацi,
   Як таго пакарання маю прычакацi.
   
    Нараканне
на свабоду
  О свабода, свабода, хто з табой не знаўся,
    Той з уласнай ахвоты у труну паклаўся!
Той, спазнаўшы няславу, з ёй навек злучыўся,
   Ды сваёй чалавечай годнасцi пазбыўся.
Заслужыўшы няславу, што ж мне наракацi?
   Толькi, слушна ўсё тое, што нярад чакацi.
Бачу вогнiшча: справы ўсе ў агонь пасланы,
   Незайздросны i лёс мой, мне прыгатаваны.
А на целе гарачым кроў зачырванее,
   Як мячом голаў зрубяць, ах, аж сэрца млее!
Кат стаiць у чаканнi, меч над галавою:
   Страх вялiкi, што будзе вырабляць са мною.
Глянь жа, глянь, што са мною, буйнасць, ты зрабiла:
   I мой стан, i пачцiвасць разам загубiла.
Цi ж ва ўсiм вiнавацiць, грэшнаму, мне Бога?
   Сам сабе вырыў яму з розуму дурнога.
Сам ганебна нягодных справаў я трымаўся,
   Хоць нiхто супраць добрых спраў не заiкаўся.
Плач бязвiнна забiтых даляцеў да неба,
   От цяпер прычакалi, што было iм трэба.
Кару лютую хоча Бог табе спаслацi,
   Боль пакутны за ўчынкi маеш ты прыняцi.
Не кажыце, што кара мне зыйшла ад Бога:
   Ад майго – пэўна! – кара розуму дурнога.
Бо не Бог мне загадваў свет на зло растрэсцi –
   Загадаў годна, чыста ўсiм жыццё правесцi.
Загадаў чалавеку зла асцерагацца,
   Розум даўшы, каб кожны змог iм кiравацца.
Позна мне наракацi, зноў таму не стацца,
   Каб нанова тым справам шчэ раз распачацца.
Я не гарджу табою, пане мой каролю,
   А нi мудраю радай, што сядзiць з табою.
Суд, кароль мой, паспешны твой, нелiтасцiвы,
   Ды пры ўсiм суд той чэсны, годны, справядлiвы.
Сам ва ўсiм вiнаваты ды дурныя справы,
   Што вялi мяне пэўна да такое «славы».
   
    Просьба да ўсiх   Тут ва ўсiх шчырасэрдна я перапрашаю,
   Ласку тую спазнацi шчэ надзею маю.
Што каму вiнаваты – выбач, дзеля Бога,
   На мяне не трымай жа больш у сэрцы злога.
   
    Просьба да жонкi,
якая цяпер з
Касмоўскiм
  А табе, жонка люба, хоць i прысягаўся
    Верным быць, толькi ж веры гэтай не трымаўся.
Ты ж адданасць i вернасць мужу захавала,
   То прашу, каб у сэрцы злосцi не трымала.
Мне прабач, што ўчынiў я з розуму дурнога,
   Не жадай пакарання мне ад Пана Бога.
   
    Зварот да ўсiх   Кожны хай мне прабачыць – ўсiх перапрашаю,
   Перад смерцю такую просьбу пасылаю.
Вы, маёнткаў вялiкiх дзедзiчы, зважайце:
   Багабойна i годна скарб свой ужывайце.
Анi золата-срэбра, анi годнасць дому –
   Рэчы марныя – моцы не дадуць нiкому.
Цвёрды ў веры, будзь годным, чыстым Божым сынам,
   Будзь адданым, надзейным, не жывi злачынам.
Тайнаў iншых не маеш права раскрывацi,
   Пры сабе тыя тайны маеш прытрымацi.
Стойкi будзь у спакусе памылковай справы,
   Бо аблуды даводзяць да вялiкай «славы».
Ад пажады ўстрымайся, не шукай чужога,
   Бо й сваё потым страцiш ўсё, што меў ад Бога.
Што даў Бог – тым валодай, а калi патрэба –
   Папрасi з чыстай верай, будзеш мецi з неба.
Бач, пажада са мною зараз што зрабiла –
   Пад мячом вострым шыя галаву схiлiла.
На маю глянь удачу, утаймоўвай цела,
   Каб цябе на злачынсты спакушаць не смела.
Верных маеш тут стражаў – розум i сумленне,
   То скiруй сваё цела на дабратварэнне.
   
    Сыну   А табе, мой нашчадак, тое, што пачцiвы
   Мае, як жа да твару, сыне мой цнатлiвы!
Справы продкаў i стрыя26 выпраў, любы сыне,
   Хай жыццё тваё славай годных справаў слыне.
Час табе расплацiцца; ударай жа смела
   Па нягодных – патрэба ў тым ужо прыспела.
Хай не спяць тыя, з кiм я гонару пазбыўся,
   Iм з цацанак маскоўскiх розум зацямнiўся.
Не шкадуй iм дарункаў – скарбы асляпляюць
   Вочы мудрых i розум мудрым адбiраюць.
   
    Зварот да Лiтвы   О Лiтва, ты адвагай спрэс па свеце слаўна,
   Што i ў годнасцi, ў славе ты квiтнееш здаўна!
Цешся – даў Бог ласкавы годнага вам пана,
   Праз яго спраў ахвярнасць ты пашанавана.
Зноў спазнаеш з iм славу – дзейсны ён сабою,
   Вораг больш пабаiцца справу мець з табою.
Маеш мудрага пана, здольны ён на справу:
   Узвялiчыць бо хоча зноў цябе па праву.
Час ужо, абудзiся, зброю з’iржавелу
   Ускладай, з гэтым панам руш у бiтву смела.
Хай да Белых адступiць вораг зноў Азёраў27,
   Бiтвы выйграць не зможа i не дасць адпору.
Бо, не могучы сiлай, пажадаў праз звады
   Дасягнуць пэўнай мэты шляхам нашай здрады.
Маеш ласку ты ў Бога – змог таго скарацi,
   Што хацеў цябе ў рукi ворагу аддацi.
А над крыўдай тваёю сам Гасподзь памсцiцца,
   Ласкi Пана нiколi ты не зможаш збыцца.
Пачынай жа адважна, каб у славе жыцi,
   Каб паганскiя сэрцы моцна настрашыцi.
Бо Лiтве не ў навiну злых перамагацi,
   Над паганцамi часта верх у бiтвах брацi.
   
    Да Рэчы
Паспалiтай
  Пана, Рэч Паспалiта, рада будзь вiтацi,
    Бо цябе ён ад здрады змог уратавацi.
Дай яму ўзнагароду – пан той найгаднейшы,
   Бо, як сын твой, у справе быў той найвярнейшы.
Я, як вырадак, нiзка галаву схiляю
   Пад мячом – па заслугах зараз атрымаю.

 

   
        Канец Ляманту    
             
        ПЕСЕНЬКА,
складзеная з Осцiкавай малiтвы,
якую чынiў той,
кленчачы на пляцы
   
             
        Гэй, Хрысце Пане, Божа на вышынях,
   Я вiнаваты, грэх мой пракляты
   Адпусцi правiны.
РЭха малiтву Богу хай заносiць:
   Будзь мiласцiвы, будзь лiтасцiвы –
   Грэшны, Божа, просiць.
Госпадзе, суд твой не з дабра якога,
   Любы мой пане, зменш пакаранне,
   Не судзi так строга.
О Божа, ласкай ацалi сваёю,
   Бедзе зноў цела, боль што цярпела,
   Збаўлена табою.
Рад быў адпiцi з лёсу горкай чашы,
   Зносiў ты раны, укрыжаваны,
   За грахi за нашы.
I той злачынца, што з табой судзiлi,
   Гiнуў, тваёю ласкай натхнёны –
   Рай займець па хвiлi.
О Пане, ў целе зло маiм лютуе,
   Хай праз мучэннi, хай праз цярпенне,
   А душу ўратую.
Схочаш з душою цела разлучыцi
   (Веру, мой Пане, – гэтак i стане,
   Так таму i быцi) –
ЦIха прыняўшы, прышлы лёс пазначыш
   У спадзяваннi на ўратаванне,
   А грахi прабачыш.
Кленчу, няшчасны, з светам расстаюся.
   Цела зраднiцца зноўку з зямлiцай.
   Духам узнясуся
   Да цябе, Езусе!
   
             
        К А М Е Н Т А Р    
   
 
   1 Сярод твораў Гарацыя падобны двуверш не сустракаецца. Верагодна, аўтар ужыў распаўсюджаную, шырокавядомую ў той час сентэнцыю, памылкова прыпiсаўшы яе Гарацыю.
 
   2 Эй, апошнi сыночак родам слаўнай мацi. – Зварот да Яна Осцiка, сына Рыгора i Ядзвiгi з Насiлоўскiх. На iм скончыўся род Осцiкаў.
 
   3 ...тры трубы. – Гэта быў герб Осцiкаў, атрыманы Георгiем Осцiкм у 1413 г. на з’ездзе ў Гародлў, калi блiзу 50 баярскiх родаўатрымалi шляхецкiя гербы.
 
   4 Даў i жонку... – першы раз Юры Осцiк пабраўся з Марштыновай.
 
   5 У краiну чужога цэзара... – Г. зн. у землi Фердынанда I Габсбурга, iмператара Свяшчэннай рымскай iмперыi i караля Чэхii i Венгрыi.
 
   6 ...з царства цэзара ў Мараве... – Гаворка пра Магдалену Брамоўскую з Ломнiцы, другую жонку Юрыя Осцiка.
 
   7 ...маёнтак бацькоўскi. – рыгор Осцiк атрымаў па бацьку частку Аванты, маёнтак шатэчну, ад брата яму адышлi Гiртушкi; акрамя таго, Рыгор валодаў Чадосамi, Ганушынкамi i Эмельнiкамi (усе – тэрыторыя сучаснае Летувы).
 
   8 Даў мне Бог з ёй нашчадка... – Сына, Яна Осцiка, апошняга прадстаўнiка роду.
 
   9 Шавялянцы – жыхары мясцовасцi Шавелянцы (Шаўлi) ў вiлькамiрскiм павеце (Жмудзь).
 
   10 ...у страшных аковах па Маскве туляўся. – Згадка пра Георгiя Станiслававiча Осцiка, дзеда Рыгора, якi ў бiтве над Ведрашшу ў 1500 г. патрапiў у маскоўскi палон i знаходзiўся там да 1508 г.
 
   11 Гэты выраз з’яўляецца перакладам двуверша, прыпiсваемага Гарацыю i змешчанага на тытульным аркушы першага выдання «Ляманту..». (гл. заўв. 1). У дадзеным выпадку змешчаная злева ад верша маргiналiя – «Рыгора Станiслававiча Осцiка» – сведчыць пра тое, што аўтар прыпiсвае выслоўе самому Рыгору Осцiку.
 
   12 У часы пасля смерцi Аўгуста нябогi...– Маецца на ўвазе так званы час безкаралеўя, якi праццягнуўся ад смерцi апошняга прадстаўнiка роду Ягелонаў караля Жыгiмонта II Аўгуста (07. 06. 1572) да абрання Каралём Польскiм з Вялiкiм князем Лiтоўскiм Стафана Баторыя (1575, каранаваны ў 1576).
 
   13 ...да князя на Маскве падаўся. – Гаворка iдзе пра маскоўскага цара Iвана IV Жахлiвага, якi пасля смерцi Жыгiмонта Аўгуста прэтэндаваў на трон Рэчы Паспалiтае.
 
   14 Ротча – Рашчаны, мясцовасць непадалёк ад Коўна (Каўнаса).
 
   15 ...пана добрага займелi. – Маецца на ўвазе сямiградскi (трансiльванскi) ваявода Стафан Баторы, абраны на караля ў 1575 г.
 
   16 Дваццаць тысяч лiтоўскiх. – У XIV – XVIII стст. на Беларусi грашовай адзiнкай вымярэння была т. зв. лiтоўская капа, якая адпавядала 60 грашам. Iншая грашовая адзiнка, лiтоўскi талер, вага якога ў XVI ст. складала 24,7 г чыстага срэбра, акурат у час апiсваемых падзей у ВКЛ не выпускаўся (з 1564 па 1585).
 
   17 ...ганец маскавiтаў. – Iм быў Рыгор Афанасевiч Нашчокiн, якi прыбыў у Вiльню ў чэрвенi 1580 г. для абмеркавання першапачатковых захадаў, звязаных з польска-лiтоўскiмi перамовамi.
 
   18 Бартошка – прыдворны, слуга Рыгора Осцiка.
 
   19 Мiжэёўскi – Мiрэўскi, прыдворны Рыгора Осцiка.
 
   20 Ў Мiжэёўскага хоча праўды дапытацца. – Тагачасны хранiст Гайдэнштайн падае крыху iншую версiю таго, як вестка пра здраду Осцiка дайшла да караля: Мiрэўскi паведамiў пра зносiны свайго гаспадара з царскiм паслом Зыгмунту Рыбiнскаму з харугвы Андрэя Забрыдоўскага, якi ў сваю чаргу паведамiў пра гэта каралю.
 
   21 Слугаў выслаў за мною... – Паводле Гайдэнштайна, арыштам Осцiка кiраваў вiленскi ваявода Мiкалай Радзiвiл; згодна з iншымi крынiцамi – каралеўскi канюшы Каспар Мацеёўскi. Затрыманы быў Осцiк у Троках.
 
   22 У турме маршалкоўскай...– Г. зн. у турме, якая належала надворнаму маршалку (у той час iм з’яўляўся Альбрыхт Радзiвiл).
 
   23 ...маскоўцаў двое. – магчыма, былi гэта спадарожнiкi маскоўскага пасла Нашчокiна Елiзарый Iванавiч Благой i Гразноў-Шубiн. (Monumenta Poloniae Vaticana, t. 4. Cracoviae, 1915. S. 442).
 
   24 Аж да Сейму звяртаўся...– У адпаведнасцi са Статутам ВКЛ Осцiк, як абвiнавачаны ў дзяржаўнай здрадзе i абразе каралеўскай асобы, за што павiнен быў пазбавiцца маёмасцi, гонару i жыцця, павiнен быў быць асуджаным сеймавым судом.
 
   25 Каралю ўсю маёмасць здрайцы падарылi. – Маёмасць Осцiка падпадала канфiскацыi на карысць караля. Частка маёмасцi, за ўдзел у маскоўскай вайне, дасталася Габрыэлю Бекешу; рэшту, таксама за ўдзел у войнах, атрымаў Ян Абрамовiч.
 
   26 Юрыя Осцiка, брата Рыгора.
 
   27 Белыя Азёры – возера ў Белаазерскiм княстве, на поўнач ад Волагды.
   
         
   

 

© 2000 Пераклад са старапольскай i каментар
Алеся Бразгунова