АПОВЕСЦЬ ПРА БАВУ





   
       Як сказана ў Пiсаннi, годны чалавеча, хай табе Бог памагае i баронiць цябе ад смерцi i лiхой прыгоды! Хачу расказаць вам прыгожую аповесць пра Гвiдона, князя Антонii, ды пра ягонага сына, вялiкага i слаўнага рыцара Баву. Гвiдон быў смелы вершнiк, але ж адно дрэнна зрабiў, што не ажанiўся своечасова. А як зрабiўся ўжо стары, тады ўзяў жонку з вялiкага племенi, але тая нi ў грош не ставiла яго. I ў першую ж ноч лёгшы з iм, зачала ад яго сына. Калi ж выйшлi неабходныя днi месяцаў, спарадзiла яна сына незвычайнай прыгажосцi; i , ахрысцiўшы, назвалi яго Бавою. Калi [Бава] пачаў падрастаць, [Гвiдон] даручыў ягонае выхаванне аднаму са сваiх слугаў – Сiмбалда, i той апекаваўся Бавой больш як сем год. За гэтыя сем год дзiця значна падрасло i зрабiлася вельмi пекнае сабою: твар яго быў, як ружа, а валасы яно мела жоўтыя, нiбы золата. I цяжка было б адшукаць дзiцяцi, прыгажэйшага за яго.
   А зараз вернемся i распавядзем, як Гвiдонава жонка, iмя якой было Мератрыса,1 загубiла пана свайго Гвiдона. Падняўшыся неяк на свiтаннi, гэтая панi ўвабралася ў багатыя шаты, умылася ружовай вадзiцаю, зiрнула на сябе ў люстэрка i сказала : «Гора мне, што бацька i род мой пакiнулi мяне, аддаўшы за гэтага старога чалавека, бо ён не здатны зрабiць таго, што я хочу». I паклiкала аднаго са сваiх слугаў, па iменi Рычарда, i кажа яму: «Паедзь у места Маганц, да князя Дадона, майго каханага, ды перадай яму ад мяне прывiтанне, бо любы ён мне не менш як бацькi мае. З iм я хацела пабрацца, але ж не схацелi [таго] бацька мой i род мой. Прашу цябе, паслужы мне ў гэтай справе ад чыстага сэрца i перадай яму: няхай збярэ пятнаццаць тысяч добра ўзброеных людзей i захопiць Антонiю.2 Няхай прыстане ў гаi ля Скларавеня, я ж тым часам пашлю Гвiдона ў ловы. Ён не возьме з сабой нiякае зброi, а слуг пры iм будзе не больш як дваццаць юнакоў; тады [Дадон] зможа папомсцiцца за смерць бацькi. I яшчэ перакажы яму ад мяне на словах: захопiш места з дапамогаю сваiх людзей – i ўся мая дзяржава будзе тваёй, а мяне возьмеш за жонку».
   Выслухаў яе Рычырда i кажа: «Благое ты гаворыш i вялiкi грэх на табе. Хай Бог не дае, каб я туды паехаў». Тая ж угневалася ды кажа: «Курвiны сыне, лiхадзей! Як не выканаеш майго даручэння, парву на сабе адзежу ды паскарджуся князю, што ты чапляўся да мяне; i ён загадае цябе падвесiць». Пачуўшы такое, Рычарда моцна спужаўся: «Панi, я выканаю ўсё, што ты хочаш». Ускочыў ён на iншаходнiка ды паехаў у Маганц, нiдзе не затрымлiваючыся; i прыехаў да Дадонавага двара. Увайшоўшы ў палац, ударыў Дадону чалом. «Цi добра даехаў, любы дружа? Адкуль тыедзеш i да каго прыехаў, прыяцелю?» – пытаецца той. «Да цябе прыехаў з добрымi навiнамi са слаўнага места Антонii, я – пасланец годнае панi, Гвiдонавай жонкi. Праз мяне шле яна табе прывiтанне i словы прыязнасцi. За цябе хацела яна пайсцi, але не па душы было тое ейнаму бацьку ды сваякам. Прасiла перадаць, каб ты сабiраў пятнаццаць тысяч коннага войска ды захапiў места Антонiю». I пераказаў усё, што загадала яму панi.
   Пачуўшы ад Рычарда тыя словы, давай Дадон [крычаць] на яго: «Курвiны сыне, хай табе Бог дасць лiха! Вершнiк Гвiдон – годны рыцар. Калi ён забiў майго бацьку, то i са мною можа зрабiць тое ж. Гэта ён паслаў цябе ў вывед. Хай Бог пакiне мяне, калi я не загадаю цябе павесiць!» – «Пане, выслухай мяне: калi не даеш веры таму, што я кажу, загадай пасадзiць мяне ў вязнiцу да таго часу, пакуль сам не даведаешся праўды. Калi акажацца не так, як я казаў, адразу ж загадаеш мяне павесiць», – адказаў Рычарда. Выслухаў Дадон пасланца ды й кажа: «Сапраўды, менавiта гэтак i абыдуся з табою». I загадаў кiнуць у турму.
   Склiкаў Дадон усiх сваiх ваяроў, а было iх пятнаццаць тысяч, уздзеў надзейныя латы, ускочыў на хутканогага каня, не зачапiўшы стрэменi, ухапiў дзiду ў рукi, а шчыт на плечы [закiнуў], i паехаў з войскам сваiм i братам, гетманам Дан Албрыгам, адважным чалавекам. Падышоўшы да места Антонii, заехалi яны пад Скларавенем у гай.
   Аднае ранiцы Гвiдонава жонка, устаўшы, пайшла да свайго пакою. Прыйшоў да яе Гвiдон. «Пане, выслухай мяне, – кажа яна яму. – Я цяжарная i вельмi хочацца мне пакаштаваць звярынага мяса. Пакорна прашу цябе, пане, паедзь у ловы – мо ўпалюеш якога звера». – «Загадай каб рыхтавалi мне зброю», – адказаў Гвiдон. Затым ускочыў ён на на каня паехаў; а з iм было дзесяць юнакоў. Заехаўшы пад Скларавенем у гай, пачаў Гвiдон усюды высочваць звера; i шмат упаляваў звяр’я. Але перш чым скончыў годны князь Гвiдон паляванне, пачуў ён, як клiча яго Дадон: «Гвiдоне Антонскi, надышоў сёння твой апошнi дзень!» Пачуў гэта Гвiдон, i зрабiлася яму тужлiва. Моцна стукнуў ён сябе даланёю ў грудзi й падумаў: «Бедны ты, Гвiдоне, i няшчасны: гэта падстроiла твая жонка Бландоя». Дадон жа зацугляў каня i ўдарыў Гвiдону дзiдаю ў грудзi; у таго ж не было пры сабе анiякае зброi, каб можна было баранiцца, i ад таго ўдару ён звалiўся на зямлю нежывы. А годных юнакоў ягоных тады ж усiх i перабiлi. [Дадон] жа – хутчэй у места. А як убачыў, што вароты – насцеж i пад’ёмны мост апушчаны, уехаў у места i скiраваўся ў Гвiдонаў палац. А курва-жонка Гвiдонава выйшла насустрач i кажа: «Вiтаю цябе, ваяру. Цi ж загубiў ты Гвiдона, якi быў мне нялюбы i не да душы?» – «Я забiў яго, панi, i з гэтай прычыны хачу ахвяраваць грошай на дзевяноста малебнаў», – адказаў Дадон. Яна ж узяла яго пад руку i павяла ў адзiн з пакояў.
   А тыя Гвiдонавы людзi, што былi ў месце, усе пакiнулi места, бо не хацелi там заставацца: усё з вялiкага жалю, што загубiлi iх добрага пана. Дачуўся пра тое Дадон i, каб нiхто не змог пакiнуць места, загадаў выставiць варту, сказаўшы: «Як служылi Гвiдону, гэтак жа паслужыце i мне, Дадону, – я буду вашым заступнiкам. Вяртайцеся ўсе назад». Бава таксама паспеў схавацца. Не знайшоўшы пляменнiка, Сiмбалда, дзядзька ягоны, выправiўся на пошукi. Аднак нiдзе не мог знайсцi й у роспачы ўсклiкнуў: «О гора мне! – i бацька мёртвы, i сына няма!» Затым зайшоўся да стайнi, паглядзеў пад яслямi i ўбачыў Баву, якi там схаваўся. «Сыне, хадзi да мяне», – паклiкаў Сiмбалда. «Дзядзя, што сталася?» – спытаўся Бава. «Сыне, бацька твой памёр – па-здраднiцку забiў яго бясслаўны Дадон з Маганца. Сыне, цi ўмееш ты ездзiць конна? Хачу я паехаць у святое места Сiмяон, падараваны мне тваiм бацька. Трыццаць год мiнулася, як падараваў мне яго. Калi б мог я завезцi цябе туды, то яшчэ паваяваў бы з Дадонам», – адказаў Сiмбалда. «Я добры вершнiк, то едзьма хутчэй у святое места Сiмяон», – пагадзiўся Бава. Тады Сiмбалда пайшоў у замак пашукаць тых, хто меў бы ахвоту паехаць з iм. I сустрэў ён Гвiдонавых прыяцеляў – шэсцьдзесят латных коннiкаў, годных юнакоў. Потым, узяўшы з сабою Сiмбалдавага сына Тэрыза, выправiлiся яны да святога места Сiмяона; i Баву павезлi з сабою. Адзiн жа з тых юнакоў вярнуўся да места Антонii й давай клiкаць [Дадона]: «Дадоне Маганецкi, вельмi ж моцна ты спiш, што з места Антонii выехала шэсцьдзесят коннiкаў! Яны збiраюцца даць табе бой пад Антон- местам. Яны прыхапiлi з сабою Гвiдонавага сына Баву, якi, як толькi падрасце, пойдзе на цябе вайною i адпомсцiць табе за смерць бацькi. Падымiся ж i вярнi iх назад, тады зможаш схапiць дзiця i загубiць яго».
   Пачуўшы тое, ускочыў кароль Дадон, склiкаў войска, i кажа: «Дайце мне маю зброю». Узброiўся ён i паехаў услед за Сiмбалдам. Тым часам Рычарда, якi выдаў Баву, прыехаў да Сiмбалда; а Сiмбалда вазьмi ды й спытайся ў яго: «Чаму ты там затрымаўся?» – «Не сказаў жонцы нiчога пра ад’езд», – мовiў Рычарда. Са сваiмi людзьмi Сiмбалда паехаў наперад, з iмi быў i Бава. Тут Сiмбалда азiрнуўся i здалёк убачыў шмат людзей, якiя гналiся за iм. «Што гэта за людзi?» – спытаўся ён. «Не ведаю», – адказаў слуга. Тады й кажа здрайца Рычарда: «Маю добрага каня i надзейныя латы – паеду i даведаюся, што гэта за людзi». – «Паедзь, Богам цябе прашу», – мовiў Сiмбалда, бо не бачыў, што выспявае здрада. Хутчэй паiмчаўся Рычарда, i прыехаў да Дадона. «Пане, – сказаў ён Дадону, – едзь хутчэй, бо Сiмбалда i ягоныя воi не могуць ужо ехаць хутчэй; захопiш Баву i загубiш яго, бо, як дасягне гадоў, калi зможа ў латах ездзiць вершна, прынясе ён табе вялiкае няшчасце: прыходзячы пад Антонiю, будзе помсцiць за смерць свайго бацькi». Так мовiўшы, паiмчаўся [Рычарда] назад гэтак хутка, як толькi конь можа. Калi даганяў ён Сiмбалда, заўважыў яго Тэрыз Сiмбалдавiч. «Бацька, здаецца мне, што гэта шпiён – паеду ды заб’ю яго», – сказаў Тэрыз i, зацугляўшы каня, наляцеў на Рычарда i ўдарыў дзiдаю, прабiўшы ягоны шчыт. I працяла дзiда Рычардава сэрца, i звалiўся ён з каня нежывы. А Тэрыз вярнуўся да сваiх, i паехалi ўсе разам да места Сiмяона.
   Аж тут сталася бяда: Бава ўпаў з каня, а Дадон прыпынiў свайго, схапiў Баву i павёз яго ў Антонiю. О Божа вялiкi, якая сталася бяда!
   Убачыў Сiмбалда, што Дадон схапiў Баву, i ад вялiкага жалю здранцвеў i не мог нават зварухнуцца ў сядле. А як убачыў, што Дадон павёз Баву, закрычаў, што мог: «Юнача, вярнiся, я хачу выкупiць яго – вазьмi наўзамен усё, што захочаш! А калi ты не згодны, Дадоне, то Богам прысягаю, што я перш памру, як аддам Баву на здзек!»
   I ехалi яны за Дадонам аж да меставай брамы. Заехаўшы з Бавою ў места, загадаў кароль Дадон зачынiць вароты i ўзняць мост. [Давялося Сiмбалда] вяртацца i ехаць да святога места Сiмяона.
   Ад той хвiлiны пачаў Сiмбалда збiраць войска i штодня ваяваць пад местам Антонiяй; i не адважвалiся людзi выходзiць з места нават ў царкву, каб памалiцца Богу, пакуль не мiнала трэцяя частка дня.
   Аднаго разу тая курва Мератрыса кажа Дадону: «Пане, да якога часу будзем мы гэтак жыць, не ведаючы спакою? Пакуль той стары лiхадзей жывы, не мецьмеш ты ад яго спакою. Прывёў ён з сабою пад Антонiю дзесяць тысяч войска, а ў цябе ва ўсiм месце – трыццаць тысяч». Спадабалiся Дадону тыя словы, i зараз жа загадаў ён трубiць у рог. I сабралася трыццаць тысяч добра ўзброеных коннiкаў – з гэтымi людзьмi выправiўся Дадон прама да святога Сiмяона. А як даехаў туды, адправiў да Сiмбалда вестуна. I пачаў ваяваць места.
   А Сiмбалда баранiўся з места. I было там з абодвух бакоў шмат палеглых. У першую ж ноч, што начавалi пад замкам, убачыў кароль Дадон Маганецкi ўва сне, нiбыта Бава, пакрыты латамi, працяў яму сэрца i чэрава. Прачнуўшыся, паклiкаў [Дадон] брата свайго Дан Албрыга i сказаў: «Закладзi латы, вазьмi сотню юнакоў i паедзь да маёй жонкi. Прывiтай яе ад майго iмя i скажы, каб прыслала да мяне сына свайго Баву – хачу яго загубiць, бо гэтае начы бачыў у сне яго ў латах; пракалоў ён мне сэрца i чэрава». Дан Албрыга зараз жа сабраўся i, узяўшы сотню юнакоў, паспяшаўся да места Антонii. Там знайшоў ён панi Бландою, прывiтаў яе словамi Дадона i пераказаў тое, што гаварыў Дадон. «Дзеля ласкi бацькi Бавы не пашлю яго да Дадона, – лепш атручу яго сама», – адказала тая. З тым Дан Албрыгы i выправiўся да Дадона; панi ж загадала замкнуць сына ў адным з пакояў. I знаходзiўся там Бава без ежы й пiтва пяць дзён. I пачаў ён крычаць: «О мацi, вялiкi грэх на табе, калi ты хочаш загубiць мяне гэткаю смерцю». Пачуўшы тое, не стрывала Бландоя i паклiкала адну са сваiх служанак, дала ёй вельмi моцную атруту ды загадала: «Замясi гэта з цестам, спячы адзiн хлябец, занясi яго майму сыну Баву i скажы так: «Мацi твая пасылае табе прывiтанне i просiць пераказаць: «З жалю, якi маю з прычыны смерцi твайго бацькi, забылася я на цябе. Як падрасцеш, аддам табе бацькаву зброю i каня».
   Спякла дзяўчына два боханы з той атрутай, паклала iх на абрус i пайшла ў пакой да Бавы. А за ёю прыбеглi два галодныя шчаняцi. «Падымiся, – кажа дзяўчына Баву, – я прынесла табе ад тваёй мацi дастаткова ежы i пiтва. Яна пераказвае табе прывiтанне: «Не пужайся, што даўно я не ўзгадвала пра цябе. Тады, як зможаш насiць зброю, дам табе i зброю». Пакiнуўшы хлеб, пакаёўка выйшла. «Бяда мне, як загублю гэтае дзiця», – падумала яна сама сабе i хутчэй кiнулася назад у пакой. «Не еш гэтага хлеба, – загадала яна Баву. – Гэта атрута». – «Дай мне скiбу», – папрасiў Бава. «Рабi ж тады, што хочаш», – сказала дзяўчына i выйшла з пакоя. Бава ж узяў адзiн бохан, раскроiў яго напалову i кiнуў адну палову аднаму выжлу, а другую – другому. Не паспелi яшчэ i з’есцi сабакi таго хлеба, як абодвум павылазiлi вочы. Убачыўшы гэта, выйшаў Бава з пакою на пляц, а з пляцу праз галоўную браму падаўся прэч з замка.
   Апынуўшыся ў полi, не сустрэў ён нiкога i адправiўся да святога места Сiмяона. Неўзабаве хлапец збiўся з дарогi i зайшоў у вялiкi гай. Блукаў там Бава тры днi, не еўшы не пiўшы нiчога, акрамя травяных карэньчыкаў i вады. Аднаго дня ўгледзеў ён на беразе мора нейкую прыстань i пайшоў туды. «Ох, мой Божа, хоць я i дабраўся да прыстанi, але ж праз мора пераехаць не змагу; i назад як вярнуцца – не ведаю, – падумаў Бава. – Божа, дай мне ласку, каб я быў жывы-здаровы i адпомсцiў за смерць бацькi свайго». Тут Бава глянуў на мора i заўважыў там нейкi карабель, але не мог да яго дакрычацца. Убачыў жа яго адзiн з маракоў, i паказаў купцам – тады ўсе заўважылi дзiця. «Панове, – кажа марак купцам, – ужо сорак год хаджу я па моры i туды, i сюды, але нiколi не бачыў тут якога чалавека, хiба адно пару жывёлiн ды аднаго iльва. А зараз бачу нейкае малое дзiця. Едзьма ды пабачым: калi яно хрысцiянскае, то забярэм, а калi язычнiцкае, то пакiнем». I скiравалi карабель да берага. Там яны ўбачылi Баву i спыталiся: «Адкуль ты? Хрысцiянiн ты цi язычнiк?» – «Я ў Богу хрысцiянiн i ад хрысцiянiна народжаны. Бацька мой – млынар, а мацi мая за грошы мые заможным жанчынам кашулi i з таго кормiцца, бо яна небагатая жанчына. Надоечы я збiўся са шляху; сёння ўжо восьмы дзень, як нiчога не еў i не пiў я. Дзеля Бога, – дайце мне паесцi». Тым гандлярам стала моцна шкада Баву i яны ўзялi яго на карабель, далi есцi i пiць. Потым напялi ветразь i паплылi ў iншы бок, везучы з сабою Баву. I за трыццаць дзён перайшлi тое мора.
   Баву добра кармiлi i паiлi, i ён зноў зрабiўся такi ладны, што лепшага дзiцяцi не магло быць давеку. «Служы мне за тое, што я даю табе стравы», – кажа яму неяк адзiн з гандляроў. «Служы мне – я першы заўважыў цябе i паведамiў пра гэта астатнiм», – сказаў другi. А потым усчалi [гандляры] мiж сабою сварку i павымалi мячы, бо хацелi ўжо бiцца. «Панове, – сказаў iм тады Бава, – я служыцьму аднаму з вас пры абедзе, а другому – пры вячэры». – «Добра кажаш», – пагадзiлiся гандляры й памiрылiся мiж сабою. А тым часам карабель падышоў да места Арменii. Убачыў [цар] Арменiл карабель у прыстанi i загадаў слугам даведацца, што гэта за людзi.
   Калi слугi ўзышлi на карабель, спыталiся ў iх купцы, цi ў месце арменскi кароль. Карольм жа сам прыйшоў да iх. Убачыў ён Баву, якi стаяў пасярод палубы такi прыгожы, нiбы намаляваны. «О Святая Марыя, каб жа ж ён быў сярод маiх дваранаў цi юнакоў!» – уздыхнуў кароль i вярнуўся ў сваё места. Маракi падвялi карабель да берага, i тады арменскi кароль зноў вырашыў наведаць iх i зноў убачыў Баву. А той стаiць сабе, нахiлiўшыся праз борт. Кароль падышоўся блiжэй i, як зачараваны, глядзеў на юнака. «Пане, скажы, чаго ты хочаш?» – спыталiся ў яго маракi. «Скажэце, што гэта за хлапец, якога я бачу перад сабою? – пацiкавiўся кароль. – Цi ён з вашага места?» – «Пане, мы знайшлi яго ў прыстанi ля мора, i з радасцю прадалi б яго», – адказалi маракi. «Я магу вам добра заплацiць за гэтае дзiця, – прапанаваў тады iм кароль. – Даю вам за яго дваццаць лiтр золата». Потым загадаў кароль звесцi Баву з карабля. Бава сышоў, пакланiўся каралю, а той спытаў: «Адважны3 чалавеча, скажы мне, хто твае бацька i мацi?» – «Бацька мой – млынар, а мацi мая за грошы мые заможным жанчынам кашулi i з таго кормiцца, бо яна небагатая жанчына», – адказаў Бава. «Адважны чалавеча, служы мне аддана: маеш адправiцца на стайню – там табе месца, бо ты сам сказаў, што простага роду», – мовiў кароль.
   I ўсё сталася так, як распавядаецца ў кнiзе: чатыры гады праслужыў Бава машталерам4 на стайнi. I такi гэта быў цудоўны хлапчук, што лепшага як ён там i быць не магло. I пачалi рыцары казаць пра яго каралю; i не толькi рыцары, але iншыя людзi й панства таксама. Пачуўшы, што кажуць пра прыгажосць Бавы рыцары i паненкi, прызадумалася каралеўская дачка Дружнена, як бы гэта i ёй глянуць на Баву. Надумаўшыся, аднаго дня пайшла яна ў каралеўскi палац. Убачыўшы каралеўну, рыцары i юнакi кiнулiся ёй насустрач, нават сам кароль падняўся i падышоў да яе. «Скажы, дачка, у чым ты маеш патрэбу? Ты ж не мела звычаю заходзiць сюды». – «Ойча, вось якая ў мяне справа: паклiкала я да сябе на абед шэсцьдзесят высакародных дзяўчын, а патрэбны ж таксама i добры слуга, якi б iм прыслужваў», – адказала Дружнена. «То вазьмi каго хочаш, дачка», – мовiў кароль. [Тады] пайшла Дружнена да Бавы i сказала таму: «Адважны чалавеча, ты маеш пайсцi са мною – будзеш прыслужваць дваццацi5 высакародным дзяўчынам». – «Як твая воля», – адказаў Бава. Калi Дружнена сядзела за сталом з тымi паненкамi, то, гледзячы на Баву, не магла i думаць пра ежу; i не магла звесцi з яго вачэй. Узяла яна ў рукi хлеб i нож, i, рэжучы хлеб, наўмысна ўпусцiла нож пад стол. Бава нахiлiўся пад стол, каб падняць нож, а шляхетная Дружнена таксама нахiлiлася ды абняла Баву пад сталом i пацалавала яго. Пасля гэтага абое адразу ж паднялiся. Бава залiўся чырванню, не раўнуючы як тая ружа, а шляхетная паненка, пазiраючы на Баву, не магла на яго наглядзецца.
   Адабедаўшы, паўставалi тыя паненкi i, пакланiўшыся, разышлiся кожная да свайго двара, а Дружнена пайшла ў сваю спачывальню. Бава ж сеў за стол паабедаць, але не паспеў шчэ й падняцца з-за стала, як паненка Дружнена прыслала па яго, каб тэрмiнова iшоў да яе ў спачывальню. I Бава пайшоў. Дружнена сядзела на лаве, Бава ўкленчыў перад ёю. «Падымiся», – загадала тая i пачала распытвацца пра ягоны род, хто ён i адкуль. «Блага ты робiш, што пытаешся, чынiш мне праз гэта вялiкую крыўду: навошта табе ведаць пра мой род? – спытаўся Бава. – Але, калi табе ў тым такая патрэба, прызнаюся: бацька мой быў млынаром, мацi мая за грошы мые кашулi заможным жанчынам i з таго кормiцца, бо яна небагатая жанчына». – «Хлопча, ты кажаш няпраўду, бо аблiчча тваё сведчыць пра iншае», – запярэчыла паненка. «Адпусцi мяне, я павiнен ехаць у поле накасiць коням травы», – сказаў Бава i, павярнуўшыся, выбег у двор, ускочыў на каня i паехаў.
   У полi сустрэў ён сваiх таварышаў – усе касiлi траву. Бава згроб траву ў абярэмак i ўскiнуў на каня, а потым сплёў травяны вянок, усклаў сабе на галаву ды паехаў у места. Па дарозе ў места наехаў ён на якоесьцi войска, што стаяла ў полi. Гэта кароль Маркабрун прыйшоў з войскам узяць прыгожую Дружнену сабе за жонку. Было пры iм дваццаць тысяч збройных коннiкаў, i ладзiлi яны турнай, i сам кароль Арменiл удзельнiчаў у тым турнаi; а шляхетная Дружнена пазiрала на ўсё, стоячы на ганку. Скiнуў Бава траву, пад’ехаў блiжэй i ўбачыў у полi жаўнераў – гэта воi караля Маркабруна рыхтавалiся да турнаю.
   Баву таксама захацелася паўдзельнiчаць у тым турнаi. Ускочыў ён на каня i паехаў у поле. Там напаткаў ён нейкага рыцара; а той ехаў з пазалочаным шчытом. «Рыцару, – звярнуўся да яго Бава, – пазыч мне свайго шчыта, каб я мог паехаць на турнай, бо хочацца i мне пацешыць людзей». Даў яму [рыцар] шчыт, а Бава ўскiнуў шчыт на плячо i паехаў, так разважаючы: «От каб мне i дзiду здабыць!» Тут прыкмецiў ён жэрдку ля аднае брамы. Схапiў Бава тую жэрдку ў рукi i паехаў да войска на турнай. Сустрэў ён аднаго юнака – i збiў таго з каня, напаткаў другога – i скiнуў на зямлю; i так павыбiваў ён з сёдлаў аж шасцёх юнакоў. А шляхетная Дружнена, бачачы тое, дужа цешылася. Прыехаў Бава на рысталiшча i распачаў бязлiтасную бiтву. Сышоўшыся з каралём Маркабрунам, з вялiкаю ганьбаю выбiў яго Бава з сядла; а яшчэ ж у Бавы была тая цяжкая жэрдка – ёю паскiдваў ён з коней больш як сотню юнакоў, а Маркабруна ўссадзiў на каня. Склiкаў кароль Маркабрун сотню рыцараў i пачаў перашэптвацца з iмi: «Рыцары мае, прашу вас – адпомсцiце таму, хто выбiў мяне з сядла, цi жывому цi мёртваму».
   Каралеўна Дружнена адразу скемiла, чым тое можа скончыцца, i загадала трубiць у рог6. Рыцары адразу ж разышлiся, i Бава паехаў з турнаю . Ён аддаў рыцару шчыт, а жэрдку прыставiў да тае брамы, дзе i ўзяў яе; затым, несучы на галаве травяны вянок, зноў пайшоў на стайню,. «Моцна ўгневаны я на тую паненку, хлапец якое скiнуў мяне з каня на турнаi. Не магу больш i жыць з гэткага жалю», – думаў тым часам Маркабрун. Паненка ж Дружнена пайшла ў стайню i сустрэла там Баву. А той прылёг на траве, бо моцна стамiўся на турнаi [аблiчча ж ягонае было прыгажэйшае за якую кветку]. «Дай мне гэты вянок, каб я з твае ласкi магла насiць яго», – папрасiла Дружнена ў Бавы. А Бава i кажа: «Паненка, нядобра ты гаворыш i вялiкi грэх на табе, калi ты хочаш атрымаць i насiць абы-якi вянок. Прысягаю, што не дам табе вянка». – «Дай», – упарта паўтарыла паненка. Бава ж стаяў на сваiм: «Не, не дам!» Моцна ж угневалася каралеўна: «Ах ты, курвiн сын, гэтак нягодна ты мне дзячыш?! Сапраўды, па табе вiдаць, што ты сын млынара, калi табе не да душы каханне з найлепшай паненкай. Калi ты зараз жа не дасi мне вянка, то я падзяру на сабе адзежу i паскарджуся бацьку, што ты хацеў мяне згвалцiць. А ён загадае цябе павесiць!» Пачуўшы такое, не мог Бава нiчога iншага сабе парадзiць, як зняць з галавы вянок i кiнуць яго каралеўне ў ногi: «Вось жа, вазьмi яго, iншым чынам не жадаю аддаваць табе гэтага вянка». Заглядзелася шляхетная паненка на Баву, бо так ён быў ёй любы, што не магла звесцi з яго вачэй. Вялiкая тужлiвасць ад кахання да Бавы ахапiла ёй сэрца: «Дай Бог табе лiха, курвiн ты сын! Калi не ўскладзеш мне на галаву таго вянка, – парву на сабе ўсю адзежу!» Пасля гэтага не мог Бава абысцiся з ёю iнакш, як узяць i ўскласцi ёй на галаву той вянок; яна ж, схапiўшы Баву за рукi, паклала iх на сябе i моцна пацалавала яго. Яшчэ не разышлiся Бава з Дружненаю, як у прыстанi з’явiлiся з мора сарацыны [на чале] з Лукаперам, сынам вялiкага султана [мiж вачэй той Лукапер меў добрую пядзь шырынi; а з iм прыбыло сто тысяч збройнага люду]. I пад’ехаў [Лукапер] з дваццаццю тысячамi воiнаў да меставай брамы i пачаў голасна клiкаць: «Дзе кароль Арменiл?»
   Пачуў тое Арменiл ды пытаецца: «Хто ты такi, што клiчаш мяне?» – «Я з-за мора, прывялi мы разам з бацькам сто тысяч войска, бо хачу я ўзяць Дружнену», – адказаў Лукапер. «Я перш пасяку цябе на шматкi, як аддам табе Дружнену», – сказаў на тое кароль Арменiл i загадаў трубiць у рог. Сабралася коннае войска – дзесяць тысяч годных воiнаў. Кароль Арменiл i Маркабрун заключылi мiж сабою дамову i паехалi ў поле.

Бiтва караля Арменiла з Лукаперам7

Як сышлiся яны, то кароль Арменiл [першы] напаў на Лукапера: цаляў яму пад шчыт, але не здолеў прычынiць якое шкоды, бо Лукапер меў трывалы шчыт. I хоць павыпадалi цвiкi са шчыта i зламалася дзiда, Лукапер нават не зварухнуўся ў сядле; нанёс ён каралю [Арменiлу] моцны ўдар, але ў таго была добрая зброя – надзейна абаранiла яго. Далёка ад каня адшпурнуў Лукапер Арменiла, а потым узяў у палон ды загадаў дваццацi сарацынам везцi яго да султана, бацькi свайго.

Бiтва Маркабруна з Лукаперам

Маркабрун таксама вырашыў бiцца з Лукаперам: ударыў яго ў пазалочаны шчыт, але шчыта не прабiў, але дзiду зламаў. У Лукапера ж нават i нага ў стрэменi не зварухнулася. Нанёс ён Маркабруну моцны ўдар i скiнуў таго на зямлю; звязаўшы, Маркабруна таксама адправiлi да султана. Затым кiнуўся Лукапер у бой, i кагокольвек сустрэў на сваiм шляху – таго пазбавiў жыцця.

Агулiн жа, якi насiў харугву, уцёк i дабраўся да места; тут i ўбачыў ён Баву разам з Дружненай. Але яшчэ раней, да прыезду Агулiна, пачуў Бава, як заiржалi конi; выйшаў ён на ганак i ўбачыў сарацынскi герб, а побач з iм – арменскi. Тады ўзышоў ён на абарончую сцяну, глянуў на поле i заўважыў там нейкага хлопца. «Што гэта дзеецца, браце? Чаго плачуць людзi?» – пацiкавiўся Бава. «Мы ўсе паўцякалi, а караля забралi ў палон. I нейкi высакародны Маркабрун таксама ўзяты ў палон», – адгукнуўся той. Пасля гэтага Бава зноў пайшоў на стайню i яшчэ застаў там паненку Дружнену. «Панна, – кажа ёй Бава, – бацьку твайго ўзялi ў палон; i Маркабруна, твайго панiча, таксама. Ды паланiлi яшчэ больш як тысячу iншых рыцараў». – «Мы зачынiм места i падымем мост – i ты будзеш насiць карону гэтае дзяржавы», сказала Дружнена. «Цi ж магчыма такое ўчынiць чалавеку, якога пан наняў служыць за грошы? – спытаў Бава. – Але ж я абавязаны быць зараз побач з маiм панам: калi не маю каня, то i пехам магу пайсцi. Вазьму з сабою вялiкую дзiду: як стукну каго ёй, то бiцца са мною той чалавек ужо больш не зможа». – «Не давядзецца табе iсцi пехам: дам табе зброю i харошага гальскага каня8; яшчэ дам я табе i добры меч-глярэнцыю9, што належаў высакароднаму Алiўе10. Лепшага за таго каня, якога ты атрымаеш ад мяне, i быць не можа: гэта адзiн з тых коней, на якiх [яшчэ] нiводная душа не здолела ўтрымацца», мовiла Дружнена.
   «Дай жа мне таго iстага каня!» – усклiкнуў Бава. I паказала Дружнена каня. Тады Бава заклаў латы, адзеў гелм на галаву, а добры меч пачапiў на шыю, узяў шчыт на плячо, а дзiду ў рукi, ды так ускочыў на каня, што i стрэменi не зачапiў. «Чаму ты не падперазаўся мячом?» – пытаецца ў Бавы паненка Дружнена. «У маiх краях такi звычай: нiводны юнак не мае права падперазацца мячом, толькi рыцар мае гэтае права», – адказаў той. «Зсядай з каня, – загадала тады Дружнена. – Я дачка каранаванага караля, i зараз на мне каронны вянец. Я маю права пасвяцiць у рыцары аднаго чалавека, а ў гэткiя часы асаблiва».11 Скочыў Бава, а Дружнена i кажа: «Не маю права пасвячаць цябе ў рыцары да таго часу, пакуль не распавядзеш мне пра свой род». – «Панна, – пагадзiўся тады юнак, – вось што я табе скажу: я – сын аднаго караля, якi валадарыў у слаўным месце Антонii; а звалi яго Гвiдонам». Дружнена, пачуўшы, што ён не з малога роду, кiнулася да юнака i тройчы соладка яго пацалавала: «Я, твая Дружнена, магу пасвяцiць цябе ў рыцары». Потым падала яна яму сваю завушнiцу, падперазала яго мячом i сказала: «Не вадзi ж таварыства з лiхiмi i здрадлiвымi людзьмi».12 I з гэтымi словамi абхапiла яго рукамi за шыю i моцна абняла. Акурат жа ў гэты час Агулiн вярнуўся з бою i ўбачыў Дружнену, а тая цалуе Баву. «Курва, дай табе Бог лiха за тое, што ты вырабляеш! – ускрыкнуў Агулiн. – Бацьку твайго забралi ў палон, i Маркабруна, якi хацеў з табою пабрацца, таксама, а ты гэтым часам стаiш на стайнi i цалуеш юнакоў?! Твой бацька i Маркабрун, калi ўцякуць з палону, засякуць цябе [за гэта]».
   Пачуўшы тыя словы, угневаўся на яго Бава ды, падступiўшыся, выцяў Агулiна ў сцягно, аж той звалiўся з каня на зямлю, i падраў яму адно рукаво.
   Паненка Дружнена загадала чатыромстам коннiкам ехаць разам з Бавою; i выехаў Бава з тымi коннiкамi з места. I ехаў ён на тым магутным вялiкiм канi, [якога дала яму Дружнена].
   I паехаў Бава да сарацынаў. Зямля аж скаланалася пад iм наперадзе i ззаду. А Дружнена глядзела яму ўслед i была вельмi ўсцешана, бо ўбачыла, што Бава – годны рыцар. Лукапер, заўважыўшы Баву, паехаў насустрач. «Хто ты такi? – пагрозлiва спытаўся ён у Бавы. – Паедзь туды, адкуль прыехаў. Дружнена не твая. Аддай мне Арменiю без пралiцця крывi i прымi веру Магамета, Бога майго13. А я вазьму Дружнену».
   «Думкi зводзяць цябе з тропу, – адказаў яму рыцар Бава. – Перш дазволю я рассячы сябе на дзве паловы, як дазволю табе пабрацца з Дружненай».

Бiтва Бавы з Лукаперам

I следам, хутчэй зацугляўшы каня, панёсся ён на Лукапера, усклiкнуўшы: «Сцеражыся мяне, ты прапаў!» Лукапер таксама прыпусцiў свайго каня насустрач Баву. Тут ударыў Бава Лукаперу ў пазалочаны шчыт, i прабiў яго. Паадпадалi бендзi з таго шчыта i прайшлася дзiда прама праз Лукаперава сэрца. Скiнуў Бава з каня нежывога Лукапера на зямлю ды крыкнуў [таварышам]: «Бiце, хлопцы, смялей!» I чатыры сотнi коннiкаў рынулiся ў бой. I кожны з iх выбiў з сядла свайго працiўнiка. I пачалася вялiкая бiтва мiж войскамi.
   Тут каралеўна Дружнена i загадала трубiць у рог. Калi ж набралася дзесяць тысяч годных коннiкаў, адправiла iх на падмогу Баву; а той ужо кiнуўся ў бiтву. I палегла ўсё тое дваццацiтысячнае войска, што прыйшло пад Арменiю разам з Лукаперам.
   Хiба аднаму старому сарацыну, якi не мог [ужо] бiцца, удалося ўцячы. Дай Божа яму лiха, што ўцёк, несучы ў хрыбетнiку тры дзiды. Ён змог дабегчы да лагера султана. Султан жа, убачыўшы яго, спытаўся: «Якiя ж весткi прынёс ты пра майго сына?» – «Благiя весткi прынёс: выехаў з места Арменii нейкi вельмi высакародны рыцар i з першага ж удару скiнуў Лукапера з каня нежывога. I ўсе тыя дваццаць тысяч войска, што было з Лукаперам, таксама загубiў той рыцар», – мовiў стары сарацын i, сказаўшы так, упаў i выпусцiў дух. Ад тых навiнаў султан знепрытомнеў i асунуўся на зямлю, як мёртвы. А потым, прыйшоўшы да памяцi ды падняўшыся з зямлi, пачаў моцна жаласцiцца, пытаючы: «Панове, калi загiнуў Лукапер, што ж тады будзе са мною?» Потым сеў султан на карабель, астатнiя ж сарацыны кiнулiся ўцякаць, хто куды змог. Ды акурат i застаў у той прыстанi рыцар Бава iх усiх, больш як дваццаць тысяч, i перабiў. Зрабiўшы тое, падышоў ён да султанскага шатра i знайшоў там караля Арменiла i Маркабруна, што ляжалi звязаныя. Паразвязваў Бава iм путы ды паўссаджваў на харошых коней; а яны ж былi ў латах!14 Прагнучы помсты, выправiўся кароль Арменiл наўздагон сарацынам; зайшоў iм з тылу i перабiў усiх, хто быў у прыстанi. «Пане, як трэба абысцiся з тым чалавекам, якога пан ягоны купiў за грошы, калi пану не будзе ў iм больш патрэбы? – спытаўся рыцар Бава ў Арменiла. – Кароль, ты купiў мяне за дваццаць лiтр золата; я ж хачу вярнуць табе за адну лiтру сто лiтр: прымi пад сваю ўладу гэтую зямлю, здабыую мною».
   Затым усё войска конна паехала ў замак, i калi пад’язджала пад места, заўважыла яго, стоячы на балконе, каралеўна Дружнена. I ўехаў кароль з войскам у места; а пры iм леваруч Маркабрун, а праваруч – Бава. Выйшла каралеўна Дружнена насустрач бацьку i кажа: «Пане, Бава – найвялiкшы рыцар на свеце. Я пасвяцiла яго ў рыцары, бо даведалася, што ён – сын слаўнага караля Гвiдона са слаўнага места Антонii. Любы мой ойча, дай мне яго за мужа». – «Я пра тое, дачка, i сам ужо думаў», – адказаў кароль. Аж тут прыходзiць Агулiн ды кажа каралю: «Кароль, пан мой i дзядзька, Бава ўдарыў мне ў сцягно i падраў калашыну. Хачу я з iм памiрыцца, але прашу, каб яго пазбавiлi годнасцi рыцара. А дачку сваю ты можаш выдаць i за якога iншага вяльможнага i заможнага караля. Вось жа кароль Маркабрун мае каронны вянец, за iм трыццаць тысяч войска – за яго можаш выдаць сваю дачку, а Баву аддай адну з маiх сясцёр. Хацеў бы я памiрыцца з Бавою, але ж не ведаю, цi захоча таго ён».
   Аддаў кароль войску загад раз’ехацца, i ўсе раз’ехалiся. А рыцар Бава пайшоў у адзiн з пакояў ды лёг спаць. Тое ж зрабiў i Агулiн; потым, выйшаўшы з пакоя, выправiўся ён у места пашукаць юнакоў, якiя пагадзiлiся б узяць разам з iм удзел у забойстве Бавы. I назбiралася добрых шэсць дзесяткаў. Агулiн прымусiў iх прысягнуць на Евангеллi, што яны заб’юць Баву на ложку ў ягоным пакоi. Прабраўшыся ў пакой, убачылi юнакi Баву: ляжыць сабе, прыкрыты коўдраю. I ягоны добры меч i ўвесь рыштунак былi пры iм. Сцягнуў Агулiн з Бавы коўдру – аж ляжыць Бава голы, як мацi нарадзiла. «Вяртайцеся, забiць яго мы можам i потым», – загадаў юнакам Агулiн. Тыя ж пераглянулiся мiжсобку: «Не на дабро прывёў сюды нас Агулiн: калi зараз мы не загубiлi Баву, то потым ён параб’е нас усiх, бо рыцар Бава моцна трымацца ў сядле». Затым Агулiн зноў прыкрыў Баву коўдраю ды выйшаў з пакоя ў палац.
   I гаворыць яму тут нейкi старац: «Я – твой прыхiльнiк i магу даць табе добрую параду, калi толькi паслухаеш мяне. Я вельмi падобны аблiччам да караля: пайду ў пакой, лягу ды загадаю панастаўляць шмат свечак, каб гарэлi вакол мяне; i няхай будзе пры мне мноства людзей. Потым я са словамi «Клiча цябе кароль» пашлю па Баву. Ён будзе вымушаны прыйсцi; а ты прасачы, каб прыйшоў няўзброены. Я накiрую яго да султана; ты ж падрыхтуй лiст да султана, прывiтай яго i абяцай дружбу. Ды вось што яшчэ напiшы: «Той, хто прынясе табе гэты лiст – той сапраўды рыцар Бава, якi забiў твайго годнага сына Лукапера. Рабi з iм што сабе схочаш, цi загадай яго павесiць».
   Агулiн хутчэй напiсаў лiст i паслаў па Баву. Той зараз жа з’явiўся i, зайшоўшы ў пакой, упаў перад старцам на каленi, пытаючы: «Пане, што загадаеш?» I кажа яму старац: «Моцна паранены я ў той бiтве i не ведаю, цi застануся жывы. Таму хачу паслаць цябе да султана: прывiтай яго ад майго iмя i прасi, каб прабачыў мне за смерць сына свайго Лукапера. А тое, што ён прычынiў маiм людзям, я яму прабачаю». (Рыцар Бава думаў, што перад iм кароль Арменiл.) Уручыў старац Баву лiст i наказаў: «Аддай гэты лiст султану i перакажы яму вось што: «Цар-султан, зрабi тое, пра што скажа табе гэты лiст».
   Узяў рыцар Бава лiст, схаваў яго i спытаўся: «Цi можна мне ўзяць з сабою зброю?» – «Няма патрэбы. Едзь на iншаходнiку», – адказаў старац. (O Божа нябёсаў, i тут Бава нi пра што не здагадаўся! – нi паненка Дружнена, нi кароль нiчога пра тое не ведалi.)
   I паехаў Бава [да султана]. I калi даць веры таму, што пiшуць, ехаў рыцар Бава, нiчога нi еўшы нi пiўшы, акрамя карэння i зёлак, што растуць па зямлi, тры днi. (О Божа, Святая Марыя, Мацi Божая, асцеражы Баву, бо на вельмi небяспечны шлях ён ступае!) Глянуў Бава наперад i ўбачыў у полi адзiнокi дуб. А пад тым дубам сядзеў нейкi багамол, перад якiм ляжаў бохан хлеба i вiно. Пад’ехаў рыцар Бава да багамола i скочыў з каня. «Памагай табе Бог! – прывiтаўся Бава. – Калi ты нiчога не маеш супраць, я з ахвотаю паеў бы разам з табою». – «Як хочаш, то еш», – адказаў пiлiгрым. Пачаў Бава есцi ды ўзяў збан, каб напiцца. «Пане, выпi лепш гэтага вось вiна», – параiў пiлiгрым, падаючы яму iншы збан.
   Як толькi напiўся Бава таго вiна, адразу ж i заснуў, бо былi падмяшаны ў вiно нейкiя зёлкi. Праспаў ён пад тым дубам пяць дзён, нi разу не прачнуўшыся. А багамол зняў добры меч у Бавы з паса i, сеўшы на ягонага каня, паехаў прэч, пакiнуўшы Баву свайго стомленага пад’ездка15. На пяты дзень Бава прачнуўся ды давай шукаць таго багамола. Але не знайшоў яго, гэтак жа, як i свайго каня, i свайго добрага мяча. «Шлях гэты задужа даўгi, каб iсцi пехам, – затужыў Бава. – Не ў добры час я нарадзiўся». Сеў ён было на таго пад’ездка, ды звалiўся клнь пад iм, бо не мог падняць Бавы. Тады небарака Бава пайшоў пехам. Iшоў ён дзень i другi i дайшоў да места Задонii16. Зайшоўшы туды, скiраваў ён проста ў палац. Убачыў яго султан, якi, горка плачучы, стаяў на ганку ды скуб сабе бараду: надоечы вярнуўся ён з-пад места Арменii, дзе страцiў сына свайго, вялiкага Лукапера, i сорак тысяч свайго войска.
   Падступiўшыся, пакланiўся Бава султану да зямлi й кажа: «Хай Госпад ваш Магамет баронiць вялiкiх i малых – усiх, хто толькi ёсць у гэтым месце, а найперш цара-султана». – «Вiтаю цябе, пасланец, – адказаў султан. – Скуль ты, i што за весткi мне прынёс?» – «Пане, я прыбыў з Арменii ад караля Арменiла. Праз мяне пасылае ён табе прывiтанне i абяцанне прыязнi й хоча, каб ты дараваў яму за смерць твайго сына Лукапера. А са свайго боку кароль арменскi прабачае табе за смерць сваiх людзей. Ён таксама моцна пацярпеў у бiтве i вельмi ж баiцца памерцi [непрабачаным]. Перш як развiтацца з жыццём, хоча замiрыцца з табою», – i з гэтымi словамi падаў Бава султану лiст. Прыняўшы той лiст, загадаў султан чытаць яго. Вось што было там напiсана: «Гэта сапраўды той, хто ўласнай рукою забiў сына твайго Лукапера. Я выправiў яго да цябе, каб ты загадаў яго павесiць».
   Выслухаўшы тое, што было напiсана ў лiсце, зыркнуў султан на Баву. «Мала ў мяне прычын цябе любiць, бо забiў ты сына майго Лукапера. А той, хто прыслаў цябе да мяне, нi за грош17 не ставiць цябе», – сказаў ён Баву. I тут жа загадаў султан сваiм людзям схапiць юнака: «Схапiце яго!» Пачуўшы тое, сцiснуў Бава руку ў кулак ды на вачах у султана так стукнуў iм аднаго сарацына, што той нежывы асунуўся на зямлю. Тады многiя сарацыны рынулiся на Баву: схапiлi, звязалi яму рукi ззаду i завязалi на вочы хусцiну, каб не бачыў Бава, куды яго павядуць.

Султан загадвае павесiць Баву

I загадаў султан павесiць Баву. Ажно чатырыста сарацынаў павялi Баву на шыбенiцу. А ў султана была дачка па iменi Малгарыя. Прыйшла яна да султана i давай прасiць: «Ойча васпане, выслухай мяне. Бава такi годны рыцар, што не знайсцi на свеце большага за яго рыцара, – бо ён жа забiў майго брата. Калi адрачэцца ад свайго Бога i паверыць у Магамета, якi яму дапаможа, – аддай мяне за яго замуж. Бо ва ўсёй сваёй дзяржаве ты не знойдзеш такога чалавека, што змог бы ўтрымаць твае землi пасля тваёй смерцi, а Бава зможа ўтрымаць тваё царства». I загадаў султан прывесцi Баву. «Я сама пайду i вярну яго», – сказала Малгарыя i пайшла [да шыбенiцы]. Там яна загадала адмянiць пакаранне, i яе паслухалiся, бо не мелi права зрабiць iнакш.
   Прывяла Малгарыя Баву да султана, а той i кажа: «Браце, з радасцю заключу я з табою мiр, калi толькi ты захочаш адрачыся ад свайго Бога i ўверыць у Магамета, якi табе шмат у чым дапаможа. Тады я аддам за цябе сваю дачку, а пасля маёй смерцi атрымаеш карону ўсяго майго царства i будзеш валадаром больш як трыццацi местаў». – «Не хачу я Госпада Бога пакiнуць, а паненку, што вырасла ў тваёй зямлi, узяць за сябе», – адказаў на тое Бава. Тут ужо другiм разам загадаў султан павесiць Баву. Малгарыя ж зноў пачала прасiць бацьку: «Ойча, аддай яго мне, а я кiну яго ў сваю турму i не дам нi есцi нi пiць, бо веру, што Магамет наверне яго ў нашу веру. Таму не дай яго загубiць».

Султан загадвае пасадзiць Баву ў турму

«Кiньце яго ў турму», – загадаў султан. А турма тая ўглыб была больш як на сорак прыступак, i не было там анiводнае душы, толькi яшчаркi ды змеi. I сядзеў там няшчасны Бава нi еўшы нi пiўшы. Калi ж прайшло пяць дзён, панесла яму царэўна сама яму ежу i пiтво.
   I заўважыў Бава ў турме нiбы змяю, што блiшчэла ў цемры. Прыгледзеўся i ўбачыў у куце меч, што стаяў там здавен-даўна. Узяўшы той меч, надумаў Бава забiць Малгарыю. Адчуўшы тое, пытаецца ў яго Малгарыя: «Што ты робiш? Я хачу, каб ты ўцёк. А пакуль што прынесла табе ежы i пiтва». Усцешыўся Бава з гэткай навiны i, кiнуўшы меч, пачаў пiць i есцi. Затым царэўна Малгарыя павяла з iм такую гаворку: «Браце Бава, паслухай, што я скажу. Ты не знойдзеш дзяўчыны, прыгажэйшае за мяне. Як маеш ахвоту, адрачыся ад Бога свайго, тады атрымаеш карону ўсяе дзяржавы бацькi майго». – «Дзяўчына, не магу я таго зрабiць. З гэтага затачэння вызвалiць мяне мой Бог. А я хутчэй дазволю рассячы сябе надвое, чым адступлюся ад Бога i пабяруся з дзяўчынай з гэтае зямлi. Не пакiну Дружнены, якую моцна кахаю», – адказаў Бава. Пачуўшы тое, моцна ўгневалася Малгарыя ды траха не расказала пра ўсё бацьку. «Калi раскажу бацьку, то загадае яго павесiць, i страчу яго», – разважыла яна i пайшла ад Бавы ў свой пакой18.
   «Прывядзiце да мяне таго вязьня, – загадаў султан. – Жадаю даведацца, цi не хоча ён адрачыся ад веры ў свайго Бога ды прыняць веру Магамета. Як не хоча, то загадаю яго павесiць». А ў турме Баву сцераглi дваццаць сарацынаў; семярых з iх упусцiлi ў турму, каб вывелi Баву.

Пра дваццаць сарацынаў, якiх Бава, знаходзячыся ў турме, пазабiваў
   Спусцiўшыся ў яму, пачалi яны клiкаць: «Дзе ты, цямнiчнiк? Загадаў султан вывесцi цябе i павесiць». А Бава падскочыў i ўдарыў аднаго з iх, i той мёртвы ўпаў на зямлю; таксама i астатнiх шасцёх сарацынаў пазабiваў Бава. А тыя, што засталiся наверсе, давай пытацца: «Што вы там робiце? Чаму не ведзяце?» Але нiхто ўжо не мог адказаць iм, бо ўсе былi нежывыя. Тады наступных сямёра спусцiлiся ўнiз; рыцар Бава i iх пабiў насмерць. «О Божа i Святая Марыя, Мацi Божая, буду ўзгадваць той час i год, калi султан загадаў дваццацi рыцарам сцерагчы мяне. Чатырнаццаць з iх я ўжо забiў, а калi б мне ўдалося выбрацца наверх, то i астатнiм пасцiнаў бы галовы», – падумаў Бава ды сеў на калаўрот, а сарацыны пачалi цягнуць яго наверх. Толькi апынуўшыся наверсе, выхапiў Бава свой меч i пасцiнаў галовы шасцi сарацынам. Толькi аднаму ўдалося ўратавацца; пачаў ён галасiць на ўсё горла, што Бава ўцёк, засекшы дзевятнаццаць.

Ад гэтага вартавога i даведаўся султан, што Бава ўцёк: «Калi б я не ўцёк, засек бы ён i мяне. Магамет дапамог яму ўцячы». А былi ў султана два пляменнiкi-браты: аднаму iмя было Транкацын, а другому – Абрам; i абодва былi годныя рыцары. Пляменнiкi хутчэй пазаложвалi свае латы ды паiмчалiся на конях наўздагон Баву; а следам за iмi выправiлiся дзве тысячы войска. Бава ж полем кiнуўся наўцёкi, што ногi неслi, бо не хацеў загiнуць.

Бава забiвае Абрама

I кiнуўся за iм Абрам, наляцеў, спрэс у латах, хочучы яго загубiць. А Бава ўхапiў аберуч свой меч, падскочыў i секануў Абраму па гелму, ды так рассек яму гелм i галаву, што павыцякалi Абрамавы мазгi, а сам ён звалiўся на зямлю нежывы. Тады пераняў Бава непрыяцелевага каня i лоўка ўскочыў на яго, ускiнуўшы сабе на плечы Абрамаў шчыт i ўхапiўшы ў руку ягоную дзiду. Аж тут падаспеў Транкацын, Абрамаў брат, – гэта быў вельмi слаўны рыцар. Убачыўшы свайго брата нежывога, кiнуўся Транкацын да Баву, прагнучы папомсцiцца за смерць брата.

Бава забiвае Транкацына

Зацугляў рыцар Бава каня ды ўдарыў дзiдаю Транкацына – i ўпаў той з каня нежывы.

Бава ж хутчэй адправiўся на ўзбярэжжа. Там ён убачыў карабель, што меўся адплыць за мора, бо гандляры ўжо збiралiся ўзняць якар. Выйшаў Бава на бераг i давай клiкаць: «Панове, я – хрысцiянiн, уцёк з султанскай турмы, у якой пратрымаў ён мяне год i тры месяцы. Дзеля Бога, прашу вас, вазьмеце мяне з сябою – хачу я паехаць у хрысцiянскую зямлю». I ў iмя выбаўлення19 зрабiлi тое гандляры – ўзялi яго да сябе на судна i адплылi ў мора. Неўзабаве падышло да прыстанi сарацынскае войска; i пачалi сарацыны крычаць купцам: «Вярнiце нам таго юнака, што ўцёк з турмы цара-султана. Калi ж не выдасце яго нам, не з’яўляйцеся больш у нашай зямлi нi купляць, нi прадаваць». Купцы ўжо хацелi выдаць Баву, як ён, зразумеўшы тое [ды ведаючы], што яго павесяць, [калi выдадуць султану], выхапiў меч i забiў аднаго купца. Бачачы тое, астатнiя купцы моцна перапужалiся i пападалi перад iм на каленi, просячы: «Пане, не чынi лiха, мы згодныя везцi цябе туды, куды ты захочаш». – «Вязiце мяне ў места Арменiю», – загадаў Бава. «Хай будзе так, як ты хочаш», – пагадзiлiся купцы i, узняўшы ветразь i нiдзе не спыняючыся, паплылi ў Арменiю. Прыплыўшы, хацелi яны прыстаць да берага, ды моцны вецер адштурхоўваў iх i ўдзень, i ўначы; i, не змогшы прыстаць да берага, павярнулi назад. I ўсчалася вялiкая бура; i назаўтра таксама быў моцны вецер. Бава быў на нiжняй палубе.
   Прысталi купцы да берага i пайшлi кожны па сваёй патрэбе. Глянуў Бава на мора i ўбачыў рыбака, што плыў [у лодцы]. Паклiкаў Бава таго рыбака да сябе i, калi той падплыў, спытаўся: «Цi не маеш ты рыбы нам на продаж?» – «Маю, пане, i досыць», – адказаў рыбак. Тады спытаў Бава ў iншых рыбакоў: «Што гэта за зямля i хто ў ёй валадарыць?» – «Пане, места гэтае называецца Момбрад, а валадарыць у iм Маркабрун. Ладзiць ён сёння ў месце вялiкае вяселле: бярэ дачку караля Арменiла, пекную Дружнену. Як прыехала яна з iм сюды, то прасiла, каб не спаў з ёю цягам году (зрабiла так дзеля таго, каб забыццца на Баву). Кароль паабяцаў ёй. Ад таго дня да сённяшняга – роўна год». – «Сёння той дзень, калi яны павiнны злучыцца», – падумаў, уздыхнуўшы, Бава i папрасiў рыбака: «Адвязi мяне ў сваёй лодцы на бераг: хачу я прысутнiчаць на той бяседзе, бо не знойдзецца там лепшага блазна, як я». Тут Бава сказаў купцам: «Заплацеце рыбаку за рыбу». – «Колькi ж яму заплацiць?» –пацiкавiлiся тыя. «Дайце яму дваццаць лiтр золата», – загадаў Бава. I купцы далi.
   Увабраўся Бава ў шытыя золатам шаты, сеў да рыбака ў лодку i паплыў морам. I ўсцешна было гандлярам, што пазбавiлiся ад яго. Тым часам рыбак прывёз Баву да берага. Запусцiў Бава руку ў кайстру, намацаў там пяць залатых балванцоў20 i аддаў рыбаку, спытаўшы: «Цi добра табе заплацiлi?» – «Добра, пане, памагай табе Бог! Колькi жыцьму, не буду больш гандляваць рыбай», – адказаў той.
   Прахаджваўся рыцар Бава па беразе мора ды разважаў: «Як жа мне ўвайсцi ў места Момбрад – я ж у дарагiх шатах? Калi стрэне мяне кароль Маркабрун, то пазнае i, за тое, што панёс ад мяне паразу, загадае павесiць мяне, як злачынцу». Аж убачыў Бава ў полi дуб, пад якiм стаяў багамол (яшчэ называюць iх пiлiгрымамi). Падышоў да яго Бава ды кажа: «Аддай мне свае лахманы, а наўзамен вазьмi мае шытыя золатам шаты». – «Не зраблю таго, бо не змагу ў тваiх шатах выпрасiць хлеба. «Ты ўкраў iх!» скажуць мне людзi», – адказаў пiлiгрым. Тут падышоў да яго Бава i, задраўшы яму на галаву гуню, убачыў пад ёю меч. Пазнаў Бава свой добры меч-глярэнцыю i выхапiў [з похваў]. «То ж мой меч, – аглядаючы, мовiў Бава. – Дала мне яго шляхетная Дружнена, як пасвячала мяне ў рыцары. Ты – той пiлiгрым, што зачараваў мяне злым вядзьмарскiм пiтвом, калi ехаў я да султана з пасольствам. Курвiн сын, дай табе Бог лiха! Цяпер прыгадваю: ты даў мне паесцi й папiць ды апаiў мяне ўзварам, [а затым] забраў мой меч, якiм я мог парубаць тысячу сарацынаў. Праз цябе сядзеў я ў султанскай турме. За такi твой учынак адплачу я табе дабром!» I з гэтымi словамi стукнуў яго балдавешкаю, зламаўшы яму тым ударам тры рабрыны. Упаў пiлiгрым перад Бавою i запрасiўся: «Пане, дзеля Бога, не чынi мне лiха! Дам я табе зёлкi, белыя, што снег: хто iмi абмыецца, той зробiцца чорным, што вугаль. А шчэ дам табе iншыя зёлкi: развёўшы з вiном, хто б нi паспрабаваў iх, – спацьме беспрабудна тры днi». – «Дай мне тыя зёлкi», – кажа рыцар Бава. Пiлiгрым даў. «У свой час будзе мне ў iх патрэба», – разважыў Бава ды схаваў тое карэнне. Потым, пачапiўшы на сябе лахманы й аддаўшы наўзамен свае [шаты], падперазаўся Бава пад гуняй мячом, зрабiўся [праз зёлкi] чорным i пайшоў у места.
   Зайшоўшы туды, заўважыў ён трох месцiчаў, што стаялi ў нейкiм закутку. Убачыўшы Баву, пачалi яны перашэптвацца мiж сабою: «Цi бачыў калi хто, каб хадзiў такi высакародны пiлiгрым?» Адзiн жа з iх спытаўся: «Адкуль ты, з якое зямлi i куды шлях свой трымаеш? Скажы нам». – «Прыехаў я з Францыi, а было нас сем тысяч21. Плылi мы па моры i ўсе загiнулi, хiба толькi мне ўдалося ўратавацца, – адказаў Бава. – Дзеля Бога, будзьце да мяне ласкавыя i ў iмя кахання годнага рыцара Бавы падайце мне», – адказаў iм Бава. Тады адзiн з месцiчаў, падступiўшыся, даў яму поўху i сказаў: «Пiлiгрыме, цi ты не ведаеш тутэйшага загаду? Узяў наш кароль Маркабрун каралеўну Дружнену з места Арменii. Яна дамаглася, каб Маркабрун прысягнуў ёй на Евангеллi, што на працягу года, пачынаючы з дня ейнага тут з’яўлення, не спацьме з кароль, нават калi будзе ў месце. [А ўсё] праз каханне да Бавы, якога ты ўзгадаў пры нас. Дрэнна ж робiш, што просiш у iмя ягонага кахання: сёння Маркабрун i Дружнена павiнны злучыцца для кахання. Iдзi ж сабе ў палац: там ладзяцца вялiкiя прыгатаваннi да абеду, бо на абед паклiкалi ўсiх людзей; i кожны дасць табе па грашу». Падзякаваў iм Бава ды пайшоў да двара. Зайшоўся ён у кухню, дзе былi кухары. Падышоўшы, пачаў Бава iх прасiць: «Падайце дзеля Бога i ў iмя кахання годнага рыцара Бавы!»
   
         
     
   

Бава забiвае кухара

Падхапiўся тут адзiн з кухараў, схапiў палаючую галавешку i стукнуў ёю Баву па галаве, абсмалiўшы яму гуню. Моцна ўзлаваўся Бава: таксама ўхапiў галавешку ды стукнуў кухара па галаве – той асунуўся нежывы: i мозак, i вочы яму павылазiлi. Потым стукнуў Бава i другога, што застаўся адзiн, i выбiў яму бок; астатнiя ж кухары паўцякалi прэч.

Прыйшоў Бава да палацу i сустрэў там аднаго з прыдворных. «Дай табе Бог лiха, за што ты забiў кухара?» – накiнуўся той на яго. «Пане, паслухай: я прасiў iх у iмя Гасподняе, а ён стукнуў мяне галавешкаю ды ўсяго абсмалiў. Таму я баранiўся, – адказаў Бава. – Не трымай на мяне лiхога».
   «Браце багамоле, – кажа тады прыдворны, – хай Бог цябе сцеражэ. Вось што я табе параю: iдзi ў пакой, бо там Дружнена i шмат iншых вялiкiх паняў – прасi iх у iмя Гасподняе». Зайшоў Бава ў пакой i ўбачыў паняў, Баву што абедалi за сталом. Падступiўся ён блiжай i, пахiлiўшыся на кiй, кажа iм: «У iмя Гасподняе i ў iмя кахання годнага рыцара Бавы прашу ў вас». Як пачула Дружнена згадку пра Баву, не магла больш нi есцi, нi пiць. «Цi ты не страчаў дзе Бавы? – падышоўшы да пiлiгрыма, спытала Дружнена. – Скуль ты яго ведаеш, што просiш у ягонае iмя? Цi не ведаеш закону, што тут заведзены: хто ўзгадае Баву, той мае быць павешаны? Але дзе ж ты страчаў Баву, пiлiгрыме?» – «Пра гэта i хачу я цяпер табе распавесцi, хай Бог мне ў тым дапамагае. Сядзеў я ў султанскай турме год i тры месяцы», – пачаў Бава. Падчас гэтай размовы высакароднай Дружнены з Бавой пачуў i пазнаў голас свайго гаспадара конь, ды так моцна пачаў iржаць, што ледзь места не развалiлася, i траха не разбiў сямi жалезных замкоў (а быў гэта адзiн з чатырох найдужэйшых коней ва ўсiм тым месце). «Што гэта за конь?» – пацiкавiўся Бава. А Дружнена i кажа: «Гэта конь, якога я падаравала рыцару Баву. Узяла я з сабою таксама й ягоную зброю, бо Бава пэўны час быў маiм чалавекам. Бацька мой выкупiў Баву за грошы. Ён назваўся быў сынам млынара, на самой жа справе быў гэта сын караля, званага Гвiдонам з места Антонii. У той час прыйшлi з-за мора з вялiкага места Задонii сарацыны на чале з царом-султанам i сынам ягоным Лукаперам. А было пры iх больш як сто тысяч збройнага войска. Рушылi супраць яго бацька мой i Маркабрун; i патрапiлi яны ў палон. А я, гарэтнiца, акурат перад тым пасвяцiла Баву ў рыцары i праз гэта даведалася, хто ягоны бацька. Бава забiў паганага Лукапера, пасцiнаў галовы больш як тысячы сарацынаў i вызвалiў майго бацьку i Маркабруна. I тае ж начы ён зноў немаведама дзе выправiўся; а па тым i да гэтага часу не бачыла яго. Маркабрун жа выпрасiў мяне ў бацькi майго. Ды Бог сведка, што не было на тое маёй волi, каб даваў мне яго бацька мой за мужа. Ад таго i да гэтага дня не маю я суцяшэння нi ўдзень, нi праз каханне да Бавы, якога моцна кахаю, а ён – мяне. Каб жа ж пабачыла яго – пайшла б за iм. Дзеля гэтага прывяла ягонага каня i зброю ягоную везла з сабою22. Конь жа не даецца ў рукi нiводнаму чалавеку, акрамя мяне, гарэтнiцы. З таго часу, як паставiлi яго ў стайнi, ужо забiў семнаццаць юнакоў. А робiць усё з-за гаспадара свайго Бавы».
   Адказвае гэтак яму шляхетная панi, а сама плача. Увайшоў тут Маркабрун. «Пiлiгрыме, дай табе Бог лiха, што ты такое кажаш маёй жонцы, што яна горка плача?» – спытаў ён у Бавы. «Пане, то не дзiва, што я плачу, – адказала сама Дружнена. – Прыйшоў ён ад двара бацькi майго i паведамiў мне, што памерла мацi мая». – «Дай яму паесцi», – загадаў тады панi кароль. А добры конь усё iржаў, чуючы свайго гаспадара. «Я змагу падысцi да таго каня i за тры днi ўтаймаваць яму нораў, бо няма на свеце лепшага лекара, як я, – сказаў пiлiгрым Дружнене. – Кожны хлопец зможа ўсядлаць яго, толькi пусцi мяне да таго каня». Калi вярнуўся да iх Маркабрун, сказала яму Дружнена: «Кароль, паслухай, што кажа гэты пiлiгрым: сцвярджае, што ён – найлепшы конскi лекар. Няма нiводнага пудлiвага або дзiкага каня, якога б ён не змог утаймаваць». – «Калi тое, што ён абяцае, выявiцца праўдай, аддам яму чвэрць Момбрада i дзве тысячы коннiкаў, якiя будуць служыць яму», – адказаў на тое кароль.
   Узяў [кароль] пiлiгрыма пад адну руку, а Дружнена – пад другую ды пайшлi яны ў стайню, да каня. Моцна заiржаў конь i патрушчыў ланцугi. Кароль Маркабрун упаў [з перапуду] i не схацеў там больш заставацца, а таму пайшоў са стайнi, i вароты за iм зачынiлiся (думаў кароль, што конь хоча яго забiць). Дружнена з пiлiгрымам засталiся на стайнi, а кароль з панамi пайшлi ў палац. I што ж зрабiў добры конь? – Устаў на заднiя ногi, а пярэднiя паклаў Баву на плечы, пацалаваў яго ў вусны i зноў апусцiўся на зямлю. Каб умеў той конь гаварыць, сказаў бы: «Вiтаю цябе, гаспадару!»
   «Зачараваў ты яго, шайтане! – усклiкнула Дружнена. – Як жа хутка ён прывык да цябе!» – «Гэта не дзiва, што конь прызнаў мяне: я – Бава, па якiм ты тужыш», – адказаў той. «Бог сведка, што ты iлжэш, – сказала Дружнена. – Дзе ж тады той добры меч, якiм я цябе падперазала?» Бава ж прыўзняў гуню i вынуў меч-глярэнцыю. «Здымi клабук, – папрасiла тады Дружнена, – пакажы след раны, ад якой я цябе ўлекавала ў бацькi свайго, калi ты спаў аднойчы ля скалы». Зняў Бава клабук, i тады Дружнена пазнала яго. А Божа ж! пачалi яны моцна цалавацца. Тут Дружнена i пытае ў Бавы: «Як мяркуеш: заставацца нам пры двары цi лепш з’ехаць?» – «Я хачу выправiцца ў дарогу – дай мне маю зброю», – мовiў Бава.
   Дружнена пайшла ў палац. Угледзеўшы яе, падышоў Маркабрун ды пытае: «А дзе ж пiлiгрым? Цi забiў яго конь, цi з’еў?» – «Ён на стайнi ля каня: хоча сёння ж яго вылечыць i ўтаймаваць. Я загадаю даць яму пасцелю – няхай i спiць ля каня на стайнi, хай прывыкае да яго i ўдзень i ўначы», – мовiла Дружнена. «Рабi, як сабе хочаш», – пагадзiўся кароль. А Дружнена забрала з пакоя ўвесь рыштунак i, увязаўшы яго ў пасцелю, загадала аднесцi ўсё ў стайню, а сама рушыла ў спачывальню.
   Прыйшоў да яе кароль, бо ўжо час быў класцiся спаць. Але Дружнена хутка скемiла ды дала каралю кубак з сонным пiтвом. I тут жа, толькi дапiўшы яго да дна, кароль заснуў. Дружнена ж хутчэй кiнулася на стайню. I вось бачыць яна: стаiць у латах, усклаўшы на галаву гелм, падперазаўшыся мячом, паклаўшы шчыт на руку i трымаючы пад пахаю тоўстую дзiду, рыцар Бава. Ускочыў ён на каня, нават не зачапiўшы стрэменi, i тысяча рыцараў не параўналася б з iм у тым. Села Дружнена на хуткага каня, i выехалi яны з крэпасцi Момбрада.
   У тую ноч праехалi дваццаць мiляў. А назаўтра, адно завiднела, не магла [ўжо] ехаць Дружнена, бо моцнаi стамiлася. «Хацела б я зсесцi, бо не маю ўжо моцы ехаць [далей]. Дзеля Бога, пакладзi мяне тут, побач з крынiцаю», – папрасiла яна. Бава зняў яе з каня, яна абмыла рукi. А Бава прывязаў каня, напаiў яго i, памыўшы рукi, прыйшоў да Дружнены. Ухапiў ён яе за грудзi, i тройчы з ёю спаў. I на тым месцы зачала Дружнена ад Бавы двух сыноў. (Вось што напiсана: адзiн будзе каралём, а другi – князем.) Бава адразу ж прыснуў, бо не ведаў, што яго чакае; каб жа ж ведаў, то не рабiў бы прыпынку. Ды вернемся назад.
   Як прачнуўся Маркабрун ды не ўгледзеў побач Дружнены, змянiўся ён з твару. Кiнуўся кароль на стайню, дзе конь стаяў, ды не знайшоў там нi каня, нi пiлiгрыма. Сеў ён тады ў вялiкiм палацы й загадаў трубiць у рог. I сабралася да яго вялiкае войска. «Рыцары мае, маю цяпер у вас патрэбу: прыйшоў Бава з Антонii, прыкiнуўшыся пiлiгрымам, i звёў ад мяне пекную Дружнену i добрага каня. Богам прысягаю: пайду за iм з трыццаццю тысячамi коннага войска, што маю ў месце», – сказаў iм кароль.
   А быў у караля адзiн мудры чалавек па iменi Мамрода, якi заўсёды ўмеў даць яму добрую параду: «Кароль, гэтае начы Бава ад’ехаўся на дваццаць мiль, а сёння можа ад’ехацца шчэ на дваццаць. А ты ж маеш чалавека па iменi Пулкан. Нiхто не можа з iм зраўнацца: ён адзiн можа зрабiць тое ж, што i трыццаць тысяч коннiкаў. Мае чалавечае аблiчча; i рукi, i грудзi ў яго шырокiя. Да поясу ён чалавек, а нiжэй – што сабака, [бо] ад сабакi й жанчыны народжаны. Нi разу не сядлаў ён каня – заўсёды хадзiў пешхам. Ды няма на свеце каня, якога б ён не апярэдзiў. Як iдзе ён, гук ад таго чуцён за дзве мiлi. Ён табе адданы; адары яго ад свайго iмя, i ён дапаможа табе вярнуць Баву i Дружнену» – «Добрую параду даў ты мне, бо, калi б пайшло вялiкае войска, не прайшло б яно за дзень больш як тры мiлi, паколькi войска рухаецца наперад з прываламi», – пагадзiўся кароль i паслаў па Пулкана. Прыйшоўшы, пытаецца той: «Пане, што загадаеш?» – «[Паслухай, што] я табе скажу, – пачаў кароль. – Прыйшоў Бава з места Антонii й звёў мне Дружнену i каня. Як зможаш мне iх вярнуць, вызвалю цябе ды аддам табе чвэрць Момбрада з тысячай коннiкаў, якiя будуць табе служыць. А яшчэ дам табе адну дзяўчыну за жонку», – паабяцаў кароль Пулкану. А той усцешыўся i кажа: «Пане, я вярну iх табе перш, як мiнецца тры днi».
   I пачаў збiрацца. Прыхапiў тры дзiды, як зазвычай, i пайшоў за Бавой (а выгляд меў, што д’ябал з пекла). I пабег Пулкан полем. На трэцi дзень пачаў ён даганяць Баву. Было гэта вялiкае паляванне Пулкана на Баву, i гук ад таго чуцён быў за дзве мiлi. Пачула яго шляхетная Дружнена ды кажа Баву: «Пане, хадзем у той гушчар, бо наганяе нас нi хто iншы, як iсны д’ябал; а iмя яму – Пулкан. Ён, народжаны сабакам i жанчынай, загубiў не аднаго коннiка; i няма на свеце чалавека, што змог бы процiстаяць яму. Я цябе прашу – хадзем у той гушчар». – «Хай адвернуцца ад мяне Бог i Святая Марыя, Мацi Божая, калi я загiну ад [рукi] аднаго чалавека», – мовiў Бава. Усочыў ён на свайго каня, узяў дзiду ў руку i шчыт на плячо, ды стаў пасярод дарогi. Тым часам падышоў Пулкан i пачаў крычаць: «Не ўцячэш! Цябе павесяць, а Дружнену спаляць!» – «Прыяцелю, думкi твае падманныя: перш я дазволю рассячы сябе надвое, чым ты прымусiш мяне вярнуцца», – адказаў Бава.

Бiтва Бавы з Пулканам

Падскочыў Пулкан i шпурнуў у Баву адну дзiду. I калi б не захiнуўся Бава шчытом, там i прабiў бы яго Пулкан навылёт. А з другога боку захiнуў яго Бог, бо не атрымаў ранаў ад [Пулкана]. «Гэта той д’ябал, якога выгналi з пекла», – падумаў Бава. I пачалi яны бiцца на дзiдах. Стукнуў Пулкан Баву па гелме, але гелм быў трывалы i цяжка было яго прабiць, ды яшчэ Бава прыцiснуўся да сядзельнай лукi. Моцна засмуцiўся Бава, што ўсё нiяк не ўдаецца яму пацэлiць у Пулкана. Тады адшпурнуў ён дзiду, саскочыў з каня, закiнуў лейцы ў сядло, а шчыт за плечы, i, схапiўшы меч аберуч, хацеў рубануць па Пулкану. Рубануў Бава, а Пулкан скочыў праз меч, i меч уваткнуўся ў зямлю; ледзь не спруцянеў Бава ад адчаю. Тут ужо Пулкан ударыў яму ў шчыт. Моцны быў Пулканаў удар – ад таго ўдару стаў Бава на каленi, увесь спалатнеў. «Ой Божа, Творца нябесны, сцеражы мяне, Пане, ад смерцi!» – укленчыў Бава.

Яшчэ раскажу вам пра тое, што ўчынiў добры конь: як угледзеў, што гаспадар ягоны няўдала ўпаў на зямлю, iмклiва наскочыў на Пулкана i стукнуў таго з усiх чатырох капытоў. А Пулкан знаўся на конях – ускочыў на каня, у сядло. I адчуў добры конь, што на iм не ягоны гаспадар, ды пачаў качацца па зямлi. Але Пулкан утрымаўся. Тады конь паiмчаўся ў самы гушчар i падрапаў Пулкану ўвесь твар, але не змог скiнуць яго, i таму зноў вярнуўся на ранейшае месца. Шляхетная Дружнена бачыла ўсё, што вытвараў добры конь. Моцна яна зажурылася, укленчыла ды ад чыстага сэрца пачала прасiць Бога:

Малiтва Дружнены

»Божа, якi прыняў пакуты за нас, грэшных, якi стварыў святло, неба, зямлю i мора; i Адама Ты стварыў, i жонку ягоную Еву – стварыў iх з глiны й аддаў iм усё, што стварыў, акрамя аднаго плоду, што быў iм на шкоду. Ева ела [плод] i дала мужу. А д’ябал, якi, ходзячы па свеце, сее лiха, учынiў на iх варажнечу. Праз тое кожны – i злы, i добры – загiнуў бы, але Ты з-за нашых грахоў зышоў [з неба]. Ты, якога зачала блаславёная Дзева i якой Ты народжаны! Мы памятаем пра дванаццаць тваiх вучняў, што былi з Табой23. Адзiн з iх па-здраднiцку выдаў Цябе за дванаццаць грошаў24. Ты прыняў пакуты за нас, грэшных. Калi Логвiн працяў Табе правы бок i вышлi кроў i вада, тая кроў пралiлася яму на твар i вочы ягоныя адкрылiся на святло25. Бачачы, што ўчынiў зло, пачаў ён прасiць у Цябе [лiтасцi]. I на трэцi дзень паўстаў Ты з мёртвых, з’явiўся вучням сваiм i ўзышоў на неба. Пра ўсё гэта мы добра памятаем. Прашу Цябе, акажы ласку – сцеражы сябра майго Баву ад смерцi i ад ганебнага зняволення ў турме!»

А добры конь пабег насустрач свайму гаспадару. «Ох, Божа i святая Марыя! – уздыхнуў Пулкан. – Як жа верны свайму гаспадару добры конь!» – «Пулкане, – звярнулася тут да яго Дружнена, – чаму ты не хочаш разважыць? Калi Маркабрун прывёў цябе з сабою да двара майго бацькi, то я апекавалася табою. Ты ўзрос пры двары бацькi майго i злым чынам хочаш мне за тое адплацiць?! Калi б ты схацеў памiрыцца з Бавою i таварышаваць з iм, – ва ўсiм свеце не знайшлося б лепшых сяброў, як вы». – «Я з вялiкай радасцю хацеў бы памiрыцца, – сказаў Пулкан, – але не ведаю, цi захоча Бава. Калi б ён захацеў, я пайшоў бы з iм, бо iншых такiх сяброў i быць не можа. Я, Пулкан, не ведаў нiводнага чалавека, якi змог бы мне процiстаяць». А Бава стамiўся i больш не здатны быў да бiтвы. «Пане, – пытае тады Пулкан Баву, – цi не хочаш ты ставарышавацца са мною? Не хацелася б мне з табой расставацца, хочу ехаць з табою».
   «Пулкане, хай будзе па-твойму: я згодны памiрыцца з табою», – адказаў Бава. I тут жа пакiдалi абодва мячы на зямлю i заключылi памiж сабою мiр, i, абняўшыся, пацалавалiся. Памiрыўшыся, сеў Бава на каня. Дружнена села на iншаходнiка, а Пулкан пайшоў пехам.
   I даехалi яны да нейкае гары, на якой стаяў замак аднаго вялiкага князя. Называлася тое места Касцёл26, а iмя князя было Арыл. «Чыё гэта места?» – спытаў Бава ў Пулкана. «Места гэтае належыць Маркабруну, але яго захапiў адзiн рыцар, князь Арыл. У месце ён трымае пяць тысяч рыцараў i шмат iншых узброеных хлопцаў – у кожнага з iх добры конь. Штодня ваюючы з Маркабрунам, сядлаюць яны коней. Сам князь таксама жыве ў месце», – адказаў Пулкан. «Добра было б нам пабываць у гэтым месце, – кажа тады Бава Пулкану. – Князь Арыл можа аказаць нам годны прыём». – «Гэта мая бацькаўшчына», – мовiла тады Дружнена. «Праўду кажаш», – пагадзiўся з ёю Пулкан. «Расчыняй вароты, мы хочам увайсцi ў места», – крыкнуў Пулкан брамнiку, калi яны падышлi да меставай брамы. «Не пушчу вас», – адказаў той. Тады Пулкан пераскочыў праз сцяну, адчынiў вароты i апусцiў мост. Бава з Дружненаю ўехалi ў места i паехалi, нiкому не чынячы благога. Убачылi яны князя, якi сядзеў на ганку; а побач з iм нiкога не было, толькi жонка ягоная.
   Князь заўважыў Пулкана. Тут жонка i кажа яму: «Бяжыць Пулкан, а з iм едуць нейкi рыцар i панi. Спадзяюся, што гэта рыцар Бава, якi звёў ад караля Маркабруна Дружнену». [Бава, Дружнена i Пулкан] рушылi да палаца. Кароль Арыл пайшоў насустрач Баву, а яго жонка – насустрач Дружнене. «Радзiначка27, – звярнулася яна да Дружнены, – як табе павялося?» I Дружнена распавяла ўсё па чарзе: i як Бава, перапрануўшыся ў пiлiгрыма, выкраў яе ў Маркабруна; i як ён бiўся з Пулканам i нi адзiн з iх не перамог другога; i як яны памiрылiся. Тут надышоў час абеду, i селi Бава з Дружненаю за стол.
   Як на тое, падступiўся пад сцены замка Маркабрун, а з iм трыццаць тысяч жаўнераў; i ўсе на добрых конях i ў латах. Загадаў Маркабрун ставiць шатры, а сам, няўзброены, сеў на каня, толькi плашч накiнуў на сябе, i паехаў да места Касцёла. Пад’ехаўшы блiжэй, закрычаў брамнiку: «Iдзi да князя – няхай прыйдзе да мяне i пагаворыць са мною». Пайшоў брамнiк i знайшоў князя Арыла (а ён сядзеў за сталом з Дружненай). «Княжа, пад’ехаў кароль Маркабрун да брамы i выклiкае цябе на размову з iм. Ён адзiн i няўзброены», – сказаў князю брамнiк. Падняўся Арыл i спытаўся ў Бавы: «Што загадаеш рабiць? Кажы». – «Як баiшся Бога, то iдзi, – адказаў Бава, – але мне вядома, дзеля чаго ён прыйшоў».
   Падышоў князь Арыл да брамы i ўбачыў там караля. «Вiтаю цябе, кароль, – пачаў Арыл.- Што скажаш?» – «Браце, табе добра ведама, што гэта маё места, але ты гвалтам адабраў яго ў мяне, – мовiў Маркабрун. – Аднак я не стаўлю гэтае места нi за грош. Ты ж не хочаш заключаць мiр i ваюеш са мною, прыходзячы пад маё места. Хацеў бы я ставарышавацца з табой, калi ты выдасi мне Пулкана, Баву i Дружнену». – «Пане, не магу я ўчынiць такой здрады двум рыцарам», – адказаў Арыл. Потым вырашыў ён прыстрашыць Маркабруна: «Я загадаю выпусцiць на цябе сланоў!» Тады Маркабрун вярнуўся да шатроў свайго войска ды загадаў войску закладаць латы. Калi Арыл вярнуўся ў палац, спытаўся ў яго Бава пра тое, што сказаў яму Маркабрун; i Арыл усё распавёў. «Збiраймася», – загадаў Бава Пулкану. Бава i Пулкан заклалi латы. «Я выступлю супраць войска, а ты ахоўвай тут Дружнену, каб не напаткала яе часам якая лiхая прыгода», – папрасiў Бава Пулкана. «Хай будзе па-твойму, браце», – пагадзiўся Пулкан. Тады рыцар Бава ускочыў на свайго каня i сказаў князю Арылу: «Пашлi са мною сваё войска: хачу я бiцца з каралём, як змагу».

Бiтва Бавы з войскам караля Маркабруна

Выехаў рыцар Бава разам з войскам з места ды рушыў супроць караля Маркабруна. Стрэў ён каралеўскага гетмана, i сышлiся яны на дзiдах, паламаўшы iх на многа кавалкаў. Бава ўдарыў у гетманаў шчыт i паламаў той шчыт, прабiўшы гетману латы, i гетман звалiўся на зямлю нежывы. Учынiўшы перад тым вялiкую бiтву, змярцвiў Бава пятнаццаць годных рыцараў. Выхапiў рыцар Бава меч i яшчэ шмат каму пасцiнаў галовы. Убачыўшы, якi адважны Бава, узброiўся князь Арыл i вывеў з места супраць караля Маркабруна пяць тысяч вояў.

Бiтва караля Маркабруна з князем Арылам

Убачыўшы войска, павярнуўся кароль Маркабрун да яго, зацугляўшы каня, ды ўдарыў дзiдаю ў шчыт князю [Арылу], прабiўшы таму латы. А латы ў Арыла былi трывалыя – усцераглi яго ад смерцi. Скiнуў Маркабрун Арыла з каня на зямлю, а каралеўскiя [воi], падбегшы, схапiлi яго. Тады загадаў Маркабрун трубiць у рог. I паехаў ён з войскам сваiм па шляху; а князя Арыла павезлi звязанага.
   Перамог рыцар Бава войска i ачысцiў поле, ды не ведаў таго, што кароль захапiў князя ў палон. Пад’ехаў рыцар Бава да места Касцёла – меставая брама расчынена, а князева жонка i Дружнена сядзяць, плачучы. «Бог сведка, не ведаю, з чаго вы плачаце», – здзiвiўся Бава. «Пане, кароль Маркабрун павёў князя ў палон», – мовiлi жанчыны.
   «Зараз жа я паеду за iм», – сказаў Бава. «Пане, дзеля Бога, не рабi таго. Абараняйма лепш места Касцёл», – параiла [адна з] жанчын. [Тым часам] вярнулася ў места тая сотня коннiкаў, што выпраўлялася з Бавой на бiтву.
   Маркабрун кiнуў князя ў турму, а потым загадаў прывесцi да сябе. «Браце, паслухай, – пачаў Маркабрун, – хачу я ўмовiцца з табой: я аддам табе места Касцёл i штогод давацьму па дзесяць лiтр золата, а ты за гэта выдай мне Баву, Пулкана i Дружнену. Тады назаўтра ж я адпушчу цябе». – «Пане, не магу я таго зрабiць. Перш аддам сябе на загубу, як пагаджуся на здраду тым двум рыцарам», – прамовiў на тое Арыл. Тады Маркабрун загадаў увагнаць у полi кол у зямлю i прывязаць [там] князя; потым загадаў паклiкаць дваццаць добрых малойцаў, каб шпурлялi ў Арыла нажы. «Хачу абысцiся з табой водле першай умовы: я адпушчу цябе, а ты збярэш тысячу малойцаў – няхай проста ў ложку заб’юць Баву i Пулкана. Але перш дай мне ў заклад сваiх сыноў. Я ж паеду з табою да места Касцёла i схаваюся ў лесе, пакуль ты ўладзiш мне гэтую справу», – сказаў Маркабрун Арылу.
   Бачыць князь, што iнакш не выпадае, i пагадзiўся. Паслаў ён па двух сваiх сыноў ды пакiнуў iх у закладзе. Князь паехаў у места, а кароль [прыхаваўся] ў лесе. «Я ўцёк», – сказаў князь, увайшоўшы ў замак. А ўначы выправiўся ён у места i, сабраўшы сотню ўзброеных юнакоў, загадаў iм iсцi ў вялiкi палац. Сам жа пайшоў у свае пакоi. Ды пачуў Пулкан, што многа людзей ходзiць па палацу [ля пакоя], дзе спачываў Бава. Тады падышоў ён да спачывальнi, дзе спаў князь са сваёй жонкай, i пачуў тое, пра што казаў князь жонцы: як умовiўся ён з каралём ды як назбiраў сотню юнакоў. «Сёння ўначы хачу я схапiць Баву, Пулкана i Дружнену i выдаць iх Маркабруну. Але хаця б мне не прамарудзiць, бо пакiнуў яму я ў закладзе двух сыноў маiх. Як я выдам [Баву, Пулкана i Дружнену], Маркабрун загадае iх павесiць». – «Пане, пакiнь тую справу. Лепш памерцi маiм сынам, як загiнуць тым двум рыцарам», – азвалася жонка. За тыя словы ўдарыў ёй князь па твары, аж кроў пырснула ёй з носа.
   Пачуўшы, пра што кажа князь, моцна раз’юшыўся Пулкан: стукнуў ён у дзверы, выбiў iх ды хутчэй падбег да Арылавага ложка. Нiчога не меў пры сабе, акрамя нажа. Ухапiў Пулкан соннага Арыла за валасы i, тройчы пырнуўшы нажом, кiнуў нежывога. Потым рушыў ён у палац, ухапiў меч i, заўважыўшы коннiкаў, кiнуўся на iх з мячом; тыя ж паразбягалiся i пахавалiся, дзе хто мог.
   А Пулкан зайшоў у пакой, дзе спачываў Бава, i распавёў таму пра ўсё. Выслухаўшы, заклаў Бава латы i асядлаў каня. Дружнена ж села на iншаходнiка, i яны разам пакiнулi места. Ад’ехаўшы ад таго места Касцёла, заўважылi яны войска караля Маркабруна. Дружнена не магла ўжо ехаць, бо цяжарнасць гняла яе. Да таго ж, Пулкану той край быў незнаёмы. «Бава, браце, язджай ты з панi гэтым шляхам, а я паеду бiцца з войскам», – сказаў Пулкан. Паехаў рыцар Бава з панi па той дарозе, якую паказаў iм Пулкан. Пулкан жа ўхапiў меч аберуч ды кiнуўся насустрач войску. Пачаў ён бязлiтасна рубаць направа i налева: каму наносiў удар, той нежывы падаў на зямлю. Разбiў ён войска на дзве часткi i павярнуўся супроць адной з iх. Пайшоў на яго ў наступ адзiн з гуфаў караля Маркабруна. Пулкан жа разбiў той гуф i павязаў усiх ваяроў, а коней пагнаў перад сабою. «Далёка зайшлi мы ў гэтую зямлю», – дагнаўшы Баву, сказаў Пулкан, якi атрымаў вялiкую перамогу. – «Давай вернемся на тое месца, дзе ты разбiў гуф», – сказаў Бава. Падышлi яны да шатроў, але там нiкога не аказалася; i забралi шатры. А Дружнена не магла ўжо ехаць, бо пайшоў дзевяты месяц [цяжарнасцi]. Тады яны спынiлiся ў нейкiм лесе ды напялi шацёр.

Спараджэнне каралеўнай Дружненай двух сыноў

На тым месцы спарадзiла каралеўна Дружнена двух сыноў: аднаму далi iмя Сiмбалда, а другому – Гвiдон; яны маюць асягнуць вялiкую годнасць, бо не будзе на свеце рыцараў, большых за iх. Пулкан прыняў тых двух немаўлят, а Дружнену накармiў i напаiў (бо ён, аб’ехаўшы, разведаў тую мясцовасць).

I паляцела навiна па ўсiм свеце, што Бава адабраў каралеўну Дружнену ў Маркабруна, i дайшла да Арменii й да караля Арменiла.
   Пачуўшы пра тое, загадаў кароль Арменiл падрыхтаваць дзесяць галей – выправiў у росшукi па ўсiх местах, цi не чуў хто пра Баву i Дружнену; i войску свайму загадаў сабрацца.
   «Браце Пулкане, – сказаў рыцар Бава, – хачу я паехаць у прыстань да мора. Табе ж даручаю сваю жонку i дзяцей: ахоўвай iх. Калi раптам у марской прыстанi з’явiцца з войскам кароль Арменiл, я распушчу войска i тады мы рушым у Арменiю». – «Паедзь, браце, – адказаў Пулкан, – i хай Бог цябе сцеражэ». Паехаў Бава, пакiнуўшы Пулкана пры Дружнене i дзецях. I пакуль Бава ехаў шляхам, што вёў у прыстань на беразе мора, а Дружнена, трымаючы дзяцей, сядзела ля шатра, выбегла на ўзлесак лань ды пабегла праз поле мiма шатроў; i гналiся за ёй два львы. Убачыўшы львоў, што прабягалi побач, моцна спужалася Дружнена ды закрычала на ўвесь голас: «Пулкане, ратуй!» А той спаў пад дубам. О Божа, Святая Марыя, якое ж няшчасце наклiкала панi, закрычаўшы! Калi яна маўчала, iльвы не прычынiлi б нiякае шкоды.

Смерць Пулкана ад iльвоў

Прачнуўшыся, убачыў Пулкан iльвоў (а яны ўжо выходзiлi з шатроў). Кiнуўся Пулкан i ляснуў аднаго льва мячом па галаве – i той нежывы ўпаў на зямлю. А другi леў наскочыў на Пулкана ды ўеўся яму кiпцюрамi ў грудзi – прабiў латы i запусцiў яму ў сэрца свае кiпцюры. Рубануў Пулкан льва мячом па галаве, i абодва пападалi без дыху.

Моцна зажурыла i затужыла з таго Дружнена, i было ёй дужа страшна, i не магла яна [там] больш заставацца: падхапiла сыноў на рукi й пабегла лясной сцяжынай, што вяла да мора, на пошукi Бавы. Прыйшоўшы ў прыстань, яна, аднак, не застала там Бавы; а не знайшоўшы ж, пайшла шукаць Баву па свеце, па местах.
   Бава ж спадзяваўся стрэць у прыстанi войска, а не стрэўшы, [вырашыў] вярнуцца да шатра – да Пулкана, Дружнены й дзяцей. Там убачыў ён нежывога Пулкана i двух мёртвых iльвоў ды падумаў, што тыя львы паелi ягоных дзяцей i Дружнену, што Пулкан змагаўся з iльвамi, але загубiлi яны й яго. Моцна зажурыўся Бава i не ведаў, што з сабою зрабiць. Так моцна ён затужыў, што страцiў прытомнасць. Прыйшоўшы да розуму, скочыў ён з каня, паклаў перад сабой на сядле Пулкана ды паехаў у абацтва. Там, у царкве, пахаваў ён Пулкана ў добрай труне.
   З абацтва паехаў Бава ў святое места Сiмяон, па шляху да якога заехаў у якоесьцi места, дзе знайшоў сотню ўзброеных коннiкаў, якiх сабраў, рыхтуючыся ў нейкую выправу, адзiн рыцар. Бава не адважваўся адыходзiць ад свайго каня i таму, каб той не бiў iншых коней, навязаў яго на кароткiя лейцы. (Такi ўжо конь быў у Бавы: нiкому не даваў падступiцца да сябе, адно толькi Баву.) Навязаўшы каня, скiраваўся Бава ў меставы палац, а ў тым палацы было шмат шляхетных людзей. Бава падаўся iм вельмi высакародным рыцарам, i ўсе паўставалi пры ягоным з’яўленнi. Быў там i адзiн добры чалавек – Рычарда. «Вiтаем цябе, добры чалавеча, – сказаў ён Баву. – Тут ты сустрэнеш толькi дабро. Я прашу ўсiх прысутных пра тое, каб ты быў прызначаны гетманам над сотняй коннiкаў». – «Хай будзе па-твойму» – пагадзiўся Бава. «Як жа ты завешся?» – спытаў Рычарда. «Iмя маё – Ангас. Куды ж ты загадаеш мне рушыць?» – пацiкавiўся Бава. «Паедзь у места Антонiю, – загадаў Рычарда. – Ды вось што раскажу я табе. Жыў там адзiн вялiкi валадар па iменi Гвiдон – сем год прайшло ўжо, як памёр. Ён зваўся вялiкiм князем i меў вельмi прыгожага сына па iменi Бава. Але ж згiнуў Бава без вестак. Адзiн добры чалавек, Сiмбалда, паслаў шукаць яго па свеце: сем год шукаюць, а знайсцi не могуць. Я таксама шукаю ды не магу знайсцi. А паколькi я не здолеў яго знайсцi, маю намер вяртацца. У Сiмбалда пяць тысяч коннага войска, ён збiраецца iсцi вайною на места Антонiю – хоча папомсцiцца за смерць свайго пана. Калi ты дасi згоду рушыць са мной i быць гетманам над той сотняй коннiкаў, я плацiцьму табе столькi, колькi плачу дзесяцi коннiкам». – «Усё залежыць ад цябе. Я ж з радасцю рушу за табой» – пагадзiўся Бава.
   Назаўтра сабралiся ўсе i рушылi ў бок прыстанi, да мора, нiдзе не спыняючыся аж да святога места Сiмяона. Калi ж прыехалi ў святое места Сiмяон, убачыў Сiмбалда Рычарду, падбег да яго i кiнуўся яму на шыю. «Пане, – звярнуўся Рычарда да Сiмбалда, – не ўдалося мне адшукаць Баву. Прывёў я назад сотню конных людзей i знайшоў аднаго рыцара, большага за астатнiх. Не страчаў я раней нiводнага такога вялiкага чалавека: на цэлую пядзю большы за астатнiх. Мае добрую зброю i добрага каня. Калi стрэнецца з iм Дадон, то спазнавецца з вялiкiмi бедамi». Убачыўшы на ўзбярэжжы Баву з сотняй коннiкаў, паехаў туды Сiмбалда разам з сынам сваiм Тэрызам.
   Падхапiў Сiмбалда Баву пад адну руку, а Тэрыз – пад другую, i пайшлi яны разам у места. Туды ж рушылi i ўсе людзi, якiх прывёў Рычарда. «Як табе iмя?» – спытаўся Сiмбалда ў Бавы. «Iмя мне – Ангас» – адказаў той. «Ты маеш быць годным рыцарам, – мовiў Сiмбалда.- I аблiчча тваё пра тое сведчыць». – «Усё гэта не варта i граша», – уставiў слова Рычарда.
   «За што, браце, ганiш? – спытаў, пачуўшы тое, Бава ў яго. – Не пажадаў бы я стрэцца з табой нi ў турнаi, нi ў бiтве на полi». – «Я ж быў бы не супраць выправiцца з табой на турнай» – сказаў Рычарда. «Тады я выстаўлю табе адну ўмову, – прапанаваў Бава, – але iншыя хай не б’юцца за гэта аб заклад: калi я цябе выб’ю з сядла – хай мае хлопцы аплююць тваiх, а калi ты выб’еш мяне – хай твае маiм зробяць тое ж». – «Добра кажаш», – пагадзiўся Рычарда.
   Назаўтра ўзброiлiся ўсе коннiкi-юнакi; i [Бава з Рычардам] кожны з свайго боку прывялi па сотнi коннiкаў. Пахапалi абодва гэтыя рыцары дзiды й кiнулiся адзiн да аднаго.

Бава выбiвае Рычарда з сядла

Стукнуў рыцар Бава Рычарда i адразу ж скiнуў яго з каня на зямлю. «Бачыце, на што здатны наш рыцар?» – спыталiся ў Рычардавых коннiкаў коннiкi Бавы. Але тыя прамаўчалi ў адказ. – «От каб зведаў ён майго мяча, што б ён рабiў?! – усклiкнуў Рычарда.- Мой меч не чакаў бы [ўдару] ягонага мяча». – «Рычардзе, паслухай, – кажа яму Бава, – ты зведаеш майго мяча не раней, чым я ад’еду ад места». Затым коннiкi зноў вярнулiся ў места. «Калi ж мы рушым ваяваць места Антонiю?» – спытаў Бава ў Тэрыза, узяўшы таго за руку. «Заўтра на першым свiтаннi, як пачне днець», – адказаў Тэрыз. Рычарда ж падняўся, агледзеў сябе i сваiх коннiкаў. А Бава ўзяў Тэрыза сабе ў таварышы. I рушылi ўсе да слаўнага места Антонii. (Гэтае места было добра вядома Баву.) Прыступiўшы да Антонii, пашыхтавалiся. А ў тым месце быў звычай: пакуль не мiнецца трэцяя частка дня, меставай брамы не расчыняць.

Бава забiрае статак

Калi ж прыйшоў час расчыняць браму, тады яе i расчынiлi i, апусцiўшы мост, выгналi з места ў поле вялiзны статак. Убачыўшы тое, выехаў Бава з лесу, адвярнуў статак i даручыў яго сваiм юнакам; юнакi адагналi статак.
   Дайшла тая вестка да Дадона. Моцна ён угневаўся i зараз жа заклаў латы й загадаў трубiць у рог. Адразу сабралася пятнаццаць тысяч конных латнiкаў, гетманам над якiмi быў Дан Албрыга. А Дадон, у латах, ад’ехаўся ад свайго войска далей, як на адлегласць стрэлу. Тут рыцар Бава вырашыў расказаць Тэрызу пра сябе праўду «Я, браце, рыцар Бава, – прызнаўся ён, паклiкаўшы Тэрыза блiжэй. – Пакажы мне, як пазнаеш сярод ваяроў, таго, хто загубiў нашага пана». Вельмi ўсцешыўся Тэрыз той навiне: «Браце, зараз табе яго пакажу: вось той, што едзе наперадзе, i ёсць Дадон, якi загубiў нашага добрага караля Гвiдона». – «Цi праўда гэта?» – засумняваўся Бава. «Так», – пацвердзiў Тэрыз. «Хай жа станецца з iм тое, што павiнна», – сказаў Бава. «Гэта вялiкае войска, мы не зможам процiстаяць яму», – мовiў Тэрыз. «Пакiнь тыя размовы, – адказаў Бава.- Зараз пабачыш, як пройдзецца па войску лiхога здраднiка Дадона мой меч. Я хутчэй памёр бы, як не стрэўся б з тым здраднiкам».

Бiтва Бавы з Дадонам

Зацугляў Бава каня, а дзiду ўзяў пад паху, як сапраўдны рыцар, ды пацэлiў Дадону ў пазалочаны шчыт; i прабiў шчыт, а дзiда прашыла латы навылёт, i пракалоў яго найдаўжэйшым, якi толькi быў, дроцiкам. I скiнуў Дадона з каня на зямлю. Падбеглi Дадонавы юнакi, паклалi яго на каня i паехалi следам. А рыцар Бава схапiў свой добры меч-глярэнцыю ды рубануў гетману Дан Албрыга па гелму, да самых зубоў рассекшы таму галаву мячом. Тэрыз усё тое бачыў i пахвалiў Баву. Бава ж прагнаў войска i паехаў да святога места Сiмяона.

Моцна занядужаў ад смяротнае раны Дадон. «Хто вылечыць мне гэтую рану, таму дам столькi золата, колькi захоча», – абвесцiў ён. Пачуў пра тое Бава ды кажа Сiмбалда: «Пайду я лекаваць Дадона, i вазьму з сабой Тэрыза». – «Як жа табе ўдасца тое зрабiць? – здiвiўся Сiмбалда.- Дадон жа пазнае Тэрыза ды загадае вас павесiць». – «Не турбуйся пра тое, – адказаў Бава.- Ведама мне такая трава, што нiводны чалавек не зможа нас пазнаць. Мы возьмем тую траву з сабо». Паклiкаў Бава Тэрыза: пайшлi яны ў пакой, абцерлiся абодва той травой i сталiся чарней за вугаль; затым зайшлi да Сiмбалда. Той жа глядзеў на iх i дзiвiўся, як яны змянiлiся: «Панове, можаце iсцi, бо нават я не магу адрознiць вас аднаго ад другога». – «Я цягам васьмi дзён буду лекаваць Дадона. Ты ж збяры стотысячнае войска – на восьмы дзень маеш стаяць з войскам пад Антонiяй. А як пачуеш, што трубяць у рог, стой напагатове пад брамай – давядзецца табе ўспамагчы мне ў месце», – сказаў Бава Сiмбалда. «Пане, – папрасiў той, – вазьмi з сабой гэты лiст, якi напiсаў я для цябе. Аддай яго Глiберту, майму брату, бо ён стаiць там брамнiкам». Бава ўзяў той лiст. Потым перапранулiся яны з Тэрызам у пiлiгрымаў. Бава прывязаў свой меч пад гуню, i рушылi яны ў Антонiю.
   Падышоўшы да меставай брамы, стрэлi яны Глiберта. Бава прывiтаўся. «Што вы за людзi?» – спытаўся Глiберт. «Мы – лекары з чужое зямлi, прыйшлi лекаваць Дадона», – адказаў Бава. «Не магу пусцiць вас у свой двор», – сказаў брамнiк. Тады Бава падаў яму лiст i мовiў: «Гэты лiст пасылае табе Сiмбалда». Узяў Глiберт лiст i вось што там прачытаў: «Той, хто падасць табе гэты лiст, – Бава, а другi – мой сын Тэрыз». Брамнiк адвёў iх у свой дом. Бава распавёў Глiберту ўсё пра iх з Сiмбалдам змову супраць Дадона.
   Вестка, што з’явiлiся знакамiтыя лекары, якiя могуць ацалiць раны Дадона, хутка разнеслася па месце. Пачуў пра тое i Дадон. Ён адразу ж паслаў па лекараў, i тыя прыйшлi. Убачыўшы Дадона, змянiўся Бава з твару i спалатнеў, як пупава28. Заўважыўшы гэта, Тэрыз не разгубiўся ды кажа: «Калi гэты лекар iдзе лекаваць раны, то баiцца стрэць у той момант жанчыну29. Па шляху да цябе сустоэўся ён з жанчынамi, дай iм Бог лiха!» – «Iдзеце ж, панове, дадому, а заўтра прыходзьце лекаваць», – сказала Дадонава жонка. Яны пайшлi. Убачыў iх Глiберт i выйшаў насустрач. Яны расказалi, як iм павялося i як бачылiся са здраднiкам Дадонам, якi сядзеў у пасцелi. На другi дзень пайшлi яны да Дадона. «З якога краю будзеце?» – пытаецца той у лекараў. «З крэпасцi, з места Момбрада», – адказалi Бава з Тэрызам. «Як зможаце мяне ацалiць, адважу вам золата», – паабяцаў Дадон. «Паслухай, Дадоне, – сказалi Бава i Тэрыз, аглядаючы рану, – той рыцар, што нанёс табе гэтую рану, думае пра тое, як цябе загубiць». – «Бог сведка: ты даеш мне зразумець, што я не ацалюся ад гэтае раны, але магу [яшчэ] адпомсцiць таму рыцару», – вырашыў Дадон.

Бава выганяе Дадона са свайго места Антонii

Тут паскiдалi Бава з Тэрызам свае гунi ды пахапалi мячы. «Дадон, подлы здраднiк!-моцна закрычаў Бава.- Я Бава, твой смяртэльны вораг! Ты забiў майго бацьку, я ж нанёс табе гэтую рану. Але цяпер я не ўдару цябе, бо гэта мацi мая падвучыла цябе забiць бацьку майго. Падымiся ж ды йдзi з майго места». Падняўся Дадон з пасцелi, а Бава затрубiў у рог. Тым часам падаспеў да места Сiмбалда з войскам. А Дадон узлез на каня i выехаў з места; Сiмбалда ж, наадварот, заехаў у места.

Бава заняў места i загадаў прывесцi сваю мацi. Калi тая з’явiлася, загадаў ён раскласцi вогнiшча i спалiць яе, або разарваць коньмi. «Не бяры на сябе гэтага вялiкага граху, – сказаў яму Сiмбалда.- Загадай замураваць яе мiж дзвюх сцен: няхай пакаецца ў сваiх грахах, хай падае на яе ўсялякая макрэча i слата i няхай гасiцца ейная пажада».

Пра смерць мацi Бавы

Бава зрабiў так, як параiў Сiмбалда: загадаў даваць мацi на дзень па тры яйкi, хлеб i крыху вады, каб змочваць вусны. Так, вiсячы мiж сцен, яна i сканала. Гэтак Бава здабыў роднае места Антонiю, адпомсцiў за смерць свайго бацькi i пазбавiў Дадона тых багаццяў, што мелiся ў месце.

Пакiнуўшы Антонiю, адчуў Дадон боль ад ранаў i выправiўся ў Францыю да караля Пiпiна30. Там ён паскардзiўся каралю, што рыцар Бава выгнаў яго з дзяржавы, i прасiў караля, каб той успамог, ды кароль усё не згаджаўся. Тады [Дадон] пачаў яшчэ больш прасiць. Даў яму Пiпiн трыццаць тысяч войска ў падмогу i сам паехаў разам. I рушылi яны на Антонiю.
   Прыйшоўшы да Антонii, загадалi кароль [Пiпiн] i Дадон напяць шатры; i выпалiў здраднiк Дадон усё перадмесце. Бава ўсё тое бачыў i дужа перажываў. «Дайце мне маю зброю i каня», – загадаў ён. Яму далi. Узброiўся Бава, ускочыў на каня, узяў шчыт i дзiду, зацугляў каня i паiмчаўся на Дадонава войска. А Сiмбалда i [сын] ягоны Тэрыз загадалi расчынiць вароты й апусцiць мост; з пятнаццаццю тысячамi войска рушылi яны з места.

Бiтва Бавы з Дадонам

Прыкмецiўшы Дадонаў штандар, зацугляў рыцар Бава каня i панёсся, як галодны леў. Наляцеў ён на аднаго i на другога, i павыбiваў iх з сёдлаў, а Дадону ўдарыў дзiдаю ў пазалочаны шчыт, прабiўшы навылёт латы. Пацэлiў ён Дадону пад сэрца i скiнуў яго на зямлю нежывога. Спраўдзiўшы, што Дадон не жыве, кiнуўся Бава ў гушчу войска; камукольвек наносiў удар – той трупам падаў на зямлю.

Бiтва Бавы з Пiпiнам

У бiтве сышоўся Бава i з каралём Пiпiнам: пацэлiў яму ў пазалочаны шчыт i прабiў шчыт. Але меў Пiпiн трывалыя латы, якiя яго ўсцераглi. Аднак Бава скiнуў Пiпiна з каня, i схапiлi яго рыцары.

Убачыў Бава, што Дадон памёр, а кароль Пiпiн схоплены i знаходзiцца ў ягоных руках, i павярнуў войска. (А звязанага караля павёў з сабою.) Заехаўшы ў места, зайшоў Бава ў палац i загадаў прывесцi караля. «Кароль Пiпiн, – звярнуўся да яго Бава, – вялiкi грэх на табе, i многа лiха прычынiў ты мне тым, што асадзiў мяне ў маiм месце ды павынiшчаў мае сёлы». – «Твая праўда, – пагадзiўся кароль. – Даю табе слова, бо iнакш i быць не можа, i прысягну на Евангеллi, што ад гэтага часу i давеку не пайду на тваю дзяржаву вайной». – «Як жа магу даць веры тваiм словам?» – спытаў Бава. «Я пакiну табе ў заклад свайго сына, i ты пачувацьмешся ў бяспецы», – прапанаваў кароль. «Загадай прывесцi яго», – мовiў Бава.
   Кароль выправiў па сына31 ў войска пасланца, з якiм пайшоў адзiн з месцiчаў32. Прыйшоўшы да каралевiча, перадалi яны каралеўскi загад. Разам з каралевiчам былi двое знакамiтых мужоў: адзiн – Салумон, якi iм апекаваўся, а другi – Гвiдон, якi яго навучаў; абодва пайшлi ў Антонiю разам з каралевiчам. Пасля iх прыходу кароль Пiпiн аддаў свайго сына ў заклад Баву, а сам, спытаўшыся ў Бавы дазволу, вярнуўся да свайго войска. Там ён распавёў, каб ведаў пра тое кожны, як памiрыўся з Бавой i як пакiнуў сына свайго пад апекай Бавы. А потым рушыў Пiпiн з войскам дамоў. Бава ж сабраў поўны двор рыцараў i юнакоў на добрых конях.
   Пачуў Бава, што Дружнена аб’явiлася ў Арменii й жыве пры двары бацькi свайго, караля Арменiла. А да Дружнены дайшлi весткi, што Бава вярнуўся ў сваё места Антонiю i пра тое, як папомсцiўся ён за смерць свайго бацькi. I [вырашыла Дружнена]: як не адшукае пана свайго Баву, то лепш ёй ужо памерцi. Зрабiла яна ўзвар з нейкае травы, намасцiлася iм i зрабiлася чорнай, што вугаль. Прыхапiла яна гуслi, а таксама золата i срэбра, колькi магла панесцi, ды, перапрануўшыся ў скамарошнiцу i забраўшы з сабой абодвух сыноў, пакiнула места. I пайшла па свеце: у местах грала на гуслях, а сыны скакалi (а было ўжо сынам па сем гадоў). Дзе б нi з’яўлялася яна, каго б нi страчала ў дарозе – не знайшлося таго, хто сказаў бы ёй благое слова. Людзi ўважалi шляхетную Дружнену высакароднай асобай, бо мела яна пекны твар33. А [iмя] сваё яна хавала, таму што за ёю, калi б адшукала Баву, было вялiкае каралеўства. Але вернемся тут да Бавы.
   Бава часта прыгадваў Дружнену. Аднойчы прыйшоў да яго пасланец з Сарацынскае зямлi34, з места Задонii, ад царэўны Малгарыi, дачкi цара-султана i сястры вялiкага Лукапера. Пасланец застаў Баву ў момант, калi той гуляў з адным рыцарам у шахматы i цешыў тым сваё сэрца. «Вiтаю цябе, Бава», – мовiў пасланец. «Вiтаю цябе, дружа. З якое ж зямлi ты прыйшоў?» – «Пане, я пасланец ад царэўны Малгарыi, дачкi цара-султана, якi трымаў цябе ў турме ў месце Задонii. Царэўна моцна цябе кахае. Зараз пад Задонiяй стаiць венгерскi кароль: хоча гвалтам узяць Малгарыю. Яна ж не ставiць яго нi за грош. А бацька ейны, цар-султан, памёр. Яна паслала да цябе па падмогу: прыгадай тую вялiкую дабрыню, якую выявiла яна да цябе, калi сядзеў ты ў турме пад час панавання ейнага бацькi. Паненка наша Малгарыя мае намер ахрысцiцца ў веру твайго Бога, а ты жанiся з ёю i станеш гаспадаром трыццацi двух мураваных местаў35». – «Панове, – рассмяяўшыся, мовiў Бава да прысутных, – што вы думаеце наконт гэтае справы? Збiраймася ды выпраўляймася туды, – а раптам зможам вызвалiць яе з той бяды?» – «Давайце падможам ёй з усiх сваiх сiл», – пагадзiўся Сiмбалда.
   Не марудзячы, выслаў рыцар Бава па ўсiх сваiх землях узброеных коннiкаў, i набралася пятнаццаць тысяч конных i сто тысяч пешых. Гетманам над iмi прызначылi Тэрыза. Рушыўшы з места Антонii, iшло войска два днi, i на трэцi дзень дайшло [да Задонii]. Убачыўшы ў полi войска, Бава рушыў проста на яго.

Бава перамагае венгерскае войска

Зразумеўшы, што не ўдасца iм процiстаяць Баву, разбеглiся воiны. Бава ж пагнаўся за iмi i ўсiх перабiў.

Падышоў ён да места Задонii i ўбачыў, што брамы расчынены. Увайшоўшы ў места, разам з усiмi сваiмi рыцарамi пайшоў Бава ў палац. Выйшла да iх паненка Малгарыя й пакорлiва падзякавала рыцару Баву. Бава загадаў усiм добрым людзям стаць у вялiкi круг. Потым ён паклiкаў бiскупа, загадаў ахрысцiць чароўную Малгарыю. I праз ейную прыгажосць не хацеў Бава змяняць ёй iмя, таму загадаў называць яе Малгарэтаю. I пачаў Бава рыхтавацца да вяселля, бо хацеў ажанiцца з Малгарэтаю. Акурат у той час i прыйшла ў места Задонiю Дружнена. Убачыла яна Баву: стаiць той на ганку, а побач – ягоныя рыцары i царэўна Малгарэта. Пачала Дружнена пекна граць на гуслях ды прыпяваць пра французскага караля i Баву Антонскага; а два ейныя сыны пачалi таньчыць. Да канца слухалi рыцары й юнакi, пра што яна спявала. А спявала яна пра пекную Дружнену i пра тое, як страцiў яе Бава ў прыстанi на беразе мора.
   Калi зразумеў Бава, пра што пяецца ў песнях, падышоў ён да Дружнены i спытаў: «Панi, скажы мне, што гэта за песнi?» Яна ж зноў пачала спяваць. «Не ў добры час давялося мне з’явiцца на свет, калi нейкая скамарошнiца, ходзячы па местах, спявае пра мяне i Дружнену», – падумаў Бава. А ўголас сказаў: «Панi, хадзi сюды, да нас: мы павiнны добра цябе пачаставаць i годна ўзнагародзiць». Пачуўшы тое, спынiла Дружнена гранне i пайшла на двор. А рыцары й юнакi моцна дзiвiлiся з таго, пра што яна казала, граючы на гуслях.
   Блiзiўся час абеду, i Дружнена ўвабрала абодвух сыноў у багатыя шаты. «Iдзеце да двара: як захоча той пан абмыць рукi, няхай адзiн з вас падасць яму ваду, а другi – ручнiк. Як сядзе ён за стол – станьце перад iм. Калi ж спытаецца ў вас, дзе ваш бацька, скажыце: «Не ведаем. Мы не бачылi яго ад самога свайго нараджэння i шукаем яго, ходзячы па чужых краях. З намi тут разам наша мацi, можам спытацца ў яе». Так навучыла [дзяцей].
   [За абедам] дзецi пасталi насупраць Бавы. Ён заўважыў iх i спытаўся ў Сiмбалда, якi сядзеў побач: «Цi не ведаеш ты, што гэта за дзецi?» – «Не ведаю, што за яны й адкуль», – адказаў той. Тады ўсе здзiвiлiся. «Дзецi, падыдзiце блiжэй, – загадаў Бава i спытаўся:- Адкуль вы?» – «Не можам нiчога сказаць на гэты конт. Не ведаем, хто наш бацька, – не бачылi яго ад самага нашага нараджэння. Але мацi нашай вядома, што завецца ён Бава з слаўнага места Антонii. Мы шукаем яго, ходзячы па чужых краях. Мацi ж наша – дачка арменскага караля, а завецца яна Дружненай», – адказалi дзецi.
   Пачуўшы i зразумеўшы ўсё сказанае дзецьмi, скочыў Бава праз стол i, падбегшы да сваiх дзяцей, пачаў цалаваць iх. I ад вялiкае любасцi прымлеў. «Сыночкi, я – той, каго вы шукаеце. А дзе ж ваша мацi? Дзеля Бога, скажыце мне!» – ачомаўшыся, усклiкнуў Бава. «Яна ля шатра», – сказаў Гвiдон. «Хадзем туды, дзе ваша мацi», – мовiў Бава. Дзецi пайшлi [наперад], а Бава – за iмi; а следам, пакiнуўшы на стале стравы – усе рыцары й юнакi. I прывялi iх дзецi да шатра, ля якога сядзела на зямлi Дружнена; а была яна чорная, што вугаль. «Вось наша мацi», – усклiкнулi дзецi, убачыўшы яе. «Хамы, вы жартуеце са мною!» – крыкнуў Бава i замахнуўся рукою, хочучы iх ударыць. Зразумеўшы гэта, падскочыла Дружнена i ўсклiкнула: «Пане, пачакай тут крыху! Панi ў iншым шатры, я скажу, каб яна выйшла». Зайшла яна ў iншы шацёр, абмыла чароўнай вадою твар i рукi й зноў стала гэткай жа прыгожай, як i раней. Увабралася яна ў вельмi багатыя, шытыя золатам шаты, усклала на галаву вельмi прыгожы вянок i сталася такой пекнай, як нiшто на свеце.
   Зайшоў Бава ў пакой i ўбачыў чароўны твар Дружнены. Барзджэй ён падбег да яе i з вялiкiм запалам пацалаваў. I доўга любiлiся яны мiж сабою, а потым пайшлi ў палац.
   Разляцелася па месце вестка, што аб’явiлася Дружнена. Пачуўшы [навiну], прыйшла Малгарыя ў палац i сустрэла там Баву з Дружненаю i дзецьмi. Абедзьве гэтыя панi вельмi ласкава павiталiся мiж сабою. «У добры час прыйшла ты, панi», – сказала Малгарыя Дружнене. Потым звярнулася яна да Бавы: «Валадару, прашу цябе, паколькi ўжо вярнулася да цябе панi Дружнена, выдай мяне за аднаго з тваiх высакародных рыцараў, якi зможа насiць годнасць рыцара i добрую зброю, якi зможа ўтрымаць карону майго царства i трыццаць два месты, што падначальвалiся бацьку майму цару-султану». – «Я магу зрабiць тое хоць зараз, – адказаў Бава i паклiкаў Тэрыза. I мовiў яму: – Хачу я, каб ты ажанiўся з паннай Малгарыяй». З вялiкай удзячнасцю прыняў рыцар Тэрыз Малгарыю i зрабiўся гаспадаром усёй ейнае дзяржавы.
   Пасля ажанiўся Бава з паннай Дружненай. I была з такой прычыны вялiкая радасць, а рыцары танцавалi. Пакуль не пакiнулi места, весялiлiся рыцар Бава з Дружненай, iх сыны i ўсё войска. А з места Задонii рушылi ўсе на сваю Бацькаўшчыну, у места Антонiю. Там таксама была вялiкая радасць з той прычыны, што Бава злучыўся са сваёй паняй i з дзецьмi.
   Юнакi, што служылi Баве, раз’ехалiся кожны да свайго дому. А рыцар Бава жыў з Дружненай i сынамi у вялiкай славе i магутнасцi. З вялiкай ласкi й любовi пасвяцiў ён абодвух сваiх сыноў у рыцары, i кожнаму з iх даў па сотнi годных конных рыцараў. А перад смерцю назваў ён таго свайго сына, iмя якому было Гвiдон, каралём, а таго, iмя якога было Сiмбалда, – вялiкiм князем. Жывучы ў гэткай моцы, былi тыя конныя й збройныя рыцары адважнымi, i ва ўсiх навакольных землях баялiся iх i служылi iм, бо яны мелi вялiкую годнасць i рыцарства.
   А Тэрызу ў Задонii, у Сарацынскай зямлi, даў Бог сына ад царэўны Малгарыi. Назвалi яго Гвiдонам, i быў ён вялiкiм валадаром. Потым у Гвiдона нарадзiўся сын, якога [ў гонар] дзеда назвалi Тэрызам. Мацi таго Тэрыза была Спэра.
   На тым заканчваецца аповесць пра Баву.

КАМЕНТАР

Пераклад аповесцi на старабеларускую мову, магчыма, з незахаванай сербскай крынiцы, быў зроблены на Наваградчыне ў шляхецкiм асяродку ў 80-ых гадах XVI ст. Рукапiс аповесцi захоўваецца ў складзе т. зв. Пазнанскага зборнiка ў Бiблiятэцы Рачыньскiх у Познанi [MS. 94, арк. 129-171]. Пераклад аповесцi на сучасную беларускую мову зроблены па згаданым рукапiсу.

 
   1...iмя якой было Мератрыса – Ужыванне iмя Мератрыса побач з Бландоя сведчыць пра тое, што перакладчык для свайго кампiлятыўнага твора скарыстаў некалькi крынiц.
 
   2Антонiя – старажытная назва iтальянскага горада Вальтэры.

 
   3...а той спытаўся: «Адважны чалавеча..». – Ва Удзiнскiм рукапiсе на гэтым месцы стаiць слова valeto, «пан», якое перакладчык, вiдаць, зблытаў з valente, «мужны, адважны».

 
   4 Машталерам – г. зн. конюхам.

 
   5 Вышэй гаворка вялася пра 60 дзяўчын.

 
   6 ...i загадала трубiць у рог – Гук з рога азначаў пачатак i канец турнiру; пасля гэтага любая бiтва i двубоi памiж рыцарамi лiчылiся незаконнымi.

 
   7 Тут i далей у падобных выпадках – у рукапiсе надпiс на палях.

 
   8 ...i харошага гальскага каня – У сярэднявечнай Еўропе высока цанiлiся конi арабскай i французскай [гальскай] пароды.

 
   9 ...дам я табе добры меч-глярэнцыю – Гэта меч Ciarenza iтальянскiх раманаў, правобраз усходнеславянскага меча-кладзянца.

 
   10 ...якi належаў высакароднаму Алiўе – Маецца на ўвазе Алiўе з «Песнi пра Раланда», верны сябра героя паэмы:
                        Разумны Алiўе, Раланд адважны.
                        I ў мужнасцi адзiн другому роўны.


 
   11 Я маю права пасвяцiць у рыцары – Правам пасвячэння ў рыцары валодалi толькi шляхетныя асобы, пераважна каралi i члены iхнiх сем’яў. Перад пасвячэннем прэтэндэнт меўся паведамiць сюзерэну пра сябе праўдзiвыя звесткi i правесцi ў малiтвах ноч у царкве.

 
   12 Завушнiца ўручалася рыцару на знак таго, што ён ужо мае даму сэрца, у iмя якое павiнен здзяйсняць подзвiгi. Сказаныя Дружненаю словы – фрагмент рытуальнай формулы.

 
   13...i прымi веру Магамета, Бога майго – У Сярэднявеччы для хрысцiянаў, якiя траплялi ў магаметанскi палон, прыняцце iсламу было абавязковаю ўмоваю захавання iм жыцця.

 
   14 ...а яны ж былi ў латах! – Вага поўнага ўзбраення рыцара [латы, гелм, дзiда, меч] дасягала некалькiх дзесяткаў кiлаграмаў.

 
   15 ...пакiнуўшы Баву свайго пад’ездка... – У iтальянскiх крынiцах у гэтым месцы ўжытае слова mul.
   16  Задонiя – скажоная назва сярэднявечнага горада Сiдона [зараз – Сайда ў Лiване].

 
   17 ...нi за грош не ставiць цябе – У iтальянскiх тэкстах тут ужыта слова dinar.

 
   18 ...i не мецьму яго», – падумала яна i пайшла ў свой пакой. – У старабеларускiм тэксце: «... и не буду его мети у своеи коморе. И пошла от него» Перакладчык не зразумеў iтальянскай фразы i перанёс знак прыпынку: «Po’nolo poro may rescatar. Ala soa camara ela indrio torna».

 
   19 I ў iмя выбаўлення гандляры зрабiлi так... – Выбаўленне адзiнаверца з палону лiчылася ў Сярэднявеччы для хрысцiянiна вялiкай заслугаю.

 
   20 Балванец – Ва Удзiнскiм тэксце тут besanti, bisanti; бiзант – вiзантыйская залатая манета, якая ў Сярэднявеччы мела хаджэнне па ўсёй Еўропе.

 
   21 Плылi мы па моры, i ўсе загiнулi... – Алюзii на адзiн з крыжовых паходаў у Святую Зямлю.

 
   22 ...i зброю ягоную везла з сабою... – Пасля смерцi рыцара дама ягонага сэрца павiнна была як найвялiкшую рэлiквiю захоўваць зброю абраннiка свайго сэрца.

 
   23 Гаворка iдзе пра 12 вучняў Хрыста, апосталаў.

 
   24 Вучань Хрыста Юда lскарыёт, якi выдаў яго за 30 срэбранiкаў.

 
   25 Калi Логвiн... – Маецца на ўвазе соцкi Лангiн, якi прымаў удзел у пакараннi Хрыста. Калi капля Хрыстовай крывi ўпала яму на вочы, Лангiну адкрылася праўда хрысцiянскага вучэння.

 
   26 Памылка перакладчыка: iтальянскае слова castello, «замак», перададзена як уласная назва горада.

 
   27 Радзiначка – У iтальянскiх тэкстах тут ужываецца слова cuxina, «дваюродная сястра».

 
   28 ...спалатнеў, як пупава  – Падобнае слова зараз сустракаецца толькi ў славацкай мове: pupava, «адуванчык».

 
   29 ...баiцца сустрэць у той момант жанчыну. – Распаўсюджаная прымха, звязаная з тым, што жанчына лiчылася нячыстай; да таго ж, яна магла аказацца ведзьмаю.

 
   30 Пiпiн – вядома некалькi асобаў з такiм iмем: франкскiя маёрдомы VII i VIII стст. Пiпiн i Пiпiн Герастальскi, а таксама Пiпiн Кароткi [714-768 гг.].

 
   31 Я пакiну табе ў заклад свайго сына... – Iтальянскi тэкст падае ягонае iмя: Karlo.

 
   32...з якiм пайшоў адзiн з месцiчаў. – Iмя Pitadin iтальянскiх тэкстаў перакладчык прачытаў як Citadin, «месцiч».

 
   33 Недарэчнасць перакладу, зважаючы на тое, што раней Дружнена замазала свой твар.

 
   34 Сарацынская зямля – землi Блiзкага Усходу, паўночнае Афрыкi, заселеныя арабамi i наогул мусульманамi; пазней так называлiся i турэцкiя землi ў Малой Азii.

 
   35 ...станеш гаспадаром трыццацi двух мураваных местаў... – Вышэй iшла гаворка пра 30 мураваных гарадоў.
   
         
   

© 2002 Пераклад са старабеларускай мовы
Алеся Бразгунова